Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Смалянаў хочуць бачыць сваю вёску турыстычным цэнтрам


Але яны ня толькі чакаюць інвэстыцыяў у аднаўленьне тутэйшых архітэктурных помнікаў, але й самі спрабуюць зрабіць уласнае мястэчка прывабным для гасьцей.

У вёску Смаляны Аршанскага раёну давялося трапіць разам з паэткай Лерай Сом, якая шукала месца, дзе б на наступны год зладзіць традыцыйны мастацкі пленэр «У пошуках Атлянтыды»:

«Мэта гэтых пленэраў — гэта прыцягненьне ўвагі да тых куткоў нашай Бацькаўшчыны, якія маюць багатую гісторыю, але якія знаходзяцца ў занядбаным стане. Смаляны ў гэтым сэнсе — унікальнае мястэчка. І было вельмі прыемна, што мясцовыя жыхары разумеюць гэтую ўнікальнасьць Смалянаў. Разумеюць, што гістарычныя помнікі, якія яшчэ часткова захаваліся, вымагаюць аднаўленьня. І яны гатовыя самі ў гэтым удзельнічаць і за гэта змагацца».

Лера Сом каля смалянскага касьцёла 1680 году пабудовы.

У Смалянскай школе ёсьць грамадзкі музэйчык, створаны паводле ініцыятывы настаўніка гісторыі, краязнаўцы Віктара Мяжэвіча. Гісторыю роднага краю вывучаюць і захоўваюць таксама ў Смалянскім сельскагаспадарчым каледжы. А вось Аляксандар Ягораў — звычайны пэнсіянэр, які назьбіраў цэлую калекцыю гістарычных артэфактаў у навакольлях найстарэйшых архітэктурных помнікаў мястэчка , касьцёла Найсьвяцейшай Панны Марыі , Аляксееўскай царквы і руінаў славутага замка «Белы Ковель»:

«Я сам нічога не раскопваю. Проста праходжуся так раз-пораз, калі з сабакам гуляю. Вось бачыце? Вось шкло якое было, бутэлечкі розныя…»

Аляксандар Ягораў і ягоны хатні музэй.

Аскепкі кафлі і шкла, каваныя ручкі і замкі — усе гэта ляжыць у скрынях проста на падворку Аляксандра Ягорава. Ён кажа, што прапанаваў у сельсавеце зрабіць музэй і аддаць ўсё туды, але яму адмовілі. Праўда, цяпер сельсавет хаця б пэрыядычна выкошвае траву вакол архітэктурных помнікаў. А кладачку праз ручай, каб было зручна падысьці да руінаў «Белага ковеля», спадар Ягораў зрабіў разам з суседзямі.

«А то ж, бывала, прыяжджаюць і йдуць, задзіраючы ногі — тут жа балота такое было. А калі дзяўчаты ды ў чаравічках прыгожых, дык хлопцы ўсадзяць іх на плечы — і панесьлі».

Славуты «Белы ковель».
Усярэдзіне зруйнаванага касьцёла.
Аляксееўская царква.
Турысты, кажа спадар Ягораў, у Смаляны прыяжджаюць паасобку. Гэта аматары. Да дзяржаўнай палітыкі разьвіцьця мясцовага турызму вясковы пэнсіянэр ставіцца скептычна: лічыць, што гэта толькі пустыя словы, бо на аднаўленьне ўнікальных помнікаў у Смалянах дзяржава не дала ні капейкі, адно што павесілі шыльды «Ахоўваецца дзяржавай». У парадку хіба што пахаваньне Тамаша Зана, прыяцеля Адама Міцкевіча, паэта- рамантыка ХІХ стагодзьдзя, старшыні таварыства «фiларэтаў». Але даглядае яго польскі, а не беларускі бок.

Пахаваньне Занаў на смалянскіх могілках.
У Аляксандра Ягорава ёсьць «бізнэс-плян», як можна было б дасьледаваць і аднавіць тутэйшыя помнікі за невялікія сродкі — пад кіраўніцтвам гісторыкаў і археолягаў, запрасіўшы на дапамогу мясцовых беспрацоўных і аматараў гісторыі.

«Каб прыехалі і напісалі аб’яву: маўляў, запрашаем папрацаваць. Я пайшоў бы першы. Во такія аматары, як я ці вы, памагалі б, і ня столькі ўжо грошай шмат трэба»…

Бясплатна жыхары Смалян ладзяць «суботнікі» па добраўпарадкаваньні мястэчка.

Спадарыня Валянціна, уладальніца адзінай прыватнай крамы ў Смалянах, сьвядома адмовілася ад гандлю півам. Крама «Цэнтральная» месьціцца недалёка ад будынка касьцёла, дзе раней бляшанкі ды плястыкавыя бутэлькі так і храбусьцелі пад нагамі:

«Было так непрыемна: бутэлькі, шклянкі, упакоўкі ад чыпсаў. Усё мы прыбралі. І я ўвогуле не магу на гэтыя п’яныя морды глядзець, прабачце. Уся нацыя сьпіваецца, здаецца. Яны ж тут як засядуць, дык я з гэтай лужка іх ганяю. Бачыце, у мяне ўсё чысьценька, прыбрана!»

Спадарыня Валянціна півам не гандлюе.

Жыхарам Смалянаў паабяцалі, што тут будзе аграгарадок. Але яны хочуць бачыць сваё мястэчка турыстычным цэнтрам, як яно таго заслугоўвае. Верагодна, наступным годам сюды прыедуць мастакі . Але не для таго, каб засьведчыць заняпад — каб насамрэч паспрабаваць прыцягнуць увагу да пэрспэктыўнага турыстычнага накірунку.

Шараговы аграгарадок ці турыстычны цэнтар?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG