Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле даходаў Беларусь на ўзроўні Уругваю


Сёньня апублікаваны вынікі дасьледаваньня экспэртаў Праграмы разьвіцьця ААН. Беларусь увайшла ў групу краінаў з высокім узроўнем разьвіцьця чалавечага патэнцыялу і заняла 61-е месца са 169. З бліжэйшых суседзяў Беларусь абагналі Польшча (41-е месца ў рэйтынгу), Літва (44-е месца), Латвія (48-е). Расея — на 65-м месцы. Замыкае рэйтынг Зымбабвэ.

Як ацэньваюць месца Беларусі ў гэтым рэйтынгу экспэрты?

Індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу складаецца з трох раўназначных кампанэнтаў: даходу, што вызначаецца паказчыкам валавога ўнутранага прадукту па парытэце пакупніцкай здольнасьці; адукацыі, што вызначаецца паказчыкамі пісьменнасьці і долі навучэнцаў сярод дзяцей і моладзі; даўгалецьця, што вызначаецца праз працягласьць прагназаванага жыцьця пры нараджэньні.

Выніковы індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу разьлічваецца як сярэднеарытмэтычная сума значэньняў гэтых трох кампанэнтаў.

Што да першага, эканамічнага паказчыка, эканаміст Аляксандар Кавалёў выказаў такое меркаваньне:

Па гэтым паказчыку мы на вялікую, нават агромністую розьніцу адстаем ад разьвітых эўрапейскіх краінаў і ЗША
"Гэты паказчык — сукупны ўнутраны прадукт па парытэце пакупніцкай здольнасьці — дазваляе параўнаць розныя краіны з улікам цэнаў на шэраг розных тавараў, якія звычайна знаходзяцца ў спажывецкім кошыку. Па гэтым паказчыку Беларусь недзе ва ўсясьветнай сярэдзіне, на ўзроўні Ўругваю, прыкладам. Крыху ніжэй за суседзяў, Літву, Польшчу. Але ніжэй за Ўкраіну. Зразумела, па гэтым паказчыку мы на вялікую, нават агромністую розьніцу адстаем ад разьвітых эўрапейскіх краінаў і ЗША. Гэта абсалютна зразумела".

Палітоляг Сьвятлана Навумава кажа, што нельга ставіць знак роўнасьці паміж усімі трыма кампанэнтамі. Але, што да ўзроўню адукацыі, Беларусь займае даволі высокае месца: у краіне амаль няма непісьменных, усе дзеці вучацца:

"Напрыклад, у нас сапраўды вельмі нядрэнныя фармальныя паказчыкі па ўзроўні адукацыі. Але гэта не азначае, што ў нас няма праблем у адукацыі. І што ў нас высокая ступень даступнасьці адукацыі. Гэта, на жаль, ня так. Але фармальна так, у нас нядрэнныя паказьнікі. Тут нельга ня радавацца за нашу краіну. Але, паўтараю, гэта не адзначае, што наша краіна паступова разьвіваецца".

Што тычыцца працягласьці жыцьця, нашы бліжэйшыя суседзі нас паабганялі.
На думку эканаміста Міхала Залескага, калі аналізаваць абагульненыя міжнародныя рэйтынгі, трэба глядзець, з чаго яны складаюцца, і ці істотныя гэтыя складнікі для нашага жыцьця сёньня і заўтра:

"Гэты рэйтынг складаецца з такіх паказьнікаў, як працягласьць жыцьця і здольнасьць нацыі даць добрую адукацыю сваім грамадзянам. Вядома, па адукацыі мы апярэджваем Афрыку, некаторыя краіны Азіі і Лацінскай Амэрыкі. А вось што тычыцца працягласьці жыцьця, нашы бліжэйшыя суседзі нас паабганялі. Літоўцы і палякі адарваліся ад нас. Бо ў адрозьненьне ад нас, у іх працягласьць жыцьця павялічваецца, а ў нас скарачаецца. Тут мы трапляем у групу, якая больш характэрная для Эўразіі, да расейцаў. Бо ў нас вельмі вялікі разрыў у працягласьці жыцьця жанчынаў і мужчынаў, зьвязаны з алькагалізмам татальным".

Індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу публікуецца ад 1990 году, сёлетняя справаздача была 20-ай, юбілейнай. І Беларусь устойліва трымаецца ў сёмым дзясятку гэтага рэйтынгу.


Гл.таксама: ПРААН: Беларусь 61-я з 169 http://www.svaboda.org/content/article/2210840.html
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG