Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы Алесь Пушкін


Алесь Пушкін
Алесь Пушкін
Сёньня а 15:45 у сваім доме ў вёсцы Бобр Крупскага раёну быў арыштаваны мастак і палітычны актывіст апазыцыі Алесь Пушкін. Пра гэта паведаміла «Свабодзе» яго жонка.

«Прыехала група міліцыянтаў на чале з опэрупаўнаважаным крымінальнага вышуку Крупскага РАУС маёрам Андрэем Андрэйкавым. Яны „скруцілі“ мужа і гвалтам вывезьлі яго з дому».

Па словах спадарыні Яніны, сёньня да Пушкіна прыйшоў мясцовы валацуга, які брыдка лаяўся і правакаваў яе мужа на бойку.

Пасьля таго, як «нязваны госьць» пакінуў двор прыватнай сядзібы, прымчаліся міліцыянты. Яны сьцьвярджаюць, што атрымалі заяву на нібыта ўчыненую Алесем Пушкіным бойку.

А 16:20 дзяжурны Крупскага РАУС заявіў, што «Алеся Пушкіна ў яго аддзеле няма. Нам яго яшчэ не прывозілі».

Спадарыня Яніна не сумняваецца, што супраць Алеся Пушкіна арганізавалі чарговую правакацыю. Сапраўднай прычынай для затрыманьня, на яе думку, можа быць ультыматум, напісаны Алесем да мясцовага кіраўніцтва.

Справа ў тым, што мастак ужо колькі год дамагаецца, каб кіраўніцтва пасялковага савету добраўпарадкавала дарогу на вуліцы Горнай у мястэчку Бобр, дзе жыве сям’я Пушкіных. У пасялковым савеце неаднаразова абяцалі ўсе зрабіць, але сытуацыя засталася ранейшая. Таму мастак напісаў, што дае ўладам тэрмін да 19 сьнежня, каб зрабіць абяцанае. Інакш ён будзе вымушаны паведаміць у дзяржаўныя і незалежныя СМІ, што ў органах мясцовай улады працуюць ілжывыя людзі, якія не выконваюць сваіх абяцаньняў.

Таксама на знак пратэсту ён абвясьціў пра свой намер 19 сьнежня спыніць міжнародны цягнік Бэрлін—Саратаў, маршрут якога праходзіць праз станцыю Бобр.

Суразмоўніца нагадвае, што падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў Алесь Пушкін таксама быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак арышту. Тым самым ён быў пазбаўлены магчымасьці ўдзельнічаць у палітычных акцыях апазыцыі.

Як паведамляе сайт «Хартыя'97», у РУУС на Алеся Пушкіна склалі два пратаколы — па артыкулам «хуліганства» ды «непарадпадкаваньне дзеяньням супрацоўнікаў міліцыі». Да суду, які прызначаны на 9 сьнежня, мастака пакінулі пад вартай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG