Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лошыцы адбыліся шэсьце і мітынг на “Дзяды”


Сябры партыі КХП БНФ правялі шэсьце і мітынг у Лошыцы, прымеркаваныя да дня памяці продкаў "Дзяды". Удзел у іх прынялі актывісты партыі і многія неабыякавыя людзі, у тым ліку значная частка моладзі.

Удзельнікі "Дзядоў" у Лошыцы традыцыйна сабраліся каля дому культуры "Лошыцкі". Затым некалькі дзесяткаў чалавек пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і з малітоўнымі сьпевамі распачалі шэсьце. Сярод прысутных былі людзі сталага веку і шмат моладзі:

Спадар: “Мяне завуць Сьцябуля Ігар, на "Дзяды" я хаджу больш за 10 гадоў, бо для мяне – гэта памяць продкаў”.

Карэспандэнтка: "З кім вы прыйшлі сюды?"

Спадарыня: "З унучкай. Прыйшлі ў Лошыцу на "Дзяды", каб ушанаваць памяць беларусаў, закатаваных расейскім НКВД. Сёлета ўнучка таксама пажадала пайсьці і вось – нясе сьцяг усю дарогу”.

Карэспандэнтка: "Што ведаеце пры Лошыцу?"

Юнак: "Што Лошыца, як і іншыя месцы Менску і Беларусі, месца памяці аб людзях, закатаваных за тое, што яны былі беларусамі. Гэта мэмарыял, куды мы і прыйшлі, каб ушанаваць іх памяць".

Падчас жалобнага мітынгу каля крыжа "Ахвярам бальшавіцкага тэрору" у Лошыцкім яры сябра партыі Валеры Буйвал нагадаў гісторыю 20-30-х гадоў, калі ў колішняй княскай сядзібе ў Лошыцы бальшавікі катавалі, а затым забівалі ў лошыцкім яры ні ў чым не павінных людзей:

"З Хрыстовай праўдай мы прыйшлі на гэтае месца, дзе расстрэльвалі ахвяраў расейскага тэрору ў Беларусі. Сёньня мы ўзгадваем нашых Дзядоў ня толькі ў Лошыцы і Курапатах, але закатаваных па ўсёй Беларусі і на шырокіх абшарай расейскай імпэрыі. Памяць пра нашых святых Дзядоў заўсёды будзе з намі".

Сакратар партыі Алесь Чахольскі ў сваім выступе падкрэсьліў, што нашчадкі тых катаў пры ўладзе і сёньня. Што менавіта іх рукамі дэмакратычным сілам падрыхтаваны "падарунак" да бальшавіцкага сьвята 7 лістапада: у Курапатах зламана 38 крыжоў:

"У Курапатах зьдзейсьнена чарговае злачынства: зламана 38 крыжоў. Гэта ня проста так – гэта знак".

Выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юры Беленькі заклікаў прысутных ня ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах.

"Зараз рэжым ладзіць чарговы спэктакль пад назвай "прэзыдэнцкія выбары". Дыктатар дагаварыўся ўжо да таго, што дае загад які адсотак галасоў за яго напісаць. Нельга ісьці туды, дзе адбываецца махлярства.

На завяршэньне імпрэзы яе ўдзельнікі ўсклалі бел-чырвона-белыя кветкі і запалілі сьвечкі да крыжа Ахвярам бальшавіцкага тэрору, а таксама прасьпявалі малітоўны гімн "Магутны Божа".




Юрась Беленькі з аднапартыйцамі.




Удзельнікі ўшаноўваюць памяць забітых у Лошыцы.


Прамаўляе Валеры Буйвал.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG