Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка-2006: “Будзеце жыць, як у Заходняй Эўропе”


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка
Як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў улада пачынае падвышаць заробкі і пэнсіі. Якія падабенствы і адрозьненьні можна ўбачыць у выбарчых кампаніях Аляксандра Лукашэнкі розных гадоў? Ці прымяняе кіроўная ўлада сёлета тыя ж самыя сацыяльныя і прапагандысцкія мэтады, што і падчас ранейшых выбарчых кампаніяў?

"Галоўная задача на найбліжэйшыя пяць гадоў — давесьці якасьць жыцьця нашых грамадзянаў да ўзроўню, супастаўнага з заходнеэўрапейскім," — гэтак было сказана ў перадвыбарчай праграме Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2006 году "Дзяржава для народу". Напэўна, слухачы Свабоды могуць самі меркаваць, ці дасягаюць іхнія заробкі і якасьць жыцьця заходнеэўрапейскага ўзроўню. Што да больш канкрэтных лічбаў, то Аляксандар Лукашэнка сярод іншага абяцаў "зьнізіць інфляцыю да ўзроўню ня больш 5 працэнтаў у год". Гэтае абяцаньне не было выкананае. У 2007 годзе інфляцыя склала — 12,1 працэнтаў, 2008-ым — 13,3, у 2009 — 10,1 працэнтаў. Абяцаў Аляксандар Лукашэнка ў 2006 годзе і лібэралізацыю ў галіне бізнэсу, і зьніжэньне ў два разы коштаў на будаўніцтва жытла.

Урэшце, адно застаецца нязьменным — заўсёды ў год перад выбарамі ідзе даволі актыўнае падвышэньне заробкаў і пэнсіяў. Рэдактар часопіса "Архэ" Валер Булгакаў зьвяртае ўвагу, што дзеяньні перадвыбарчых эканамічных абяцанак звычайна вельмі кароткачасовае.

Валерка Булгакаў
"Сапраўды, у выбарчы год ці год, зьвязаны зь нейкімі стратэгічнымі і палітычнымі пытаньнямі для кіроўнага рэжыму, можна заўважыць наяўнасьць стандартнага палітычнага інструмэнтарыю. Гэта значыць, у гэты год абавязкова мае адбыцца Ўсебеларускі сход. Акурат гэтая падзея і азначае выхад на фінішную прамую самой "прэзыдэнцкай гонкі".

Таксама абавязкова адбываецца нарошчваньне эканамічных абяцанак. Прычым, як паказвае досьвед, яны дзейнічаюць вельмі кароткачасова. Напампоўваньне эканомікі дадатковымі выплатамі робіцца кропкавым мэтадам, і адразу за самой палітычнай падзеяй адбываецца адкат назад. Варта чакаць, што тое самае будзе і зараз.

Таксама часам усплывае пытаньне пошуку ахвярных казлоў. Гэты рэжым выкарыстоўвае для свайго існаваньня стандартную працэдуру, калі адказнасьць за правалы ўскладаецца за канкрэтна ўзятую асобу, якая і ўвасабляе сабою той ці іншы правал. Магчыма, і сёлета мы ўбачым сытуацыю, калі на Сяргея Сідорскага ці іншага высокага чыноўніка будуць павешаныя ўсе сабакі за нэгатыўныя зьявы ў эканоміцы".

Яшчэ адно адрозьненьне, якое пакуль ня спраўдзілася — у 2006 годзе Аляксандар Лукашэнка зьмяніў амаль усё кіраўніцтва сваёй Адміністрацыі. Таксама даволі традыцыйнымі для беларускіх выбараў сталі шпіёнскія скандалы, абвінавачваньні на адрас заходніх краінаў ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Беларусі і наступ на палітычных апанэнтаў. Нагадаем, што ў 2006 годзе за кратамі апынуліся ўдзельнікі грамадзкай арганізацыі "Партнэрства", а сотні людзей былі арыштаваныя на розныя кароткія тэрміны перад самымі выбарамі.

Палітычны аглядальнік газэты "Белорусы і рынок" Паўлюк Быкоўскі бачыць паралелі зь мінулымі выбарчымі кампаніямі ня толькі ў сацыяльнай палітыцы, але і ў зьяўленьні пэўных кампраматных войнаў.

Паўлюк Быкоўскі
"Традыцыйна павялічваюцца нейкія сацыяльныя стандарты. Растуць заробкі, пэнсіі, абяцаньні наступных павелічэньняў.

Але мне больш цікавай падаецца паралель, якую можна правесьці з 2001 годам. Можа нават не паралель, а прадчуваньне такой паралелі. Пасьля трох фільмаў "Хросны Бацька" мне здаецца, што можа паўтарыцца гісторыя, як у 2001 годзе. Калі зьявіліся паперы пра расстрэльны пісталет, пра далучанасьць улады да гучных зьнікненьняў, было чаканьне, што ў гульню можа ўключыцца Расея. Вось і зараз, як мне здаецца, нейкія ўцечкі інфармацыі могуць паўплываць на будучую прэзыдэнцкую кампанію і стаць адным зь яе інструмэнтаў".

Варта нагадаць, што, паводле ўспамінаў удзельнікаў кампаніі 2001 году, каманда адзінага кандыдата ад апазыцыі Ўладзімера Ганчарыка да апошняга дня чакала, што Масква апублікуе сакрэтныя дакумэнты аб справах зьніклых і назаве сапраўдных забойцаў Ганчара, Красоўскага і Захаранкі. Беларускія апазыцыянэры тады гэтага так і не дачакаліся…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG