Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца. Укладальнік Ірына Дубянецкая. Менск, “Тэхналёгія”, 2010
Мой сьпіс ачольвае кніга “Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца”. Больш за тое, я гатовы вылучыць яе наперад усяго, што пабачыла сьвет у 2010-м. Інакш кажучы, я без каліўца сумневу лічу яе Кнігай году. Герой гэтага шыкоўнага, багата ілюстраванага і з густам аформленнага фаліянту – грэка-каталіцкі сьвятар, славуты айцец Аляксандар Надсан, усе славутасьці якога і да ночы не пералічыш. Хаця кніга зусім не пра яго, а толькі яму ў гонар прысьвечаная ста аўтарамі з чатырнаццаці краінаў сьвету, матэрыялы якіх і склалі яе разнастайны і надзвычай багаты зьмест.
Але акрамя айца Надсана ёсьць ў гэтага выданьня яшчэ адзін герой, конгеніяльны загалоўнаму. Гэта доктар тэалёгіі і доктар філязофіі Ірына Дубянецкая. Менавіта яна прыдумала такім чынам ушанаваць унікальную постаць вялікага беларуса і не пашкадавала тры з паловай гады свайго жыцьця, каб на сьвет з’явілася кніга “Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца”.
Гонар вам – сонечныя людзі!
Валер Карбалевіч. Александар Лукашенко. Политический портрет. Масква, «Партизан», 2010
Калі кіравацца законам бінарных апазіцый, дык наступнай будзе слушна згадаць кнігу пра Аляксандра Лукашэнку. Для Валеры Карбалевіча ягоны герой – злы геній беларускага народу, хаця ў геніальнасці аўтар яму і адмаўляе, спрабуючы зьвесці кожны рытарычны прыём ці ўчынак Лукашэнкі да барацьбы за пэрсанальную ўладу.
Праца Карбалевіча (720 старонак шчыльнага тэкста) ўражвае аб’ёмам скарыстанага матэрыялу з мэдыйнага архіву і бязьлітаснай жорсткасьцю ў ацэнках дзейнасьці беларускага прэзыдэнта, аднак пры гэтым яна эмацыйна стрыманая і карэктная. Але асабіста мяне ў гэтай кнізе ці не найбольш вабіць яе белітрыстычнасьць. Кніга чытаецца як удалы дэтэктыў, ад якога цяжка адсланіцца. І прычынай таму ня толькі адметны стыль ды напружаная драматургія. Як у адной хоць і боскай, але зусім не весёлай камэдыі Вергілій вадзіў Дантэ па колах пекла, так і аўтар “Палітычнага партрэту” вяртае нас у наша мінулае і водзіць па ўсіх колах палітычнага пекла, у якім мы ўжо 17 год гарым сінім полымем. Гэтае відовішча ня толькі ўражвае, але і зачароўвае – ці не іррацыяналізмам таго, што і як з намі адбываецца. Але можа найперш тым, што вусьцішнае мінулае выразна люструе нам наша палітычнае будучае.
Чарльз Дыкенс, Олівэр Твіст. Пераклад Яўгена Балясіна. Менск, “Галіяфы”, 2010
Калі я ўжо пачаў гуляцца з апазыцыямі, дык у прамежку паміж сьвятлом і змрокам “Олівер Твіст” Чарльза Дыкенса, здаецца, будзе ў самы раз. Гісторыя беспрытульнага хлопчыка, які ў злачынным чэраве вялізнага горада здолеў захаваць маральную цноту, некалі ўсхвалявала ўвесь цывілізаваны сьвет. Але цяпер клясыку ХІХ стагодзьдзя мала чытаюць і яшчэ меней перакладаюць. Таму, пэўна, не адзін я быў уражаны, калі даведаўся, што гэты знаны твор выдадзены па-беларуску ды яшчэ з арыгінальнымі малюнкамі Анатоля Тадорскага. Дадало ўвагі і тое, што перакладчык не з сталічнай тусоўкі – Яўген Балясін жыве ў Берасьці. А мяне гэткае заўсёды цешыць, бо няма нічога добрага ў тым, што амаль усё наша літаратурнае жыцьцё сканцэнтраванае ў Менску.
Дарэчы, пераклад Яўгена Балясіна мне моцна спадабаўся.
Макс Шчур. Амальгама. Менск, выдавец І.Логвінаў, 2010
Герой гэтага сюжэту таксама з Берасьця. Толькі ў родным горадзе ён ня быў ужо вельмі даўно. Бо пасьля таго, як cклаў вершаваную п’есу “Сьмерць тырана”, вымушаны быў схавацца ў эміграцыю. Там ён пераклаў “Алісу ў краіне цудаў”, стварыў шэраг бліскучых інтэлектуальных эсэ, выдаў грунтоўны збор сваіх вершаў (“Раньні збор”), напісаў раман “Там, дзе нас няма”... Аднак пры гэтым яго мала хто ведае нават сярод заўзятараў беларускай літаратуры. Ня ўпэўнены, што знанасьць Макса Шчура значна пашырыцца і пасьля выхаду кнігі новых вершаў “Амальгама”. Рэч у тым, што ягоная паэзія ня столькі для чытача, колькі для вытанчанага калекцыянэра паэзіі. У бліскучай прадмове да зборніка Ігар Бабкоў характарызуе яе наступным чынам: “Макс Шчур – паэт тонкі і геамэтрычны. Хочацца нават сказаць пра паэтычнае піфагарэйства, альхімію лічбы...”.
Мне трохі шкада, што аднаму з самых цікавых сучасных літаратараў і надалей наканавана заставацца як бы ў прыцемках. Але хіба каштоўны камень губляе сваю каштоўнасьць ад таго, што яго мала хто бачыць?
Артур Клінаў. Шалом. Ваенны раман. Менск, выдавец І.Логвінаў, 2010
Сёлета беларуская проза падвысілася цэлым шэрагам раманаў, сярод якіх мяне найперш зацікавілі “Замак з крапівы” З. Вішнёва, “П’яўка” Ю. Станкевіча і “Шалом” А. Клінава. Я тут запыню ўвагу толькі на апошнім і перадусім таму, што разам з гэтым раманам ў нас стала на аднаго празаіка болей.
Мастак Артур Клінаў ярка заявіў пра сябе як пра літаратара “Малой падарожнай кніжыцай”, у якой удала спалучыў дзіцячыя ўспаміны з інтэлектальнымі рэфлексіямі. Але гэта была яшчэ не зусім проза. А вось “Шалом” – ужо сапраўдны раман, які ў эўрапейскай літаратуры калісьці жанрава пазначаўся як “авантурны”. Праўда, у Клінава авантуры героя паходзяць ня столькі з яго характарў, колькі з фантасмагарычнасьці той сытуацыі, у якой ён апынуўся. Аднойчы насунуўшы на галаву медны “кайзэраўскі” шалом, герой рамана ня здолеў яго зьняць і паехаў ў ім з Нямеччыны праз Польшчу да хаты ў Беларусь. Натуральна, з гэтай сваёй адметнасьці ён займеў мноства апрычоных канфліктаў ды адмысловых прыгодаў, якія і арганізуюць сюжэт твора...
Не заглыбляючыся далей у сутву кнігі, заўважу толькі, што ў Клінава выявіўся не абы-які літаратурны стыль. А гэта і ёсьць першаснай характарыстыкай сапраўднага празаіка.