Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні палёт гімнасткі


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».



Лічыцца, што ў сучасным каханьні прагматызму нязьмерна больш, чым рамантызму. Ці ёсьць у Вашым пісьменьніцкім «запасе» гісторыі, каб абвергнуць гэтую сумную выснову?

Віялета, 17 гадоў


Зусім нядаўна я прачытаў раман сёлетняга нобэлеўскага ляўрэата Марыё Варгаса Льёсы «Прыгоды дрэннай дзеўчынёшкі», які называюць «сагай пра каханьне ХХ стагодзьдзя». Вось там, скажу вам, гэтых самых рамантызму з прагматызмам — мора бязьмежнае, прычым у самых складаных канфігурацыях. Бывае, цяжка ўцяміць, дзе адно, а дзе другое.

Але гісторыю каханьня льёсаўскага Рыкарда Самакурсія ды ягонай «чылійкі», як і іншыя прыклады з сучаснай сусьветнай літаратуры, маючы ахвоту, вы без праблемаў адшукаеце й самі.

Калі мець на ўвазе мае ўласныя «доказы», то некаторыя зь іх таксама можна знайсьці ўва ўжо надрукаваных тэкстах, пераказваць якія ня бачу сэнсу.

Хіба што зраблю адно выключэньне, бо той аповяд быў напісаны яшчэ за некалькі гадоў да вашага, Віялета, нараджэньня і ад таго часу ні разу не перавыдаваўся. У інтэрнэце яго таксама няма.

У некалькіх словах гісторыя такая. У вагоне-рэстаране транссыбірскага цягніка адзін беларускі хлопец пазнаёміўся з такой самай маладой пасажыркай. Строіў зь сябе неардынарную асобу, але знаёмства, па сутнасьці, так і не адбылося. Дзяўчына хацела, каб ён адгадаў ейнае імя, а ў яго не атрымалася. Ці, можа, яна хацела захаваць incognito. Але каля купэ дазволіла сябе пацалаваць. І ўначы на нейкай станцыі сышла. Ну, а ён падумаў: ат, такога цьвету па ўсяму сьвету… А затым штосьці ў душы замкнула…

І хлопец пачаў прыяжджаць улетку ў той гарадок, дзе яна выйшла зь цягніка. Спыняўся ў латыша-бакеншчыка, які застаўся пасьля высылкі ў Сыбіры. Жыў тыдзень і шукаў сваю дзяўчыну. Я спаткаўся зь ім, калі, пахаваўшы тату, даганяў наш сыбірскі будатрад. Закаханы (кажу гэта без усякай іроніі) ехаў да бакеншчыка ўжо чацьверты раз і разгаварыўся, убачыўшы ў мяне беларускі часопіс. Памятаю яшчэ фразу — нэ нем галва (не бяры да галавы). Так яго стары латыш супакойваў.

Вось вам рамантычная гісторыя, працягу якой ня ведаю. А цяпер будзе такая, для якой азначэньне прыдумаць цяжка. Рамантычная? Прагматычная? Мэлядраматычная? Напэўна, страшная. У жыцьці ж бываюць ня толькі рамантызм ды прагматызм.

Выкладчыца ангельскай мовы Алена, у мінулым майстар спорту па гімнастыцы, мела аднапакаёўку на апошнім паверсе стандартнага дзевяціпавярховіка на менскай вуліцы Жудро. Жыла там адна. Праўдзівей, з трансцэндэнтальным барабашкам, які — сам аднаго разу чуў — раз-пораз выразна пастукваў у вэнтыляцыйнай шахце, пасылаючы нейкія папярэджаньні з свайго паралельнага сьвету.

Алена расла сіратой і не хавала ад знаёмых, што пакутуе ад адзіноты. А тады раптам уся засьвяцілася — як верасьнёвая бярэзінка ў ельніку. Ейны абраньнік Ільля, таксама ўнівэрсытэцкі выкладчык, быў крыху старэйшы, гадоў пад сорак. Пару разоў я сустракаў іх у горадзе: ішлі, трымаючыся за рукі, і нікога вакол не заўважалі. Але аднойчы ідылія чамусьці парушылася. Ён некалькі дзён не званіў, не адказваў, і Алена вырашыла, што тэлефон ужо не загаворыць ягоным голасам ніколі.

Калі Ільля затэлефанаваў, не адгукалася ўжо яна — зноў і зноў. Прыехаўшы, даведаўся, што колькі дзён таму Алену пахавалі. Яна паднялася на дах, села на самы край і засьпявала — суседзі сьпярша падумалі, што на гаўбцы. А потым разагналася, як некалі на гімнастычнай трэніроўцы, і паляцела… Ільля запытаўся, што сьпявала. Высьветлілася, што ягоную ўлюбёную песьню.

Трэцюю гісторыю расказваць ня буду. Паспрабую зрабіць гэта пазьней, у апавяданьні. Абяцаю, што твор будзе жыцьцесьцьвярджальным.

Кахайце, Віялета! Самае сумнае — гэта не тады, калі вас не кахаюць, а калі нікога не кахаеце вы.


УСЕ ТЭКСТЫ СЭРЫІ «ПАКУЛЬ ЛЯЦІЦЬ СТРАЛА»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG