Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Менск, а ня Мінск


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».



Уладзімер Аляксеевіч, чаму Вы ўпарта кажаце і пішаце ня Мінск, а Менск? Гэта, па-першае, ненатуральна, а па-другое, напэўна, ня так ужо і прынцыпова. Пагадзіцеся, што жывем мы з Вамі і яшчэ з двума мільёнамі беларусаў усё ж у Мінску. Навошта трымацца за архаічную форму?

Тацяна Лявонцьеўна Палякова


У маёй хатняй бібліятэцы набярэцца дзясяткі тры кніг, дзе на тытуле пазначана, што яны выпушчаныя ў сьвет у Менску. Адразу падкрэсьлю: гаворка ідзе не пра канец ХХ — пачатак ХХІ стагодзьдзя (такіх выданьняў у мяне сотні), а пра 1920—1930-я гады. Пагадзіцеся, што часы ня самыя архаічныя. Відаць, для кагосьці сказанае будзе адкрыцьцём, між тым горад тады афіцыйна менаваўся якраз Менскам. Гэтую назву можна прачытаць на тагачасных дакумэнтах і фатаздымках, убачыць у кінахроніцы, сустрэць у музэйных аўтографах нашых літаратурных клясыкаў.

Уявіце сабе, што сотні тысяч людзей жылі ў Менску амаль да сярэдзіны мінулага стагодзьдзя (бо ў пэрыяд нямецкай акупацыі назва вярнулася) і нічога ненатуральнага тут ня бачылі.

Чаму? Ды таму, што з сваіх дзевяці з гакам вякоў летапіснай гісторыі сем з гакам нашая цяперашняя сталіца называлася менавіта Менскам.

Калі на нейкай імпрэзе з нагоды «дня гораду» ў 2007-м з вуснаў старшыні гарвыканкаму гучала, што «940 лет назад был основан наш красавец Минск», мяне душыў рогат, бо тады горад быў не заснаваны, а спалены ды разбураны (з гэтым і зьвязаная першая згадка ў летапісе). Але, апрача таго, я памятаў, што войскі кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча з хаўрусьнікамі ўчынілі тое якраз зь Менскам. У «Аповесьці мінулых гадоў» чорным па белым напісана, што яны, «совокупивши вои... придоша ко Менску».

Магдэбургскае права на самакіраваньне ў 1499-м атрымліваў таксама Менск.

І праз гадоў дзьвесьце, калі Сімяон Полацкі адчыняў другую ўва ўсёй Масковіі друкарню (у нашай дзяржаве, дарэчы, на той час аналягічных прадпрыемстваў было 134), суседзі выдатна ведалі, што Менск — гэта Менск. Сядзелі сабе пісцы па сваіх маскоўскіх прыказах і, быццам нанятыя Зянонам Пазьняком з кампаніяй, страчылі: Менск, Менск, Менск... Калі ня верыце, пагартайце выдадзены ў 1972 годзе зборнік пра даўнейшую інтэграцыю — «Русско-белорусские связи во 2-й половине XVII века».

Аднак пры канцы таго самага XVII стагодзьдзя, калі беларуская мова страціла ў Вялікім Княстве Літоўскім функцыі дзяржаўнай і ў гэтай якасьці яе замяніла польская, назву Менск перарабілі на польскі капыл — Мінск. Паколькі ў Рэчы Паспалітай, куды ўваходзіла Княства, адзін Мінск ужо быў (Міньск-Мазавецкі), наш пачалі менаваць Мінскам-Літоўскім. Польскі назоў захавалі пасьля падзелаў дзяржавы і расейскія калянізатары.

Калі нехта не дае мне веры, што «Мінск» — гэта па-польску, раю знайсьці ў часопісе «Slavia Orientalis» артыкул на гэтую тэму польскай славісткі з эўрапейскім імем Антаніны Абрэмбскай-Яблонскай.

Стваральнікі Беларускай Народнай Рэспублікі назоў аднавілі. «Айцы» БССР узялі зь іх прыклад і тут супроць свайго, роднага не пайшлі. Так доўжылася да сьнежня 1939 году, калі даўгія рукі бальшавікоў дацягнуліся й да «Менску». Небясьпечнае сваёй сувязьзю з фэўдальнай мінуўшчынай і недабітай нацдэмаўшчынай е замянілі на надзейнае і. Праўда, кнігі з ранейшым назовам «Менск» на тытуле працягвалі выходзіць і ў 1940-м...

Можа, нехта камфортна пачуваецца ў Мінску. А вось мне ўтульней у Менску. І ня толькі мне. Да прыкладу, Лявону Вольскаму. Ён нават песьню пра гэта напісаў.

А па Менску прыемна шпацыраваць.
Дробных крамак вітрыны ўтульна гараць,
Там гатычныя вежы касьцёлаў старых,
Там дахоўка і брук, там двары і муры...

А ў тым Мінску прапіска і гарвыканкам,
І лядовы палац, і бэтонны паркан...

Дарэчы, пра гарвыканкам. Мала хто памятае, што прапановы вярнуць сталіцы спрадвечную назву гучалі на досьвітку незалежнасьці на сэсіях Менскага гарсавету. Гарадзкая газэта тых багаславёных гадоў «Добры вечар» выходзіла, калі ня здраджвае памяць, менавіта ў Менску.

Мы жывем у іншыя часы, аднак... Шмат якія мае кніжкі ў Мінску друкаваць не хацелі, а ў Менску яны выйшлі. А ўчора прыйшла пошта, і на трох капэртах у адрасе — Менск. Ну, дапусьцім, у адсталым Лёс-Анжэлесе пра пастанову 1939 году маглі проста ня ведаць. А ў Расонах і вёсцы Багданаўцы Лунінецкага раёну?.. А там, відаць, ужо забыліся.

І заўважу, што ў аддзяленьні сувязі «памылку» даўно не выпраўляюць, як рабіла некалі легендарная ўжо паштарка Надзя зь Серабранкі, што ня ўмела прачытаць ў і называла мяне Арлой.

Хтосьці, можа, зь мяне й пасьмяецца, ды я па-ранейшаму застаюся жыць у Менску.


УСЕ ТЭКСТЫ СЭРЫІ «ПАКУЛЬ ЛЯЦІЦЬ СТРАЛА»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG