Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць праектаў “Усходняга партнэрства” скарачаецца


Сёньня ў рэзыдэнцыі «Заслаўе» пад Менскам прайшла сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі, Літвы і Ўкраіны. Перамовы вяліся па двух кірунках: у трохбаковым фармаце, найперш абмяркоўвалі супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы Эўразьвязу «Усходняе партнэрства». Акрамя таго міністры размаўлялі і пра двухбаковыя дачыненьні.

Сяргей Мартынаў
Колькасьць супольных праектаў, якія тры краіны хочуць прасоўваць у рамках «Усходняга партнэрства», будзе скарочаная. Пра гэта паведаміў міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў пасьля завяршэньня сустрэчы. Іх застанецца ад чатырох да сямі і ня болей.

У першым варыянце, які распрацавалі летась, такіх праектаў налічвалася каля дваццаці. Беларускі міністар, праўда, паабяцаў, што і астатнія паспрабуюць ажыцьцявіць. Але тут усё залежыць, ці хопіць для гэтага фінансаў. Якім дакладна праектам будзе аддадзены прыярытэт, пакуль невядома.

Менавіта гэта моцна непакоіць сьпікера Форуму грамадзянскай супольнасьці ініцыятывы «Усходняе партнэрства» Сяргея Мацкевіча:

«Увогуле тэарэтычна любая праграма ў межах „Усходняга партнэрства“ павінна быць на карысьць Беларусі. Таму што задэкляраваныя ў ёй мэты скіраваныя на набліжэньне Беларусі да эўрапейскіх стандартаў у розных галінах. І таму мы, канечне, вітаем любыя такія спробы двухбаковых ці шматбаковых праграмаў у межах „Усходняга партнэрства“.

Але нас турбуе, што гэтая інфармацыя закрытая. Тое, што беларускі ўрад ёй ня дзеліцца, можна зразумець — тут яшчэ не прызвычаіліся да іншых варункаў працы. Але, на жаль, мы не атрымліваем інфармацыю пра праекты і ад украінскіх і нават літоўскіх калег. Таму нягледзячы на добрыя прадэкляраваныя мэты — паляпшэньне мэнэджмэнту на мяжы, удасканаленьне транспартнай сыстэмы ды іншае, мы баімся, што калі інфармацыя пра праекты ня будзе ісьці ў адкрытую публічную прастору, то гэта створыць вялікае поле для карупцыі і выкарыстаньня сродкаў не па прызначэньні».

Канстанцін Грышчанка
Украінскі міністар Канстанцін Грышчанка сказаў журналістам, што сёньня абмяркоўваліся ня толькі пэрспэктыўныя праекты, але і тыя, якія ўжо рэалізуюцца. І тут узьнікаюць цікавыя прапановыя. Як прыклад спадар Грышчанка назваў магчымае падаўжэньне маршруту кантэйнэрнага цягніка «Вікінг» на Турэччыну і Блізкі Ўсход.

Паводле Сяргея Мартынава, двухбаковыя дачыненьні паміж трыма краінамі «разьвіваюцца зьмястоўна і пасьпяхова». Аднак гэтае вызначэньне прыходзіць у супярэчаньне з рэальнымі справамі. Так, напрыклад, беларускі бок дагэтуль не падпісвае пагадненьне пра спрошчанае перасячэньне дзяржаўнай мяжы жыхарамі памежных рэгіёнаў Беларусі і Літвы. Літоўскі бок сваю згоду на падпісаньне даў яшчэ ў верасьні мінулага году.

Цяпер жыхар Беларусі, які жыве ў 50-кілямэтровай зоне ад дзяржаўнай мяжы, і які паехаў у Літву, можа там наагул не рэгістравацца. А літовец у аналягічнай сытуацыі мусіць абавязкова зарэгістравацца, калі ён знаходзіцца ў Беларусі больш за 30 дзён. Цяпер жа Беларусь прапануе скараціць гэты тэрмін да 5 працоўных дзён.

«Але ж такі падыход яшчэ больш пагаршае становішча маіх землякоў» — гаворыць дацэнт Інстытуту міжнародных дачыненьняў у Вільні Томас Янелюніс:

«Сутнасьць памежнага пагадненьня ў тым, каб палепшыць умовы як аднаму боку, так і другому. Гэта найперш робіцца для звычайных жыхароў, якім прасьцей будзе езьдзіць адзін да аднаго, то бок перасякаць мяжу без абмежаваньняў. Я магу ўявіць, зь якіх прычынаў беларускі бок высоўвае свае патрабаваньні. Магчыма гэта робіцца дзеля падвышэньня кантролю за турыстамі і грамадзянамі Літвы, якія маюць гіпатэтычна нейкія сувязі зь беларускай апазыцыяй.

Аўдронус Ажубаліс
Але хачу зьвярнуць увагу — нашы прапановы прыносяць выгоду і беларусам. Мы ж пакрысе адчыняем мяжу ня толькі Літвы, але і ўсяго Эўразьвязу. І калі літоўскі бок паляпшае ўмовы, то гэта, я думаю, павінна станоўча паўплываць на ўсё — павелічэньне турызму і на паляпшэньне ўмоваў знаходжаньня беларускіх грамадзянаў на тэрыторыі Эўрапейскага Зьвязу».

Сёньня пасьля двухбаковай сустрэчы з Сяргеем Мартынавым міністар замежных спраў Літвы Аўдронус Ажубаліс сказаў журналістам, што цяпер ён глядзіць на вырашэньне гэтага пытаньня «з пэўным аптымізмам». Праўда, абодва міністры не назвалі канкрэтнай даты, калі пагадненьне можа быць падпісанае.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG