Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыкі засьцерагаюць ад летняй сьпёкі


Разам са сьпёкаю доўгачаканае лета прынесла пэўныя праблемы мэдычнага пляну. Паводле адмыслоўцаў зь нямецкага навуковага цэнтру імя Макса Планка, сёлета сярэднегадавая тэмпэратура ў Нямеччыне ды іншых краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы будзе дзесьці на тры градусы вышэйшая за звычайную. Гэта тлумачыць, чаму цяперашняя гарачыня пераносіцца так цяжка. Эўрапейцы скардзяцца на нязвыклыя галаўныя болі, млоснасьць, ацёкі твару, рук і ног, мышачныя сутаргі і гэтак далей.


Пра гэтыя ды іншыя наступствы для здароўя людзей, зьвязаныя з агульным пацяпленьнем клімату, папярэджваюць і экспэрты ЎААЗ (Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя). Яны кажуць, што кліматычныя зьмены наносяць удар па імуннай сыстэме чалавека і спрыяюць міграцыі насякомых — носьбітаў самых розных інфэкцыйных хваробаў. У сувязі з гэтым прагназуецца, сярод іншага, падаўжэньне малярыйнага сэзону, асабліва ў эўрапейскіх краінах.

Міністэрствы аховы здароўя шэрагу краінаў ЭЗ разам з мэдыкамі ды навукоўцамі перасьцерагаюць, што цяперашняе лета стане асабліва цяжкім для сардэчнікаў і алергікаў. Нязвыклая гарачыня можа выклікаць пачашчэньне сардэчнага рытму, што, у сваю чаргу, правакуе разьвіцьцё мікратрамбозаў, інфаркту міякарду, каранарнай недастатковасьці. Таксама сёлета трэба чакаць сапраўднага выбуху астмы — нават у тых, у каго раней падобных рэакцыяў не назіралася. Расьліны сёлета выдзяляюць пылок асабліва буйна, і зь лесапаркавых зонаў ён нават пры невялікім ветры заляціць практычна ў кожны куток гораду.

"Мы мусім падрыхтавацца да пэўных наступстваў і рыхтаваць прэвэнтыўныя захады ў гэтым напрамку", лічаць навукоўцы Цэнтру Макса Планка. Для ўсіх зацікаўленых створаны адмысловы інтэрнэт-сайт, прысьвечаны наступствам гарачага лета. Ён так і называецца —"гарачыня" — "хітцэ": www.hitze.nrw.de.

Спэцыялісты настойліва раяць людзям прыслухоўвацца да ўласнага арганізму, мець побач пітную ваду і неабходныя лекі, а таксама не заставацца наўпрост пад сонцам. Кіраўнікам фірмаў раяць пры магчымасьці скараціць працоўны дзень у гарачыню да пяці гадзінаў.

Паводле прадстаўніка нямецкай асацыяцыі хатніх лекараў Гайнца Ярмаца, "гарачыня патрабуе ад нашага сэрца і кровазвароту працы на 30—40% больш інтэнсіўнай, чым звычайна. На жаль, нашы сасуды далёка не заўсёды спраўляюцца з падобнай нагрузкай. Адна з вонкавых рэакцыяў — ацёкі". Нямецкія мэдыкі раяць тым, хто мае падвышаны ціск, устрымацца ад прыняцьця гіпатэнзіўных лекаў. У сьпёку ціск так ці інакш зьніжаецца, і ад прэпарату ён можа ўпасьці да крытычнай адзнакі.

Доктар Хайнц Ярмац падкрэсьлівае, што ў такую гарачую пару пільную ўвагу трэба зьвярнуць на ежу і піцьцё. Трэба шмат піць, асабліва мінэральнай вады — бо ў гарачыню з потам выводзіцца шмат натрыю, магнію і іншых электралітаў. Таксама доктар Ярмац раіць піць сыроватку, сьвежыя сокі, увогуле спажываць як мага болей гародніны ды садавіны. Адначасна нямецкія лекары ня раяць ужываць алькагольныя напоі. Выключэньне можа скласьці хіба што піва, і то "не на доўгатэрміновай аснове", бо ў гарачыню гэта можа прывесьці да парушэньня цыркуляцыі вадкасьці ў арганізьме. Таксама гучыць парада не захапляцца кавай, а лепш перайсьці на зялёную гарбату.

Мэдыкі заклікаюць пазьбягаць вялікай фізычнай актыўнасьці, аднак пры гэтым адзначаюць, што заняткі лёгкім спортам адыгрываюць у летні час важную ролю. Гэта, напрыклад, шпацыр у прахалодным лесе ці недалёкія паездкі на ровары. Аматарам купаньня трэба мець на ўвазе, што перапад тэмпэратураў, калі рэзка скочыць у халодную ваду, можа прывесьці да спазму сасудаў сэрца. Таму перад воднымі працэдурамі спачатку трэба астыць у цені. Таксама ня варта прымаць ледзяны душ — толькі цёплы. Менавіта пасьля такога душу тэмпэратура паветра падасца ніжэйшай, чым насамрэч.

Як адзначаюць адмыслоўцы, сьпёка найбольш небясьпечная для дзяцей і пажылых людзей. Яны хутчэй пераграваюцца. У выпадках, калі ўсё ж трэба выходзіць у горад, ім трэба штосьці надзяваць на галаву ці браць з сабой парасон ад сонца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG