Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У няволі, але не ў самоце


Інтэрнэт-супольнасьць працягвае аказваць і каардынаваць дапамогу вязьням, якія адбываюць пакараньне за ўдзел у акцыях на плошчы Незалежнасьці ў Менску, а таксама асуджаным да выплаты значных штрафаў. Між тым, бракуе валянтэраў, каб развозіць сабраныя перадачы і рэчы для арыштаваных.

Адна з каардынатарак нацыянальнай акцыі салідарнасьці – блогерка Дар'я Ліс са Смаргоншчыны. Зь ёй пагутарыў Ігар Карней.

Блогеры аднымі зь першых адрэагавалі на масавыя затрыманьні ў Менску 19 і 20 сьнежня. Дар'я Ліс расказвае, што збор дапамогі быў распачаты адразу ж:

Дар'я Ліс
"У аўторак 21 сьнежня мне патэлефанавалі знаёмыя блогеркі Адэлька і Бурбалка і прапанавалі паспрыяць ім каардынаваць дапамогу несправядліва арыштаваным у Беларусі. Усім, хто трапіў у бяду (будзем шчыра казаць). Я была ў тэме, у праблеме, і пачала каардынаваць працу ў інтэрнэце. Такім чынам, дзяўчаты езьдзілі па судах, а я сядзела дома, адказвала на тэлефанаваньні, тлумачыла па наяўнай інфармацыі, каго пасадзілі, куды можна везьці перадачы, як дапамога зьбіраецца, што прымаецца, а што – не. Інфармацыя была супярэчлівая, пастаянна зьмянялася і мы стараліся дапамагчы: хтосьці ў Менску, хтосьці ў Залесьсі, хтосьці ў іншых рэгіёнах".

Тэрміны мінімальных адміністрацыйных арыштаў пачыналіся ад 10 сутак, а гэта значыць, што першыя зьняволеныя пачнуць выходзіць на волю пад самы Новы год. Апроч таго, людзям выпісвалі істотныя штрафы. Не адпадае і небясьпека звальненьня з працы ці выключэньня з ВНУ:

"Дапамога застаецца актуальнай. Людзі па-ранейшаму арыштаваныя, на многіх вісяць штрафы і незразумела, як яны будуць выплачвацца. Магчыма, шмат каго выключаць з унівэрсытэтаў за ўдзел у мірным пратэсьце на Плошчы, у многіх будуць праблемы на працы. Яшчэ ў большай колькасьці элемэнтарна ня будзе сродкаў дажыць да заробку, няма грошай на тэлефонным рахунку. І дапамога ўсіх беларусаў надзвычай запатрабаваная. Наогул, я верніца і перакананая, што патрэбна дапамагаць людзям, якія трапілі ў складаную сытуацыю. У сваім жыцьці я намагаюся па магчымасьці так рабіць заўсёды, і вось гэта адна з такіх сытуацый, у якую трапіла і я, і многія-многія людзі ў нашай краіне".

Карэспандэнт: "Прапановы якога кшталту ідуць – грашовая, рэчамі, харчаваньнем?".
Беларусы з усяго сьвету (і, дарэчы, ня толькі беларусы, тыя ж расейцы таксама) дапамагаюць людзям, якія цяпер у бядзе ...

"Патрэбны былі ад самага пачатку і рэчы, і грошы – ну, хаця б, каб развозіць перадачы на таксоўцы. Таму што кіроўцаў з машынамі было ня так і шмат. Цяпер грошы патрэбныя на матэрыяльную дапамогу людзям. Цешыць, што беларусы адгукаюцца з усіх куткоў – з Даніі, Швэцыі, Расеі, Канады, ЗША, нават Аўстраліі. І гэта здорава, бо адчуваецца беларуская салідарнасьць. Беларусы з усяго сьвету (і, дарэчы, ня толькі беларусы, тыя ж расейцы таксама) дапамагаюць людзям, якія цяпер у бядзе. Вось якраз у гэтым сэнс акцыі дапамогі арыштаваным, затрыманым людзям".

Пра якую колькасьць тых, хто адгукнуўся, можна казаць? Дар'я Ліс паведаміла, што толькі яна можа апэляваць да сотні ці нават болей асобаў. Але ж насамрэч такіх нашмат больш:

"Думаю, што сотня – гэта дакладна. І гэта толькі тое, што я ведаю адносна свайго сэктару ў інтэрнэце і размоваў праз тэлефон. А яшчэ ёсьць людзі, якія наўпрост ішлі ва Ўправу БНФ і якія таксама зьбіралі рэчы, прадукты, якія прыносілі грошы, каб закупіць усё самае неабходнае. Таму адгукаецца людзей вельмі шмат. Гэта ўжо сапраўды агульнанацыянальная акцыя дапамогі тым людзям, якія трапілі ў бяду. Што да грашовай дапамогі, то гэта канкрэтная дапамога канкрэтных людзей канкрэтным пацярпелым. Ёсьць рахункі, якія далі актывісты гэтай кампаніі, на якія можна пералічыць грошы. Гэта справа выключна добраахвотная. І я магу запэўніць, што ўсе гэтыя грошы пойдуць менавіта на тую ці іншую дапамогу людзям".

Ініцыятары акцыі заклікаюць больш актыўна адгукацца валянтэраў, якія маглі б узяць на сябе цяжар развозу па вязьніцах рэчаў і харчаваньня, сабранага неабыякавымі людзьмі. Але заклапочвае і тое, што адміністрацыі турэмных установаў не заўсёды ідуць насустрач:

"Дык уявіце колькі людзей! Канечне, будзе блытаніна. Да таго ж, яны самі напалохаліся, гэтыя турэмшчыкі, колькі на іх галаву звалілася працы. А папераў колькі?!".

Акцыя ў дапамогу затрыманым падчас падзеяў на Плошчы будзе працягнутая да таго часу, пакуль у турмах будуць заставацца палітвязьні. У інтэрнэце распачатая яшчэ адна акцыя дапамогі арыштаваным "Анёл-храніцель". На сайце http://help.roh-roh.net можна ня толькі прапанаваць стаць анёлам для кожнага асуджанага (дапамога з аўтамабілем для дастаўкі перадачаў, сустрэча ля турмы пасьля адбываньня пакараньня, лекі і грошы для хворых і пацярпелых), але і знайсьці самую апошнюю інфармацыю пра месца знаходжаньня асуджаных і іх надзённыя патрэбы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG