Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Датэрміновае галасаваньне зроблена для зручнасьці маніпуляцыяў"


На папярэднім галасаваньні і непасрэдна 19 сьнежня назіраньне за выбарамі ажыцьцяўлялі дзьве грамадзкія кампаніі — "За справядлівыя выбары — 2010" і "Праваабаронцы — за свабодныя выбары". І папярэднія высновы, і тэндэнцыі, і лічбы, якія агучылі на прэсавых канфэрэнцыях кіраўнікі кампаній Сяргей Калякін, Алег Гулак і Валянцін Стэфановіч, супалі.

Усе назіральнікі адзначаюць масавае выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу для забесьпячэньня датэрміновага галасаваньня. Сяргей Калякін кажа:

"Факты прымусу выбарцаў галасаваць датэрмінова зафіксаваны назіральнікамі кампаніі на 14 участках. У першую чаргу галасаваць датэрмінова прымушалі студэнтаў, вайскоўцаў, міліцыянтаў, работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый".

Па інфармацыі назіральніка А.Кубарава 15 сьнежня на ўчастак №19 Ленінскага раёну Менску выкладчыца прывяла групу студэнтаў пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя М.Танка і па сьпісе адзначала прагаласаваўшых. І такіх прыкладаў — дзясяткі. Праваабаронца Алег Гулак, сустаршыня кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" падсумоўвае:

"10,5% назіральнікаў былі сьведкамі непасрэдна на ўчастках для галасаваньня прыкметаў прымусовага галасаваньня. Для прыкладу, выбарцы прасілі выдаць даведкі пра тое, што яны прагаласавалі, ці непасрэдна на ўчастак прыходзілі начальнікі, куратары ВНУ, прыводзілі сваіх падначаленых і кантралявалі галасаваньне".

У інтэрнаце Гомельскага мэдычнага ўнівэрсытэту з 603 студэнтаў датэрмінова прагаласавалі 423 — 70%, а рэкорд зафіксаваны ў Лінгвістычным унівэрсытэце — 80% студэнтаў прагаласавала датэрмінова.

Назіральнікі адзначаюць, што не маглі кругласутачна прысутнічаць на выбарчых участках падчас датэрміновага галасаваньня, кажуць таксама пра адсутнасьць рэглямэнтацыі працэдураў захаваньня скрыняў, апячатваньня пакояў, кажа Валянцін Стэфановіч:

"Вялікую нашу занепакоенасьць выклікае тое, што ЦВК не прапісала ніякім чынам, як павінны ахоўвацца памяшканьні, у якіх знаходзяцца скрыні зь бюлетэнямі. Магчымасьць доступу ў памяшканьні для пэўнага кола асобаў спрошчаная. Назіральнікі вельмі часта ўказвалі на тое, што супрацоўнікі міліцыі заставаліся на ноч ня проста ў будынку, дзе знаходзіцца ўчастак, а ў памяшканьні, у якім знаходзяцца скрыні і бюлетэні для галасаваньня".

Ніяк не прапісана і тое, дзе сябры камісіі павінны знаходзіцца падчас перапынку на абед і пасьля закрыцьця ўчастку, заўважае Валянцін Стэфановіч.

"Вельмі шмат выпадкаў, калі назіральнікі кажуць, што камісія зачынялася ў памяшканьні для галасаваньня ў абедзены перапынак і нікуды не сыходзіла. Назіральнікаў, канечне, пры гэтым выдалялі. Аб тым, што там рабілася, мы можам толькі здагадвацца".

На многіх выбарчых участках не была забясьпечана гарантыя захаванасьці бюлетэняў. Сяргей Калякін распавёў:

"Напрыклад, на ўчастку №9 Першамайскага раёну, №№ 43, 44 Ленінскага раёну Менску, №12 Сьветлагорску, №42 Віцебску, №7 Наваполацку, №2 Мядзелу скрыня для датэрміновага галасаваньня была апячатаная такім чынам, што заставаліся шчыліны для магчымага ўкідваньня бюлетэняў. Па паведамленьні назіральніка М.Гарачкі, на ўчастку №15 Ленінскага раёну сталіцы на скрыні плястылінаваная пячатка не трымаецца".

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч што да датэрміновага галасаваньня, робіць такую выснову:

"Я лічу, што ў нас датэрміновае галасаваньне створана не дзеля зручнасьці грамадзянаў, як кажа спадарыня Ярмошына, а для зручнасьці маніпуляцыяў".

Што тычыцца назіраньня ў дзень галасаваньня, уся інтрыга будзе ў тым, ці змогуць назіральнікі сачыць за падлікам галасоў. Назіральніца Валянціна Сьвяцкая наведала трэнінг для старшыняў участковых камісіяў Маскоўскага раёну і распавяла, чаму там вучылі:

"Спадары назіральнікі будуць знаходзіцца на адлегласьці 10 мэтраў ад сталоў, дзе будзе весьціся падлік бюлетэняў. Што тычыцца мэтодыкі падліку, яна будзе ажыцьцяўляцца наступным чынам: сябры камісіі будуць падлічваць кожны свой стос, як інструктавалася ў Маскоўскім раёне. Ніякіх лічбаў яны агучваць ня будуць, і так званыя "бегункі" падліку галасоў яны будуць перадаваць старшыні камісіі моўчкі. Старшыня сам будзе падлічваць, нікому нічога не паведамляючы, і потым усе лічбы будуць вывешаны на выніковым пратаколе на выбарчым участку".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG