Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: БРСМаўцы спрабавалі сарваць сустрэчу зь Някляевым


Выступае Ўладзімер Някляеў.
Выступае Ўладзімер Някляеў.
13 сьнежня кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў праводзіў агітацыйны сход у культурна-дзелавым цэнтры «Першамайскі» ў Віцебску. Некалькі маладых людзей спачатку выкрыквалі зь месца правакацыйныя рэплікі, а потым зладзілі паказальны дэмарш — выйшлі з залі нібыта на знак пратэсту. Але пасьлядоўнікаў у іх не знайшлося.

Сустрэча з Уладзімерам Някляевым пачалася а 18-й і праходзіла ў непрыстасаваным памяшканьні: хоць культурна-дзелавы цэнтар быў адмыслова вызначаны ўладамі для сустрэч з выбарцамі, амаль палова крэслаў была няспраўнай — у іх былі толькі сьпінкі, а сядзець не было на чым.

У той палове залі, дзе крэслы былі нармальныя, сядзела з два дзЯсяткі маладых людзей, якія распачалі спрэчку з кандыдатам. Пачалося з таго, што нейкі маладзён задаў пытаньне, навошта паэт ідзе ў палітыку. Адказ Някляева пра тое, што мастацтва, і паэзія ў прыватнасьці, ня можа выправіць сытуацыю ў краіне, хлопца не задаволіў. Ен пачаў гучна казаць, што кожны мусіць займацца сваёй справай. Яго падтрымалі аднадумцы з БРСМу — пачалі крычаць, што Уладзімер Някляеў злачынца, бо заклікае людзей ладзіць несанкцыянаваную акцыю на Кастрычніцкай плошчы — штурхае іх на верагодную бойку зь міліцыяй.

Хлопцаў спрабавалі супакойваць, але яны заявілі, што пакідаюць сход на знак пратэсту. Пасьлядоўнікаў у іх не знайшлося: іншыя гледачы, якія дасюль стаялі, з задавальненьнем занялі вызваленыя месцы.

Усяго на сустрэчы было каля трохсот чалавек. Праўда, некаторыя прысутныя, каму месцаў не хапіла, ня вытрымалі і сышлі да канца сустрэчы.

Заля вялікая, а сесьці няма дзе.

Пытаньняў да Уладзімера Някляева было шмат. Пыталіся пра тое, адкуль возьмуцца грошы на «мацярынскі капітал» для падтрымкі нараджальнасьці, пра тое, ці будзе лепш фінансавацца фундамэнтальнай навука, і ці ня будзе новы прэзыдэнт у выпадку абраньня зноў і зноў рэфармаваць школьную адукацыю.

Нехта задаў пытаньне пра датэрміновае галасаваньне — маўляў, на яго гоняць гвалтам. Уладзімер Някляеў паабяцаў падтрымку тым, хто пацерпіць за тое, што «ухіліўся» — у першую чаргу студэнцкай моладзі. Адказнасьць за сутыкненьні зь міліцыяй, на думку кандыдата, мусіць узяць на сябе беларускі ўрад — бо сутычак і боек на плошчы ніхто не плянуе. «Мы выйдзем туды, каб проста прадэманстраваць сваю пазыцыю», — сказаў Уладзімер Някляеў.
Пытаньні задавалі да тае пары, пакуль адміністрацыя будынка не прыгразіла, што адключыць у залі сьвятло. Напрыкнцы віцебская самадзейная мастачка Лілія Іванова падаравала Някляеву свой твор — карціну з салёнага цеста. Спадарыня Іванова сказала, што гэта ўжо традыцыйны падарунак апазыцыйнаму кандыдату: творы, выкананыя ў той самай тэхніцы, яна ўжо ўручала Яраславу Раманчуку і Андрэю Саньнікаву.

Сустрэча скончылася ў пачатку на дзевятую вечара. Пры канцы Ўладзімер Някляеў ўсе ж «выкраіў» некалькі хвілін, каб падпісаць ахвотным свае кнігі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG