Але зараз, калі знаёміўся зь сёньняшнім існаваньнем тысячнай вёскі, «Палянэз» у душы не загучаў ані разу. З раніцы каля клюбу 62-гадовая Аўгенія Навінская касіла траву — атрымала, маўляў, «адказнае даручэньне» мясцовай вэртыкалі.
Навінская: «Во мужык скасіў, а нейкі губэрнатар будзе ехаць у суботу — дык так шчыльна ўбіраю — рукамі, дзе каса не бярэ… (Сьмяецца.)
Спадарыня Аўгенія 44 гады прапрацавала кінамэханікам.
Навінская: «Кіно ў нас „устранілі“ — перайшла на відэагульні. (Сьмяецца.) Гульні — тысячу за адну гадзіну. Дыскатэка бывае — квіткі 2000. Зьбіраецца 50 чалавек і болей…»
Карэспандэнт: «А самі ў відэагульні гуляеце?»
Навінская: «А не, ужо надакучыла! (Сьмяецца.) Але ўмею — я дракі, гонкі люблю…»
На самой справе суразмоўцу хвалююць больш важкія, сацыяльныя пытаньні.
Навінская: «Хацелі ўсе людзі, каб у садку для бальніцы далі ложкі. Сама зьбірала подпісы — усе вёскі падпісаліся. Пакуль глуха, а ў старой бальніцы ў нас было ложкаў 30…»
Ініцыятыўная група па стварэньні ў Залесьсі мэдыка-сацыяльнага цэнтру сабрала больш за 500 подпісаў — практычна ўсё дарослае насельніцтва. У звароце да ўладаў фігуравалі і пратэсты супраць дрэннай якасьці пітной вады з высокай канцэнтрацыяй жалеза, і недахоп крамаў гаспадарчых тавараў ды пунктаў грамадзкага харчаваньня. Між іншым, памянёны цэнтар аб’яднаў бы ў апусьцелым дзіцячым садку бальніцу, амбуляторыю і сацыяльныя службы. Пакуль жа санітаркі Марына Мігарава ды Валянціна Салагуб адказваюць:
Карэспандэнт: «Якія хваробы павінны быць, каб паклалі на ложак?»
Спадарыні: «Сэрца баліць, суставы, радыкуліты — „пракапваецца“, пралекуецца. Чарга на ложак і па 7, і па 10 чалавек…»
Я сустрэўся з асобай легендарнай у Залесьсі — цяпер доктарам агульнай практыкі амбуляторыі, які вытрымлівае 40 наведваньняў у зьмену, спадаром Шчурэўскім. Франц Іванавіч 10 год быў галоўным лекарам Брагінскага раёну пасьля Чарнобылю, працаваў у Гомелі ў цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны. Ад Партыі БНФ перамог у 95-м у 1 туры тагачаснага старшыню сельсавету. Цяпер узначальвае не зарэгістраваную пакуль ініцыятыўную групу па стварэньні грамадзкага фонду ўстойлівага разьвіцьця «Залеская талака». У яго вобразным ды палкім маналёгу аналізуецца выкананьне апошняй перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі.
Шчурэўскі: «Глядзіце, во ўказ прэзыдэнта „Аб адраджэньні сяла“. Чытаю — „у галіне аховы здароўя павінна быць даступнасьць і якасьць“. Ні даступнасьці, ні якасьці! Я зараз сяджу на мэхстане і аглядаю насельніцтва — я геніяльны чалавек! Зірнуўшы ў майстэрні на чалавека ў адзеньні, магу „дыягнаставаць“ рак! Ніякіх умоў — я зараз працую ў гардэробе, а ў прыбіральні сядзяць санітаркі. Як гаварыў Лукашэнка — „зямлянкі“. А я хачу бальніцу з газам, са сьвятлом, каб камп’ютэрызацыя, капітальны рамонт. Чытаю — „стварэньне амбуляторыі агульнай практыкі з абслугоўваньнем насельніцтва ў радыюсе 10-15 км і кругласутачным дзяжурствам фэльчара“. Хачу бачыць грошы, плошчы, пэрсанал для выкананьня гэтага! У нас 1 палата з 3 ложкамі, на якіх мужыкі і бабы разам! Гэта бальніца з 80-х гадоў мінулага веку — тое, што было, так і засталося. Фэльчар на ФАПе ў мяне без жыльля — хачу, каб жыла ў нармальных умовах! У нас у бальніцы гарачай вады няма! „Забесьпячэньне для сельскай мэдыцыны вышэйшай зарплаты“ — у мяне стаўка 634, з вышэйшай катэгорыяй і 35-гадовым стажам. Указ ад 10 сакавіка 2005 году — чаму не спаўняе ўлада ўказ прэзыдэнта?! У нас у 90-я гады быў супэргарадок — сетка крамаў, музычная школа, бальніца. За гады „квітненьня“ ўсё гэта зачынена, па сядзібе Агінскага — нулявы варыянт. Я быў дырэктарам Дома састарэлых у сядзібе — мне давалі 8 тысяч савецкіх на рэстаўрацыю. Што можна зрабіць, калі гадзіньнік галяндзкай працы ў вежы каштаваў 55 тысяч даляраў? А дзе заказаць — гэта ж ручной, а не сэрыйнай працы! Я прафэсіянал, а значыць, калі няма ўмоў, мушу дабівацца…»
Карэспандэнт: «На што спадзеяцеся і чаго хочаце дасягнуць у Залесьсі?»
Шчурэўскі: «Я разьлічваю на здаровы сэнс. І хачу, каб Залесьсе не заняпала, зыходзячы з тых рэсурсаў, якія можна разьвіваць і 20, і 30 год. У нас ёсьць брэнды — прырода, Агінскі…»
* * *
Разам зь мясцовым праваабаронцам Алесем Дзергачовым едзем за 10 км ад Залесься, дзе месьціцца прадпрыемства «Смаргоньсілікатабэтон» — можна сказаць…
Спадар: «Асноўнае прадпрыемства для залескіх…»
Тут стала працуе да сотні месьцічаў. А голас належыць 55-гадоваму электрыку, сябру Партыі БНФ Аркадзю Губару, які выйшаў пагутарыць з намі за межы прахадной. Завод вытварае будаўнічыя блёкі і цэглу, якія, кажа спадар Аркадзь…
Губар: «Ідуць па Беларусі, у Расею, раней бралі на Ўкраіну, цяпер — не. У мяне сярэдні — 600. А ёсьць цяжэйшы цагляны цэх, дзе пылішча і сьпёка, цэх ячэістага бэтону, дзе выпускаюць блёкі. Крыза пайшла — адразу перасталі будаваць. На будаўніцтва заўжды першы ўдар. Залежы вялікія на складах, і на дварэ ўсё абкладзена. Стаяць пад дажджом — па году некаторыя, парассыпаліся. Шмат людзей звольнілася з заводу — заробкі на 200-300 тысяч зьнізіліся. Людзі пайшлі хто ў Менск, хто на іншыя прадпрыемствы Смаргоні, мо хто ў Расею…»
Дарэчы, заробкі тут аж з савецкіх часоў былі настолькі прыстойныя для вёскі, што ў Залесьсі ўзьнік цэлы прэстыжны раён, дзе цагляныя прасторныя катэджы, прысядзібныя сады-гароды, на розныя галасы рохкаюць хлявы. Але цяпер яшчэ адзін электрык, Вінцэнт, толькі ківае галавой.
Вінцэнт: «530 у месяц, 2 таму гады было паўтара мільёна. А працоўныя месцы дзе знайсьці, калі за 50? Быў у Расеі паўгода, будаваў арачныя цяпліцы асабіста ў Жырыноўскага — за адным сталом піва пілі. (Сьмяецца.) Ахоўвалі нас з аўтаматамі. Але зарабілі нармальна — па 700 даляраў у месяц…»
На ўскраіне вёскі пабудавалі 5 прэзыдэнцкіх домікаў. Зьнешне прыстойныя, але з хлеўчыкамі, куды ўлезуць хіба певень з курамі. Сярод дня ніводнага іх гаспадара не было. У хатах па суседзтве на двары люляла малое бухгальтарка Вераніка, якая і распавяла:
Вераніка: «Будаваліся тыя дамы так, што ня ведаю, як людзі выжывуць — за некалькі месяцаў. Там былі тры катлаваны звалак. Яны пры асфальце, а мы — без, таму што ня ўсе правялі газ — мы заплацілі кожны 7 млн. Не правялі кватэр пяць — у каго дзеці вучацца, хто пэнсіянэры…»
Аднак самая жахлівая сытуацыя, па словах суразмоўніцы, на вуліцы Гагарына. Вуліца месьціцца ў нізіне, якую сыстэматычна ўшчэнт залівае. Я заходжу на падворак да 47-гадовага бэтоншчыка Ўладзіміра Лося.
Лось: «5 год, як дом купілі — у склепе вада 2 гады. Бачыце, гарод заліла — што тут вырасьце?! Канавы ж можна пракапаць — з таго боку ёсьць сьцёк. Бульдозэр на дзень ці экскаватар — уся будзе праблема. А ў сельсавет што зьвяртацца — дарогу ня могуць пабудаваць…»
Аграгарадку «Залесьсе» ўжо трэці год. Пытаньнем пра час існаваньня я падняў на ногі ўвесь сельсавет — ніхто ня ведаў. Што й казаць — карысьці ад яго мала, — прызнае пашпартыстка, спадарыня Валянціна Мамай. Між іншым, у сельсавеце яна працуе 33 гады.
Мамай: «Ад аграгарадку даходаў у сельсавету новых не зьявілася — падаткі бярэм на нерухомасьць, зямельныя ўчасткі. Датацыя — 70%, 30% мы зьбіраем. Гэтага не хапае на добраўпарадкаваньне — у нас шмат аварыйных дрэў, на дзьвюх вуліцах асфальт разваліўся — вялі газаправод. На адной наогул не паклалі…»
Сяргей Верамейчык — асоба таксама знакавая для Залесься. Ён захавальнік памяці пра Агінскага, навуковы супрацоўнік музэю, які тут на птушыных правах — няма заляў з экспазыцыямі, забіты ўваход. Сяргей — аўтар дакумэнтальнага досьледу пра Міхаіла Клеафаса Агінскага, адзін з аўтараў рэстаўрацыі Мірскага замку. Выдаў аўтэнтычныя альбомы «Гукі Залесься» ды «Альтанка». У каго, як не ў яго, запытаць!
Карэспандэнт: «Сяргей, можаш выкласьці, як і што трэба зрабіць, каб адрадзіць сядзібу Агінскага?»
Верамейчык: «Праект рэстаўрацыі існуе. Прыяжджала аўтар — Людміла Іванова. Пралічыла, што каб зрабіць толькі праект па кансэрвацыі — 7 млн. беларускіх. І калі прыйшла лічба ў раён — дзе ж яны возьмуць? І будуць чакаць, калі, ня дай божа, калёна ці сьцяна ня лясьне. Ён так называецца „музэй“ — зачынены, сьвятла няма. Ён у мяне ў „папцы“ — я хаджу зь ёй, распавядаю. Я ведаю, знойдзены партнэр у Летуве наконт рэстаўрацыі канцэртнай залі. А тут яшчэ ані камунікацый, ані рэстаўрацый няма. Шмат абяцанак-цацанак. Лукашэнка падпісаў нібы дакумэнт аб прэфэрэнцыях. І ў 2011 годзе рэстаўрацыя абавязковая…»
Карэспандэнт: «Але ў Залесьсі мы чулі меркаваньне, што дзяржава зь яе непаваротлівасьцю не пацягне. А агратурызм, прыватная ініцыятыва пацягнулі б…»
Верамейчык: «Былі спробы ўзяць у арэнду млын, які ўнутры збудавалі пад кавярні. Прыватнік пабегаў па інстанцыях, і яму сказалі, што гэта помнік архітэктуры, хоць гэта ня так. «Вешалі» яму, каб нічога не рабіць. Як казаў Кароціч, „мы хацелі памяняць клімат, а атрымалася толькі надвор’е“ — трэба перш клімат у краіне мяняць…»
Уражаньні майго спадарожніка — праваабаронцы Алеся Дзергачова.
Дзергачоў: «Залесьсе для мяне вельмі знаёмае — быў тут кандыдатам у Палату прадстаўнікоў у 2004-м, подпісы зьбіралі. І ідэалісты ёсьць, і прагматыкі-спэцыялісты. Такое адчуваньне — дай трошкі свабоды гэтым людзям, і яны Залесьсе зробяць, як мінімум, цэнтрам Смаргонскага раёну.У людзей вельмі шмат задумаў, але ўпіраюцца ў адсутнасьць сродкаў, інвэстыцый. Яны чакаюць, што пачнуць рэстаўрацыю, адраджаць ахову здароўя. Гэта ўпіраецца ў бюракратызм, крайнюю недасканаласьць сыстэмы беларускай улады — вялікага калоса на курыных нагах, агароджанага сучасным плотам. Залесьсе ў чаканьні…»
На разьвітаньне ня мог не запытацца ў Сяргея Верамейчыка:
Карэспандэнт: «Дзе ні чытаў пра „Разьвітаньне з Радзімай“, у дачыненьні да Залесься ўжываюцца словы „створаны верагодна“. Дык ці быў тут напісаны?»
Верамейчык: «Калі Агінскі тут жыў, ён выдаў зборнік сваіх палянэзаў у 1817 годзе, і сярод іх упершыню сустракаецца гэты — ён называўся „ля-мінор“. А пасьля паўстаньня 1830-га нехта зь невядомых паўстанцаў, якіх адпраўлялі ў Сыбір, даў гэтую назву. І пасьля ён ператварыўся ў разьвітальны рэквіем аб краіне, якая зьнікла з мапаў Эўропы. І ўнікальнасьць Залесься менавіта ў тым, што нясе аўру стварэньня ўнікальнага палянэзу, які граюць на ўсім зямным шарыку. І калі прыляціць нейкая іншая цывілізацыя на Зямлю і запытаецца пра музычны дыск „вашай“ цывілізацыі», дзьве хвіліны на ім будзе займаць менавіта гэты палянэз, які быў створаны ў Залесьсі…"