Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байкова скардзіцца на здароўе


Сьвятлана Байкова
Сьвятлана Байкова
Пагоршыўся стан здароўя сьледчай па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Сьвятланы Байковай, якая пяць месяцаў знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ.

Пра гэта "Свабодзе" паведаміў яе адвакат Міхаіл Воўчак:

"Цяжкае ў яе становішча, абвастрыліся ўсе хваробы, і якія раней былі, і новыя. Адмоўна на стан здароўя паўплывала і галадоўка, якую яна трымала 16 дзён. Раней яна была больш рухавая".

Сьвятлана Байкова ні разу не была шпіталізаваная за ўвесь час знаходжаньня ў "амэрыканцы". Адміністрацыя ўстановы накіроўвае да яе толькі фэльчара, які робіць патрэбныя аналізы.

Былы муж Байковай Дзьмітры Пацына перадае ёй лекі. Днямі ён атрымаў ліст ад Сьвятланы.

"Адносіны там да яе наплявацельскія, нікому нічога ня трэба", – так ахарактарызаваў стан Байковай у ізалятары яе былы муж.

Адвакат Міхаіл Воўчак зьбіраецца наведаць Сьвятлану Байкову ў найбліжэйшыя пятніцу ці панядзелак у сувязі з кепскім станам яе здароўя. Паводле спадара Воўчака, пакуль што невядома, калі закончыцца сьледзтва.

Сьледчая Генпракуратуры Сьвятлана Байкова была затрыманая супрацоўнікамі КДБ 25 лютага. Крымінальную справу ў дачыненьні да яе старшыня Камітэту дзяржбясьпекі Вадзім Зайцаў завёў днём раней.

Байкову вінавацяць у незаконным вызваленьні ад крымінальнай адказнасьці і ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў.

31 траўня Байкова абвясьціла галадоўку пратэсту. Яна спыніла галадоўку 16 чэрвеня на патрабаваньні лекараў, сваякоў і адваката.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG