Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі парлямэнт асудзіў працяг судовага перасьледу Паліны Шарэнды-Панасюк


У Эўрапарлямэнце. Архіўнае фота
У Эўрапарлямэнце. Архіўнае фота

Ад імя Эўрапарлямэнту выступіла кіраўніца яго дэлегацыі ў адносінах зь Беларусьсю.

«З глыбокай заклапочанасьцю мы атрымалі сёньня новую інфармацыю аб апэляцыі ў судзе над вядомай беларускай апазыцыянэркай Палінай Шарэндай-Панасюк, прызначанай на 13 сьнежня 2024 году. Сёньня мы салідарныя з мужам Паліны Андрэем Шарэндам і яе дзецьмі, Славамірам і Стахам», — адзначае Эўрапарлямэнт у заяве.

Актывістку грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 году на вачах у яе чатырохгадовага сына. За кратамі яна працягвала змагацца за свае правы і адстойваць сваю грамадзянскую пазыцыю перад рэжымам Лукашэнкі. Пасьля першапачатковага двухгадовага зьняволеньня Паліну яшчэ тройчы судзілі ў калёніі, кожны суд дабаўляў ёй яшчэ год.

«Яе зьняволеньне стала практычна бясконцым. За апошнія чатыры гады яна неаднаразова трапляла ў карцар. У турме стан здароўя Паліны значна пагоршыўся. У яе разьвіўся хранічны невылечны панкрэатыт, які ва ўмовах зьняволеньня зьяўляецца сьмяротным прысудам», — адзначыла Малгажата Гасеўская.

«Апошні прысуд быў вынесены 14 кастрычніка, у беларускі Дзень маці. Пасьля разгляду скаргі Паліну зноў накіруюць у калёнію, дзе працягнецца перасьлед і, падобна, падоўжаць тэрмін пакараньня. Улічваючы яе цяперашні стан здароўя, пакуль невядома, ці вытрымае Паліна яшчэ адзін тэрмін зьняволеньня.

Мы самым рашучым чынам асуджаем сыстэмны і паўсюдны перасьлед людзей у Беларусі з боку нэататалітарнага рэжыму Лукашэнкі, які можа быць кваліфікаваны як злачынства супраць чалавечнасьці. Мы заклікаем ЭЗ і яго дзяржавы працягваць працаваць над неадкладным і безумоўным вызваленьнем Паліны Шарэнды-Панасюк і ўсіх палітвязьняў, якія незаконна ўтрымліваюцца ў беларускіх вязьніцах, дзе яны зазнаюць катаваньні і жорсткае абыходжаньне».

Эўрапарлямэнт яшчэ раз заявіў аб «непахіснай прыхільнасьці працягваць працу зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі для максымальнага ціску на рэжым Лукашэнкі дыпляматычнымі сродкамі». Орган заклікаў ЭЗ і яго партнэраў укараніць эфэктыўную сыстэму санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG