Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паднімаюць заробкі і пэнсіі? Значыць, хутка выбары


Прыкмета хуткіх выбараў: улада паднімае заробкі і пэнсіі. У жніўні на 12 адсоткаў падвышаная грашовая дапамога самай масавай катэгорыі выбаршчыкаў — пэнсіянэрам. Потым аб’явілі пра падвышэньне на 10 адсоткаў стыпэндыяў студэнтам. З 1-га верасьня ў сярэднім на 9 адсоткаў павялічваюць заробкі «бюджэтнікам» — настаўнікам, медыкам, культработнікам. За верасень яны атрымаюць дадаткова ад 50 да 70 тысяч рублёў.

Наколькі істотна паўплывае такое падвышэньне на настроі ў гэтым асяродзьдзі? Сёньня пра гэта разважалі суразмоўцы нашых рэгіянальных карэспандэнтаў.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Прыбаўкі хопіць на паўмеха бульбы

Ці істотна паляпшаюць абвешчаныя ўрадам дабаўкі матэрыяльнае становішча людзей? Пра гэта апавядае працаўнік бюджэтнай сфэры з Брагіну спадар Уладзімер:

«Рэальных гэта, напэўна, тысяч сорак. Гэта неістотна — на пару дзён. Схадзіць у краму й то ня хопіць — хіба толькі на бохан хлеба й кавалачак каўбасы. У нас, у Брагіне, самыя высокія кошты ў рэспубліцы. Нават на мяшок бульбы ня хопіць гэтай прыбаўкі — толькі на паўмеха бульбы».

Маладым настаўнікам, якія маюць 18 урокаў на тыдзень, дзяржава вызначыла стаўку ў памеры 286 тысячаў рублёў. Прыбаўка нават 25 адсоткаў да гэтай сумы азначае, што рэальна яна падрасьце прыкладна на 71 тысячу рублёў.

Дадатак пэдагогам зь 10-гадовым стажам з улікам 16-адсоткавага падвышэньня складзе прыкладна 50 тысячаў рублёў.

Выкладчыца адной са школаў Савецкага раёну Гомеля кажа на гэта:

«Ці бачная гэтая дабаўка, калі ўсё даражэе, у краме прадукты й усё такое? Пачнецца ацяпляльны сэзон — камунальныя плацяжы падрастуць. Бачна гэтая дабаўка? Лепей бы было ўсё стабільна — і не патрэбныя былі б гэтыя дабаўкі».


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«У нас ужо даўно чакаюць выбараў, бо ведаюць, што падымуць заробкі…»

На Гарадзеншчыне многія прадстаўнікі бюджэтнай сфэры падвышэньне заробкаў успрымаюць, як падачку перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Фінансавых праблем гэтыя дадаткі не вырашаюць.

Лекар раённага шпіталю са стажам і вышэйшай катэгорыяй распавядае мне, што зараз, працуючы на паўтары стаўкі з начнымі дзяжурствамі, можа зарабіць ня болей за адзін мільён дзьвесьце тысяч. Праўда, прафэсійна зьвяртае ўвагу на тое, што на здароўі гэта ня вельмі дрэнна адбіваецца.

Цалкам сур’ёзна кажа аб тым, што ў іх на працы выбараў чакаюць ужо даўно, паколькі людзі ведаюць, што ў палітычных мэтах улады абавязкова хоць на некалькі адсоткаў, але павялічаць заробкі.

Праўда, са слоў лекара, прынцыпова фінансавай сытуацыі ў людзей гэта не зьмяняе, асабліва ў маладых спэцыялістаў.

Спадар: «Малады хірург атрымлівае зусім мала. У іх пачынаецца недзе з 400 тысяч, ну а на паўтары стаўкі няхай ён вырабіць 700 ці 800 тысяч. Але гэта ўсё, што ён можа зарабіць».
А тое, што малако, хлеб, іншыя харчы, камунальныя паслугі даражэюць — прапаганда маўчыць.


Настаўніца-філёляг ў раённым цэнтры кажа, што ейны заробак складае трошкі болей за 100 даляраў, паколькі гадзінаў для ўсіх не стае, яна і яе калегі маюць толькі па 8 гадзінаў. Маладыя спэцыялісты імкнуцца, зь яе слоў, уцякаць з выкладчыцкай працы.

Спадарыня: «У нас вось філёляг па рускай мове пайшла працаваць на мытню. Дзьве маладыя настаўніцы ангельскай мовы пайшлі працаваць на мытню, бо там заробак лепшы».

Нават адміністрацыя школы не хавае ад настаўнікаў палітычнай матываванасьці падвышэньня заробкаў.

Спадарыня: «Сказалі нам, што гэта зьвязана з выбарамі дакладна. Але са студзеня, пасьля выбараў, усё вернецца на сваё месца, ад гэтых заробкаў нічога не застанецца. Хаця, ад іх і зараз нічога не застаецца. Калі там на 5% павысяць заробкі, прапаганда ў нашым горадзе не сьціхае, маўляў, мільёны атрымліваць будзеце. А тое, што малако, хлеб, іншыя харчы, камунальныя паслугі даражэюць — прапаганда маўчыць, бо гэта для іх нецікава».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Павялічыўся заробак — павялічацца і кошты


Настаўнікі Берасьцейшчыны разглядаюць падвышэньне заробкаў як пачатак перадвыбарнай праграмы кіраўніка краіны. А мэдыкі баяцца павышэньня коштаў і аплаты за камунальныя паслугі.

Настаўнік гісторыі адной са школ Берасьця Уладзімір кажа, што калектыў актыўна абмяркоўвае павышэньне заробкаў. Праўда, стаўленьне настаўнікаў неадназначнае да гэтай падзеі неадназначнае:

«З аднаго боку, канечне, мы задаволеныя, што заробкі падрасьлі. Але з другога — палохае: каб не было якіх наступстваў ад гэтага. Акрамя іншага, калі павышаюцца заробкі, павышаюцца і цэны ў крамах. Ды й згадваецца мінулы год, калі паднялі заробкі, але празь некаторы час сказалі: „Прабачце, у краіне крызіс.“ Усе надбаўкі забралі».

Першага лістапада, кажа настаўнік, зноў чакаецца павышэньне заробкаў. Гэта можа адмоўна адбіцца на бюджэце дзяржавы. Кіраўніцтва павінна такія моманты ўлічваць. Але відавочна, кажа настаўнік, што гэта перадвыбарчы крок кіраўніка краіны:

«Настаўнікі кажуць, што павышэньне зьвязанае з будучай прэзыдэнцкай кампаніяй. Тут нават сумнявацца не выпадае, і так ўсё зразумела. Але людзі не асабліва давяраюць такім папулісцкім захадам. Абы ня здарылася нешта зноў з эканомікай краіны».

Загадчык вясковага Дому культуры ў Баранавіцкім раёне Алег кажа, што задаволены падвышэньнем заробку. Паводле яго словаў, цягам апошніх месяцаў гэта ня першае падвышэньне і не апошняе:

«Ведаю, што мой заробак павялічыўся прыкладна на 70 тысячаў рублёў. Месяцы два таму таксама было павелічэньне, таксама на 70 тысячаў. Мяркую, што павысяцца цэны таксама з-за гэтага. Ня думаю, што гэта зьвязана з прэзыдэнцкімі выбарамі. Хутчэй гэта стала вынікам павелічэньня цэнаў».

Урач Івацэвіцкай раённай бальніцы Тацьцяна задаволеная павышэньнем заробку. Калектыў бальніцы абмяркоўвае таксама павышэньне, заплянаванае на лістапад. Але разам з тым урачы чакаюць і павелічэньня цэнаў:

«Так заўсёды адбываецца: напачатку падрастаюць заробкі, а потым адразу ж растуць кошты ў крамах, павялічваюцца аплаты за паслугі ЖКГ, увогуле жыцьцё даражэе. Акрамя таго, зразумела, што і выбары не за гарамі. Заўсёды, наколькі памятаю, перад выбарамі і заробкі бюджэтнікам, і пэнсіі павялічваюцца».


ВІЦЕБШЧЫНА


«Гэта проста кампанія перад выбарамі»

Падвышэньне заробкаў настаўнікам ды іншым бюджэтнікам сталася прадметам абмеркаваньня ў полацкай сярэдняй школе, дзе выкладае беларускую мову паэтка Лера Сом:

«Якраз сёньня абмяркоўвалі гэта ў настаўніцкай. Настаўнікі сядзелі з калькулятарамі ды вылічвалі, хто на 29 ці на 30 тысяч болей атрымае. І разважалі, якую дзірку ў сямейным бюджэце гэтымі грашыма можна заткнуць, бо дзірак такіх аж зашмат. Дзякуй, што пра нас успомнілі нарэшце, але ўжо, здаецца, не ўспрымаеш гэта як рэальны клопат.
Настаўнікі сядзелі з калькулятарамі ды вылічвалі, хто на 29 ці на 30 тысяч болей атрымае. І разважалі, якую дзірку ў сямейным бюджэце гэтымі грашыма можна заткнуць.
Бо заробак з падвышэньнем мы атрымаем толькі ў кастрычніку, а цэны на мяса, малако, хлеб ды іншыя неабходныя для сям’і прадукты падаражэлі ўжо цяпер, хто б там што ні казаў!»

Станіслаў Іванавіч, настаўнік адной з аршанскіх школ мае больш за 30 гадоў працоўнага стажу і вышэйшую прафэсійную катэгорыю:

«Вось у мяне стаўка — 430 рублёў. Лічым: дзесяць адсоткаў — 43 тысячы. Дык гэта ж капейкі! Калі б на 50 адсоткаў падвышалі, ці хаця б на 25, дык яшчэ нешта! А так — няма радасьці вялікай!»

Спадар Станіслаў мяркуе, што падвышэньне заробкаў выклікана палітычнымі прычынамі, а ня клопатам пра беларускіх бюджэтнікаў:

«Я лічу, што гэта проста кампанія напярэдадні выбараў. У нас жа раней прафсаюз ужо хадайнічаў перад Саветам Міністраў, што сярэднія заробкі настаўнікаў ці ня самыя нізкія. А цэны наколькі падвышаюцца і ўжо падвысіліся за год? Гэта ўсё, скажам так, каб трохі зьбіць незадавальненьне людзей ды падвысіць рэйтынг Лукашэнкі перад выбарамі, дый усё!»

Спадарыня Тацяна працуе ў сельскім клюбе ў Бешанковіцкім раёне. У яе сям’і растуць трое сыноў, а матчын «культурніцкі» заробак меншы за 500 тысяч. Абяцанае падвышэньне на 10 адсоткаў спадарыня камэнтуе так:

«Той мізэр, каб падвысіць да прыстойнага заробку, дык гэта трэба не адзін раз так падвышаць! З прэміяльнымі ды ўсімі накруткамі, можа, каля 500 зараз набягае. Калі ад 500 браць, то гэта 50 тысяч. Што гэта? Гэта нават за камунальныя не заплаціш! Майго сына трэніроўка адна на месяц каштуе 50 тысяч. Так што толькі во за трэніроўку можна заплаціць. Ды яшчэ сьпярша няхай дадуць, а там паглядзім, што там падвысілася!»

Камэнтар экспэрта
Леанід Злотнікаў
Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў нагадвае, што грошы бюджэтнікам падкідвалі і ў папярэднія кампаніі па выбарах прэзыдэнта. Аднак сёлета гэта адбываецца ў іншых умовах:

«Гэтым разам эканамічнае становішча ў Беларусі горшае. Зьявіліся новыя падставы для падвышэньня інфляцыі. Перадусім грашовая маса павялічылася ў другім квартале прыкладна на 20 працэнтаў, а валавы ўнутраны прадукт за гэты час вырас на 3-5 працэнтаў. Гэта абяцае хуткі рост цэнаў — у межах 20%. Так што зусім не дарэмна трывожацца бюджэтнікі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG