Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму ў Беларусі плацяць 500 даляраў?


Урад падлічыў: каб выжыць даросламу чалавеку ў Беларусі, трэба мець прыбытак ня меншы чым 225 тысяч 200 рублёў у месяц. Цяпер 446 тысяч чалавек эканамічна актыўнага насельніцтва не маюць нават мінімальнага заробку.

Ці атрымаюць гэтыя людзі да канца году абяцаны Аляксандрам Лукашэнкам сярэдні заробак у памеры 500 даляраў?


Гомельшчына: Заробак рабочага — 300 тысяч, у начальніка — мільён


У Гомелі 6 прадпрыемстваў і арганізацый, дзе сярэдні памер заробкаў не перавышае 200 даляраў. Тры зь іх —вытворчыя.

У ліку такіх прадпрыемстваў значыцца й завод вымяральных прыбораў.

Пра свой месячны заробак апавядае тэхнік-канструктар прадпрыемства: “Трыста тысяч! Мы працуем няпоўны дзень — чатыры дні на тыдзень па 7 гадзінаў. У верасьні ўжо будзем па 8 гадзінаў працаваць, поўныя працоўныя дні. У нас пераважна пэнсіянэры працуюць. А я яшчэ вучуся завочна, мне наагул не хапае грошай”.

Начальнікі нават сярэдняй рукі больш аптымістычна ацэньваюць становішча на прадпрыемстве:

“Вось у мяне, напрыклад, цяжкасьцяў няма, і ў маіх падначаленых. У падначаленых маіх заробак нармальны, па заводзе які — ня ведаю. Усе працуюць — у мяне 22 працоўныя дні. Сам я наагул — мільянэр”.

Начальнік аднаго з участкаў таксама ня скардзіцца на заробкі, але канкрэтную лічбу не называе: “Скажам так: мне хапае. Канкрэтную лічбу, калі вы захочаце, пакажа кіраўніцтва”.

Фабрыка мастацкіх вырабаў “Любна” таксама ў ліку прадпрыемстваў, дзе заробкі моцна адрозьніваюцца ад дэкляраваных кіраўніком краіны 500 даляраў.
Сярэдні заробак у нас — прыкладна 400 тысяч


Шараговы грузчык-сантэхнік тут не зарабляе ў эквіваленце й сотню даляраў: “На паўтары стаўкі — 250 тысяч рублёў. Гэта — стаўка грузчыка й паўстаўкі сантэхніка. Мы нібыта й прадукцыю выпускаем, а толку ніякага няма. Гэта невыносна. Мне застаўся год да пэнсіі, і я ўжо проста ня хачу бегаць з вытворчасьці на вытворчасьць”.

Рабочы кажа, што апошнім часам дырэкцыя прыбавіла да заробку 10 адсоткаў, але прыбаўкі гэтай не адчуваецца, бо агулам не выходзіць і 300 тысяч рублёў.

Тыя, хто займаецца на фабрыцы ручной працай — лазапляценьнем, інкрустацыяй, ткацтвам, маюць крыху большы заробак. Пра нейкія “грошы ў капэртах” людзі й слухаць ня хочуць — такога тут няма.

Апавядае мастачка “Любны”: “У капэртах нам ніхто ня плаціць. У нас ёсьць пэўны заробак — нам даюць разьліковы квіток і потым мы столькі й атрымліваем. Сярэдні заробак у нас — прыкладна 400 тысяч. Асобна ў нас нічога няма — ніякіх капэртаў”.

Мастачка кажа, што заробак можна падняць, але тады трэба й кошты прадукцыі падвышаць. Але хто іх, у такім разе, купіць:

“У нас — ручная праца. Магчыма, прадукцыйнасьць не такая высокая. Зь іншага боку, нашы вырабы — гэта ж не тавары першай неабходнасьці. Мы выпускаем сувэніры, займаемся саломапляценьнем, лазапляценьнем, неглюбскім ткацтвам. За гэтымі сувэнірамі чарга не стаіць. Заробкі падняць можна, але ж гэта ляжа на кошт нашай прадукцыі. Потым людзі яе наагул ня купяць. І што будзе лепей — калі мы ўвогуле ня зможам працаваць, ці мы працуем за такі заробак?”


Гарадзеншчына: “Гэта гучыць зьдзекліва — адкуль яны возьмуць 500 даляраў?”


На Гарадзеншчыне многія людзі ставяць пад сумнеў абяцаньні ўладаў аб павышэньні заробкаў да 500 даляраў.

Супрацоўніца ўстановы культуры Гарадзенскага раёна, калі мы загаварылі пра заробкі, апускаючы вочы, кажа, што працуючы навуковым супрацоўнікам і даглядчыкам, мае толькі трошкі болей за 400 тысяч рублёў.
500 даляраў, гэта паўтара мільёна рублёў? Ой…, што вы… Я разумею, каб хоць 500 тысяч рублёў


А што датычыць абяцаньняў уладаў падняць заробак да 500 і болей даляраў, жанчына папросту ў гэта ня верыць.

Спадарыня: “Ой…, 500 даляраў, гэта паўтара мільёна рублёў? Ой…, што вы… Я разумею, каб хоць 500 тысяч рублёў плацілі за кожную стаўку. А так, гэта сьмешна, адкуль яны возьмуць?”.

Яшчэ адна спадарыня зь вёскі Альхоўка Астравецкага раёну, якая працуе на картонна-папяровай фабрыцы, распавядае пра заробкі тамтэйшых рабочых.

Спадарыня: “Сярэдні заробак у нас прыкладна 400-450 тысяч. Адміністрацыя, калі складае сярэдні заробак, глядзіць па заробках ІТР і рабочых, і ў іх атрымліваецца болей. Але ў нас на ачышчальных збудаваньнях людзі атрымліваюць 300-330 тысяч”.

Спадарыня кажа, што рабочыя шматкроць дамагаліся, каб публічна агучылі заробкі адміністрацыі, паколькі ўсе зьяўляюцца акцыянерамі прадпрыемства, але зрабіць гэтага не патрапілі.

Пра заробкі ў 500 і вышэй даляраў спадарыня кажа, што чула толькі на беларускім тэлебачаньні, але насамрэч працоўных людзей з такімі выплатамі ў раёне не сустракала.

Спадарыня: “А адкуль яны возьмуць такія грошы? Хіба паадкрываюць свае рахункі ў банках і будуць нам раздаваць? Гэта ўсё словы. А можа насамрэч захочуць паказуху зрабіць і пачнуць даставаць з кішэняў усе вышэйстаячыя начальнікі аж да міністраў…”.

Гаворачы пра абяцаньне ўладаў падвысіць заробак, актывіст Незалежнага прафсаюзу з Горадні Анатоль Хацько, заўважае, што абяцаньні падвысіць заробак да 500 даляраў гучалі даўно, рэальна іх не выканалі, і ніхто за гэта не адказаў.

Хацько: “Пра якое падвышэньне заробкаў можна казаць, калі большасьць суб’ектаў гаспадараньня працуюць няпоўны рабочы дзень. У нас на заводзе аўтаагрэгатаў наладчык 6 разраду зарабляе 700 тысяч — гэта самы высокі разрад. А калі падвышаць стаўку першага разраду, расьце толькі стаўка ў бюджэтнікаў, а сярэдні заробак можа вырасьці толькі за кошт чыноўнікаў і банкіраў. Так што гэта чарговая балбатня і ня болей”.


Берасьцейшчына: Як пражыць на "мінімалку"


На Берасьцейшчыне дзяржаўныя кантралёры сьцьвярджаюць, што практычна ў кожнай прыватнай фірме існуюць выплаты заробкаў у "капэртах". Незалежныя экспэрты лічаць, што вінаватая ў гэтым менавіта дзяржава.

У Берасьцейскім абласным фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва кажуць, што на сёньня мінімальны заробак у рэгіёне складае амаль 260 тысяч рублёў. Спэцыяліст фонду сьцьвярджае, што пражыць за такія грошы немагчыма. Таму чыноўніца падазрае, што многія прадпрымальнікі плацяць людзям грошы ў "капэртах":

"Сёньня 34% ад налічанага заробку неабходна заплаціць у выглядзе адлічэньняў. Такім чынам, сапраўды, тарыф ў нашай краіне даволі высокі. І ўявіце, што мінімальны заробак 258 тысячаў — выплаты складаюць 80 тысячаў адлічэньняў. Але калі заробак будзе складаць 500 тысячаў рублёў, тады прадпрымальнік будзе вымушаны заплаціць у два разы больш. Вось яны і прыхоўваюць гэтыя выплаты"

Аляксей, жыхар Берасьця, які працуе на прыватнай фірме, атрымлівае мінімальны заробак. Сытуацыя яго да часу задавальняла, пакуль не прыйшлося зьвярнуцца ў банк па крэдыт. Паводле яго дакумэнтаў атрымалася, што нават яго паручыцель, прыбіральшчыца ў школе, атрымлівае большы заробак:

"Мая паручыцельніца паводле дакумэнтаў заробак атрымлівае ў два разы большы. Мне налічылі мінімальную суму крэдыту. Акрамя гэтага цяпер ведаю, што і мая пэнсія будзе таксама мінімальнай. Але мушу надалей працаваць. Працу ня так проста знайсьці. Акрамя таго, прадпрымальнік кажа, што паколькі працуеце ў мяне, на жаль, ён мусіць плаціць такі заробак, каб менш плаціць падаткаў."

Актывіст прафсаюзу РЭП Валянцін Лазарэнкаў кажа, што памер мінімальнага заробку павінен складаць ня менш як 400 тысячаў. Дзяржава мусіць вырашыць гэтае пытаньне, бо як раз гэты момант стаў бы дэманстрацыяй клопату аб грамадзянах:

"Рашэньне аб павышэньні мінімальнага заробку паставіла б ўсё на свае месцы. Любы наймальнік плаціў бы ад ўстаноўленага заробку больш. Рабочы быў бы больш абаронены. Але ж гэтага чамусьці няма."


Віцебшчына: За мінімальны заробак трэба працаваць"ад званка да званка"


Самыя нізкія заробкі на Віцебшчыне маюць нізкакваліфікаваныя работнікі. Да прыкладу, прыбіральшчыцы на прадпрыемстве “Лёс” у пасёлку Барань да нядаўняга часу атрымлівалі каля 200 тысяч рублёў, і толькі цяпер яе заробак падвысілі да абавязковага пражытачнага мінімуму, які ў сярэднім па Беларусі 293 880 рублёў.

Затое цяпер жанчыны, якія раней мелі няпоўны працоўны дзень і маглі зарабіць на нейкай дадатковай працы, вымушаныя знаходзіцца на працы ўсе 8 гадзін — распавёў старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Васіль Леўчанкаў:

“Раней яны спраўляліся за 2-3 гадзіны ды сыходзілі. Вось, напрыклад, вызначана плошча, якую прыбіральшчыца мусіць прыбраць. Яна выканала свае абавязкі ды пайшла. Цяпер сказалі, што яны мусяць быць на працы ўвесь дзень. Выканаў сваё — і сядзі. Затое ім даплочваюць да пражытачнага мінімуму”.

Васіль Леўчанкаў кажа, што даплаты дамагчыся было нялёгка: у незалежным прафсаюзе былі дзьве жанчыны-прыбіральшчыцы, на якіх за актыўнасьць дужа ціснула начальства. Урэшце яны мусілі выйсьці з прафсаюзу і неўзабаве звольніліся. Дзе працуюць цяпер, спадар Леўчанкаў ня ведае, але ў мястэчку Барань, дзе жыве каля 10-ці тысяч чалавек, вакансій дужа мала, асабліва на добра аплочваемую працу.

У абласным цэнтры сытуацыя ня лепшая, перакананая 53-гадовая Ніна Кавалёва. Яна мае вышэйшую пэдагагічную адукацыю і немалы стаж. Але ў цэнтры занятасьці, дзе яна стаіць на ўліку па беспрацоўю, ёй прапануюць працу за заробак усяго каля 200 тысяч:

“Прапаноўвалі пайсьці адміністратарам у філярмонію. Гэта 220 тысяч з прэміяльнымі. Трэба хадзіць па школах і па арганізацыях зь квіткамі. І такая праца, што ўвесь дзень заняты, падпрацаваць недзе не атрымаецца. На такія грошы пражыць немагчыма. А ў цэнтры занятасьці кажуць: “Усё адно гэта больш як плацяць па беспрацоўю. Вось як вы жывеце на гэткія грошы?” А я кажу: “Вы мне сьпярша парайце, як можна жыць на такі заробак!”

Па беспрацоўю Ніна Кавалёва атрымлівае 80-90 тысяч і хапаецца за любую падпрацоўку. Альтэрнатыва — толькі вакансіі прыбіральшчыцы ці вартаўніка за тыя самыя 200 тысяч заробку. І тое могуць ня ўзяць: аднойчы жанчына патэлефанавала па аб’яве, дзе шукалі прыбіральшчыцу посуду ў піцэрыю, дык ёй сказалі, што шукаюць прэтэндэнтку да 35-ці год…

Ніна Кавалёва лічыць несправядлівым, што менавіта сталы ўзрост — гэта галоўная перашкода, каб знайсьці добра аплочваемую працу:

“Ніхто не глядзіць ні на досьвед, ні на кваліфікацыю, ні на што! Я аднойчы прайшла конкурс — была вакансія загадчыка інтэрната з пэдагагічнай адукацыяй. І прыйшлі 70 чалавек, як мне сказалі ў аддзеле кадраў. Дык калі я прыйшла на апошняе сумоўе, то мне сказалі, што ў параўнаньні зь іншымі ў мяне большы досьвед, і ўсё… але — узрост! А было мне тады 50 год толькі!”

Пра тое, на які заробак яна пагадзілася б сёньня працаваць, Ніна Кавалёва адказвае так: “Паколькі я ня маю мужа — муж памёр, — я адна жыву, і, каб заплаціць за камунальныя паслугі, а кошты ўсё растуць…каб хапіла на лекі, бо здароўе ўжо неяк ня тое, і пражыць, каб не жабраваць, дык каля 700 тысяч атрымліваць трэба хаця б… Але я ня ведаю, дзе сёньня такую працу знайсьці!”


Магілёўшчына: Найменшыя заробкі ў адукацыі, мэдыцыне, сельскай гаспадарцы


На Магілёўшчыне найменей зарабляюць маладыя спэцыялісты бюджэтных сфэраў — аховы здароўя ды адукацыі. Незадаволеныя заробкамі й працаўнікі сельскай гаспадаркі.
На адну стаўку ў нас ніхто не працуе. У нас усе працуюць на паўтары стаўкі. І ўсё роўна не хапае...


Паводле статыстычных зьвестак сярэднемесячны заробак па вобласьці складае 972 тысячы рублёў. У мэдычных установах рэгіёну зарабляюць меней — 940 тысяч. Для маладых спэцыялістаў галіны такія грошы нязбыўная мара. Большасьць маладых мэдыкаў атрымлівае да 500 тысяч рублёў. Максымум, на што яны могуць разьлічваць — гэта васемсот тысяч.

“Гэта ўжо й надбаўкі й прэміі. На адну стаўку ў нас ніхто не працуе. У нас усе працуюць на паўтары стаўкі. І ўсё роўна не хапае дужа шмат людзей. Яшчэ пры Пастаялцы ў нас пагоршылася сытуацыя. Былі скарочаныя свабодныя стаўкі, а нормы працы павялічаныя. Людзі выконваюць тую ж працу, але атрымліваюць меней”, — зазначае малады лекар Яраслаў.

У настаўнікаў сярэдні заробак яшчэ ніжэйшы за мэдыкаў — 867 тысяч рублёў. Маладыя спэцыялісты галіны атрымліваюць куды меней:

“Заробак маладога настаўніка пасьля разьмеркаваньня — гэта стаўка 18 гадзінаў на тыдзень з акладам 290 тысяч рублёў плюс прэмія, плюс надбаўка — атрымліваецца за 400 тысяч. Прычына тут у тым, што гэта дзяржструктуры, якія фінансуюцца зь бюджэту. Уся сыстэма школьнай адукацыі трымаецца на разьмеркаваньні. Прыходзяць маладыя спэцыялісты на гэты заробак і нічога зрабіць ня могуць. Два гады адпрацоўваюць і сыходзяць”, — наракае малады настаўнік Канстанцін.

Як пераконвае афіцыйная статыстыка, у сельскай гаспадарцы вобласьці зарабляюць у сярэднім 792 тысячы. Гэтая лічба аднак зьдзівіла даярку Галіну з Горацкага раёну:

“Вось у гэтым месяцы заробак у жывёлаводаў 480, 440, 500 — гэта самыя высокія заробкі. Умовы працы сёлета былі такія, сьпякота. Кармоў не было на полі. Значыць малака зьменшылася намнога. Дырэктар у загадным парадку: вы павінны мне даць столькі й столькі малака, а дзе яго ўзяць? Тады ён уразае заробак. Дужа вялікая ў нас цякучка кадраў. Многія звальняюцца”.

Нюансы налічэньня заробкаў у афіцыйных паведамленьнях ня згадваюцца. Курс ўзяты на дасягненьне задачы, пастаўленай старшынём аблвыканкаму Пятром Руднікам: да канца года сярэдні заробак мусіць быць 444 даляры. На васьмі прадпрыемствах рэгіёну працаўнікі дагэтуль атрымліваюць меней за дзьвесьце даляраў — гэта 600 тысяч рублёў. Значна болей тых прадпрыемстваў, дзе заробак складае 250 даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG