Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Імітацыя выбараў — усё ж лепей, чым нічога"


Наш слухач падзяліўся сваім меркаваньнем наконт часу выступаў кандыдатаў па радыё.

"Жыву ў раёне "хрушчовак", дзе жывуць людзі пажылога ўзросту. Сёньня выйшаў у двор, зь якога відаць вокны васьмі дамоў. На гадзіньніку было 6:30, гэта час выступленьня кандыдатаў у прэзыдэнты. Сярод соцень цёмных вокнаў сьвятло гарэла толькі ў адзінкавых. Пераважна ўсё пажылое насельніцтва ў гэты час сьпіць. А ўвечары, з 19-й да 20-й — час сэрыялаў, зь якімі ўжо зжыліся, ня хочацца прапусьціць ніводнай сэрыі.

Думаю, што час выступу кандыдатаў па радыё выбраны ўладай вельмі ўдала, за свой электарат яна можа не турбавацца".

Слухачы па-рознаму ацэньваюць выступы кандыдатаў. Адным усё падабаецца, іншыя выказваюць крытычныя заўвагі.

"Прайшло выступленьне Віктара Цярэшчанкі. Намагалася разабрацца ў графіках, дэфолтах, валавым прадукце -- нічога не зразумела. Пасьля дайшло: гэта не для народу, а, хутчэй, магчымасьць зьвярнуць увагу вышэйшых людзей на гэты эканамічны цуд, які можа зрабіць толькі ён. Калі сусед па купэ папрасіў Эйнштэйна патлумачыць, што такое тэорыя адноснасьці, той спытаў: "Тры валаскі на галаве — гэта многа ці мала?" — "Мала", — сказаў сусед. — "А ў супе — гэта многа?" Вось так проста. А што, сяляне ды жыхары вёсак змаглі разабрацца ў гэтых графіках? Вядома, не".

Іншая наша слухачка, паглядзеўшы выступы кандыдатаў, прыйшла да высновы, што чым больш кандыдатаў, тым лепш.

"А ўсё ж такі добра, што багата кандыдатаў. Выбары — гэта фарс, а выступы кандыдатаў глядзець цікава. Вось быў бы адзін кандыдат, выступіў бы — і ніхто б яго не заўважыў. А так яны ўсё ж дзесяць дзён запар выступаюць па тэлевізіі, па радыё, і ў вас на онлайн-канфэрэнцыях. Хаця выбараў няма, а імітацыя выбараў — усё ж лепей, чым нічога.

А сёньня спадабаўся Яраслаў Раманчук, ну проста малайчына! Так добра трымаўся, вельмі пісьменна пабудаваны ягоны выступ. Цярэшчанка таксама спадабаўся. Хаця я ня ўсё зразумела ў эканоміцы і, можа, не з усім згодная, але ж усё адно было слухаць цікава. Асабліва калі ён другі раз падкрэсьліў, што будзе скасавана праклятая кантрактная сыстэма.

Яшчэ хачу сказаць, што спадару Статкевічу варта было рабіць увесь выступ па-беларуску. А астатніх я пакуль што не глядзела, хоць мне вельмі хвалілі Саньнікава, Кастусёва, Рымашэўскага".

Гэтыя званкі камэнтуе палітык Вінцук Вячорка:

Вінцук Вячорка
"Людзі цешацца, пабачыўшы некага іншага, акрамя Лукашэнкі, на экране. Думаю, што гэтая радасьць не павінна мець прамога дачыненьня да прэзыдэнцкай кампаніі.

Гэта папросту пацьвярджае, што ў Беларусі няма свабодных мэдыяў, што калі б яны былі свабодныя або напалову свабодныя, то яны мусілі б зважаць на існаваньне некага ў гэтай краіне яшчэ, акрамя Лукашэнкі, і ня толькі падчас прэзыдэнцкіх выбараў, а і ўвесь час зважаць на тое, што ёсьць палітыкі, ёсьць палітычныя сілы, розныя партыі, якія маюць свае погляды, маюць разумных або ня надта людзей, мясцовых нацыянальных лідэраў, нешта робяць канкрэтнае, дапамагаюць у канфліктах людзям або не дапамагаюць — што таксама асьвятлялася б свабоднымі мэдыямі, якія ёсьць найлепшым грамадзкім кантралёрам".

Наш слухач лічыць, што кандыдатам мала казаць пра сваю праграму, трэба казаць і пра сваю каманду, калі яна ёсьць.

"Уважліва слухаю выступы кандыдатаў. Гавораць пра праграму, ніхто не гаворыць амаль пра сваю каманду. Для мяне вельмі важна, якая праграма і якая каманда. Хацелася б, калі вы будзеце яшчэ задаваць пытаньні кандыдатам, каб было пытаньне: хто ў вашай камандзе?"

Вы слухалі "Званкі на Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG