Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гандляваць з Расеяй закладнікамі — даволі рызыкоўны экспэрымэнт»


Хадайніцтва адвакатаў пра спыненьне крымінальнай справы ў дачыненьні да расейскіх грамадзян Івана Гапонава і Арцёма Брэуса адхілена. Пра гэта паведамілі прадстаўнікам пасольства Расіі ў сьледчым упраўленьні ГУУС Менгарвыканкаму. Як заявіў БелаПАН дарадца расейскага пасольства Вадзім Гусеў, «складваецца ўражаньне, што лёс арыштаваных расіян ужо вырашаны, яшчэ да суду. Мяркуючы па усім, беларускі бок настойліва вядзе справу да таго, каб зладзіць над расіянамі паказальны судовы працэс, што мы лічым недапушчальным». Ці можна адзначыць палітычныя матывы ў зьняволеньні двух грамадзянаў Расеі? Чаму беларускія ўлады настойліва трымаюць іх за кратамі? На гэтыя пытаньні адказвае публіцыст Аляксандар Класкоўскі.


Цыганкоў: Неаднаразовыя заявы расейскага боку на розных узроўнях засьведчылі, што Расея вельмі заклапочаная тым, што двух расейскіх грамадзянаў трымаюць за кратамі ў справе падзеяў 19 сьнежня. Чаму, ведаючы, што гэтая сытуацыя азмрочвае беларуска-расейскія адносіны, Менск упарта не жадае вызваляць расейскіх грамадзянаў?

Класкоўскі: Тут можа граць ролю і эмацыйны момант, але працуе і цьвярозы погляд, лёгіка ўтрыманьня палітычных закладнікаў. Бо ўжо былі прэцэдэнты, калі афіцыйны Менск даволі ўдала гандляваў такім «таварам», — праўда, гэта было з Захадам. Але з Расеяй — гэта новы і дастаткова рызыкоўны экспэрымэнт.

Заявы Мядзьведзева і Лаўрова гучаць даволі пагрозьліва. Тым болей, што хоць гэта ўпакавана ў клопат пра правы чалавека, насамрэч закранутыя дзяржаўныя амбіцыі Расеі: «як гэта, трымаюць нашых грамадзянаў за кратамі, прапускаюць міма вушэй нашыя грозныя заявы? Мы гэта так ня спусьцім». Я думаю, што гэта дастаткова рызыкоўная гульня з боку Менску.

Цыганкоў: А якімі матывамі можа патлумачыць гэтую рызыкоўную гульню? Ці хочуць улады прадставіць гэтых двух грамадзянаў Расеі як сьведчаньне «расейскага сьледу» ў падзеях 19 сьнежня ці дапушчальна нейкая іншая вэрсія?
Выпусьці гэтых, тады трэба выпускаць і астатніх, бо і іхняя справа шытая белымі ніткамі..


Класкоўскі: Што тычыцца «расейскага сьледу», то зараз гэтая вэрсія ня ў модзе. Мы бачым, як пасьля сустрэчы Лукашэнкі з Мядзьведзевым 9 сьнежня ўлады цьвердзілі, што пэўныя кандыдаты праплачаныя Масквой, а тут раптам яны сталі агентамі Польшчы і Нямеччыны. У любым выпадку гэтыя двое грамадзян Расеі ня цягнуць на нейкіх арганізатараў. Яны трапілі «пад раздачу» падчас зачысткі плошчы, і зрабіць зь іх нейкіх буйных фігур, стратэгаў «перавароту» не атрымаецца.

Таму, мне здаецца, тут працуе іншая лёгіка — выпусьці гэтых, тады трэба выпускаць і астатніх, бо і іхняя справа шытая белымі ніткамі. Я думаю, улады вытрымліваюць паўзу як толькі можна, каб не паказацца слабым. Зараз ідзе фаза застрашваньня, і яна будзе доўжыцца, наколькі гэта магчыма — але потым надыдзе фаза палітычнага торгу. Але зноў жа, нагадаю, што з Расеяй вельмі небясьпечна перагуляць.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG