Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Ландсбергіс лічыць, што А.Лукашэнку нехта падставіў


Беларускаму кіраўніку Аляксандру Лукашэнку невыгодная напружаная сытуацыя, якая склалася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, сказаў у сераду дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Вітаўтас Ландсбергіс.

Вядомы палітык цьвердзіць, што на працэсы ў Беларусі можа ўплываць “нехта іншы”, аднак не згадаў, каго ён мае на ўвазе.

“Уся гэтая сытуацыя, тое, што адбылося – цалкам невыгодна Лукашэнку. Або ён зусім звар‘яцеў, або ён і ня быў вельмі разумным, хоць часам здаваўся хітрым. Наўрад ці гэта ўсё адбываецца паводле ягонага пляну. Можа быць, што плянуе нехта іншы, хто таксама ня любіць Лукашэнку і хацеў бы яго зьнішчыць”, - заявіў Ландсбергіс на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі ў Вільні.

В.Ландсбергіс, які ў 1990-1992 гадах быў кіраўніком Літвы, сказаў, што ня ўпэўнены, што ўвесь беларускі КДБ служыць Лукашэнку.

На выказанае Станіславам Шушкевічам, які таксама ўдзельнічаў у сустрэчы, меркаваньне, што Эўразьвяз разам з Расеяй мог бы пашукаць рашэньняў у дачыненьні да Лукашэнкі, Ландсбергіс зазначыў, што маскоўскае кіраўніцтва таксама недэмакратычнае.

“Я скептычна разглядаю магчымасьць глядзець на Пуціна як на станоўчага дзеяча, які б мог вырашыць праблему з Лукашэнкам на карысьць дэмакратыі і справядлівасьці. Падобных рухаў не назіраецца ў самой Расеі”, - заявіў Ландсбергіс.

Ён запрапанаваў, каб сустрэча, якая адбывалася ў рамках парлямэнцкіх слуханьняў, прыняла рэзалюцыю з патрабаваньнем вызваліць Уладзімера Някляева. Паводле яго, гэта мог бы быць пачатак у намаганьнях вызваліць і іншых былых кандыдатаў.

Сябра соймавага камітэту замежных справаў Пятрас Аўштравічус падчас дыскусіі выказаў зьдзіўленьне, чаму міністар замежных справаў Літвы не далучыўся да супольнай заявы сваіх калегаў зь Нямеччыны, Швэцыі, Польшчы і Чэхіі, якія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі назвалі несправядлівымі і недэмакратычнымі і асудзілі рэжым Лукашэнкі.

“Нам ня варта далей займацца самападманам, бо некаторыя палітыкі жывуць у іншай рэчаіснасьці. Я вельмі шкадую, што сярод чатырох міністраў замежных справаў не было літоўскага міністра”, - заявіў Аўштравічус. Дэпутат Сойму, кансэрватар Мантас Адаменас папрасіў у прадстаўнікоў Беларусі прабачэньня за некампэтэнтных літоўскіх назіральнікаў на выбарах і за падтрымку Лукашэнкі з боку прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайце.

“Я хачу папрасіць прабачэньня за нашу прэзыдэнтку, якая, як вядома, цалкам некарэктна выказала сваю падтрымку Лукашэнку. Думаю, што яна сама папросіць прабачэньня ў вашага народу”, - сказаў М.Адаменас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG