Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь возьме ўдзел у нарадзе ўдзельнікаў “Усходняга партнэрства” ў Брусэлі


23 лістапада ў Брусэлі адбудзецца чарговая штогадовая нарада міністраў замежных спраў краін — удзельніц ініцыятывы ЭЗ "Усходняе партнэрства".

Як паведаміў 18 лістапада на брыфінгу прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, беларуская дэлегацыя на чале з намесьнікам міністра замежных спраў Валерыем Варанецкім прадставіць свае прапановы і пазыцыю па далейшым разьвіцьці ініцыятывы "Ўсходняе партнэрства".

Паводле яго слоў, "асаблівую ўвагу беларускі бок прапануе сфакусаваць на актывізацыі праектнай дзейнасьці і стварэньні эканамічнага вымярэньня — Усходняга форуму разьвіцьця, а таксама на зьмястоўным напаўненьні маючага адбыцца саміту “Ўсходняга партнэрства”, які пройдзе ў траўні 2011 году ў Будапэшце".

Праграма знаходжаньня беларускай дэлегацыі прадугледжвае таксама шэраг двухбаковых сустрэч Варанецкага з прадстаўнікамі органаў Эўразьвязу, кіраўніцтвам зьнешнепалітычных ведамстваў эўрапейскіх краін. Падчас гэтых сустрэч будуць абмяркоўвацца актуальныя пытаньні супрацоўніцтва на двухбаковым узроўні і ў кантэксьце адносінаў Беларусі і ЭЗ, паведаміў прэс-сакратар.

Старшынстваваць на пасяджэньні ў Бруселі будзе вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі, віцэ-старшыня Эўракамісіі Кэтрын Эштан.

Удзельнікамі ініцыятывы "Ўсходняе партнэрства" зьяўляюцца 27 краін — членаў ЭЗ, кіруючыя органы Эўразьвязу, а таксама Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG