Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лес як фактар псыхічнага і фізычнага здароўя


Група навукоўцаў на чале з доктарам мэдыцыны Эвай Кар’ялайнэн зь фінскага Навукова-дасьледчага інстытуту лясоў склалі цэлы сьпіс хваробаў, змагацца зь якімі дапамагае шпацыр сярод дрэў.

Высьветлілася, што ў атачэньні зялёных волатаў арганізм выпрацоўвае больш клетак, здольных прадухіляць разьвіцьцё ракавых пухлін. Таксама лес умацоўвае імунітэт, нармалізуе артэрыяльны ціск, запавольвае сэрцабіцьцё, здымае перанапружаньне цягліц, паляпшае стан пры эндакрынных і рэсьпіраторных захворваньнях, пры мігрэнях і галавакружэньнях, інфэкцыях мачавых шляхоў, розных нявытлумачаных сымптомах. Фінскія навукоўцы раяць тэрмінова падавацца ў загарадны гушчар людзям з псыхічнымі праблемамі, у тым ліку тым, хто мае дэпрэсію, хто ня можа даць рады злосьці і агрэсіўнасьці. У лясных умовах канцэнтрацыя гармонаў стрэсу ў крыві адразу падае, а эмацыйны стан прыкметна паляпшаецца.

Нарэшце, прагулкі па лесе добра ўплываюць на дзяцей з сындромам дэфіцыту ўвагі.

Навукоўцы заклікаюць палітыкаў дбаць пра зялёныя зоны ў гарадах

Дадзеныя апошніх дасьледаваньняў фінскіх навукоўцаў доктар Эва Кар’ялайнэн агучыць на Сусьветным лясным кангрэсе (2010 IUFRO World Forestry Congress), які пройдзе сёлета ў Сэуле з 22 па 28 жніўня. Эва Кар’ялайнен і яе калегі перакананыя, што берагчы ў гарадах зялёныя насаджэньні і ствараць зялёныя зоны пры забудове новых гарадзкіх раёнаў цяпер важна як ніколі. Гэта дапамагае захоўваць працаздольнасьць насельніцтва і зьніжаць выдаткі на ахову здароўя.
Фінскія навукоўцы: "Зялёныя масівы — гэта ня проста раскоша. Палітыкі павінны ўсьвядоміць, што стан лясоў і паркаў знаходзяцца ў непасрэднай сувязі з узроўнем захворваньняў насельніцтва".

"Дасьледаваньне яскрава дэманструе, што зялёныя прасторы — гэта ня проста раскоша. Палітыкі павінны ўсьвядоміць, што стан лясоў і паркаў непасрэдна зьвязаны з узроўнем захворваньняў насельніцтва, што зялёныя пасадкі могуць істотна зьменшыць колькасьць хворых", – цьвердзіць фінская дасьледчыца.

Цудадзейны ўплыў лясоў, лесапаркаў на здароўе людзей навукоўцы тлумачаць тым, што ў лясным паветры ўтрымліваецца больш за 300 карысных хімічных злучэньняў. Лясы, асабліва хваёвыя і зьмяшаныя, паглынаюць шкодныя злучэньні, якія забруджваюць атмасфэру. Што да хвоі, дык яна вылучае лятучыя бактэрыцыдныя рэчывы — фітанцыды. Яны нішчаць узбуджальнікаў шмат якіх інфэкцыйных захворваньняў. Таксама фітанцыды спрыяюць паляпшэньню мэтабалізму, узмацняюць рухальную і сакраторную функцыі страўнікава-кішачнага тракту. Фітанцыды пупышак тапалёў, антонаўскіх яблыкаў, эўкаліпту здольныя забіваць асобныя вірусы грыпу. Бактэрыцыдныя рэчывы дубовага лісьця нішчаць бактэрыі брушнога тыфу і дызэнтэрыі. Зь лясных расьлінаў вырабляецца мноства лекавых прэпаратаў.

Погляд фінскіх адмыслоўцаў падзяляюць і іх нідэрляндзкія калегі з унівэрсытэцкага мэдычнага цэнтру ў Амстэрдаме. Яны атрымалі доказы таго, што ў людзей, якія жывуць паблізу ад зялёнай зоны, паляпшаецца стан здароўя. Мэдыкі вывучылі гісторыі хваробы 350 тысяч чалавек, зарэгістраваных у 195 нідэрляндзкіх сямейных лекараў.

Адзначым, што ў дасьледаваньне былі ўключаныя пацыенты з 24 відамі хваробаў. На ўліку ў сямейнага лекара яны стаялі ня менш за год. Лічыцца, што чалавек павінен пражыць на адным месцы пэўны час, перш чым можна будзе рабіць высновы пра тое, як узьдзейнічае на яго навакольнае асяродзьдзе.

Эфэкт аазісу

Як вынікае з працы нідэрляндзкіх адмыслоўцаў, пазытыўны ўплыў зялёных насаджэньняў на здароўе найбольш адчувальны, калі пацыент жыве ня больш як за кілямэтар ад іх. Але пры шэрагу мэдычных праблемаў, сярод якіх інфэкцыйныя захворваньні страўнікава-кішэчнага тракту, станоўчае ўзьдзеяньне дрэваў назіраецца нават за тры кілямэтры. Дасьледчыкі тлумачаць гэта так званым "эфэктам аазісу": дрэвы пазытыўна ўплываюць на паветра вакол тых мясьцін, дзе растуць. Паводле навукоўцаў, наймацней зялёныя насаджэньні ўзьдзейнічаюць на людзей, якія адчуваюць трывогу і церпяць на дэпрэсію.

Згодна з вынікамі дасьледаваньняў, сярод пацыентаў, якія жылі ў гарадзкім раёне з 10% зялёных насаджэньняў у радыюсе 1 км ад дому, на псыхічныя расстройствы, выкліканыя станам трывогі, пакутавалі ў год 26 чалавек з тысячы. А сярод тых, хто жыў у раёне з 90% дрэваў — толькі 18. Для пацыентаў, якія мелі дэпрэсію, аналягічныя лічбы складалі адпаведна 32 і 24 на тысячу.

Найбольш ашаламляльныя вынікі, паводле навукоўцаў, тычацца здароўя дзяцей да 12 гадоў і людзей ад 45 да 65 гадоў. Тыя, хто жыў у межах зялёнай зоны, былі менш схільныя да дэпрэсіяў. Розьніца склала да 30%.

Як адзначае супрацоўніца амстэрдамскага цэнтру Іялянда Маас, зялёныя насаджэньні дапамагаюць пазбавіцца ад стрэсу і спрыяюць сацыяльным кантактам. Займацца ў лесе фізычнымі практыкаваньнямі таксама добра. "Усё, што зьніжае наша ўзаемадзеяньне з сучасным "кактэйлем" забруджвальнікаў паветра, павінна ісьці на карысьць", – лічыць галяндзкая дасьледчыца. Паводле яе, пасьля хранічнага стрэсу людзі лепш і хутчэй здаравеюць у прыродных умовах, чым у горадзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG