Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы назвалі галоўных ворагаў здароўя працаўнікоў


Дасьледаваньне Whitehall II, якое праводзіла група навукоўцаў-мэдыкаў на чале з прафэсарамі Хэльсынскага ўнівэрсытэту Мікі Ківімякі і Марыянай Віртанэн, было прысьвечана выяўленьню галоўных сацыяльных фактараў (дэтэрмінантаў) несправядлівасьці ў дачыненьні да здароўя чалавека. Дасьледаваньне доўжыліся больш за 15 гадоў і ахапіла каля 6000 брытанскіх службоўцаў.


Днямі дадзеныя навукоўцаў былі надрукаваныя ў часопісе “European Heart Journal”. Як лічаць дасьледчыкі, галоўны дэтэрмінант здароўя для чалавека, які працуе, — работа звыш нормы. Да дэтэрмінантаў могуць належаць і іншыя фактары: і адносіны з кіраўніцтвам, і ўмовы працы ў офісе — ад мэблі да клявіятуры кампутара.

Згодна з атрыманымі дадзенымі, усе 6 тысяч брытанскіх чыноўнікаў на пачатку 1990-х мелі здаровае сэрца. Аднак за 11 гадоў 369 удзельнікаў памерлі ад розных сардэчна-судзінных паталёгіяў — хто ад інфаркту, хто ад стэнакардыі.

60% так званай “небясьпечнай групы” складалі людзі, якія штодня працавалі тры і болей гадзіны звыш нормы

Зразумела, у кожнага з тых, хто меў кардыялягічныя праблемы, існавалі свае індывідуальныя фактары рызыкі — паленьне, тлустасьць, высокі ўзровень халестэрыну. Агульным жа было тое, што прыкладна 60% так званай “небясьпечнай групы” складалі людзі, якія штодня працавалі тры і болей гадзіны звыш нормы. Сярод іх былі і маладыя людзі, якім удалося ўзьняцца па кар’ернай лесьвіцы.

Навукоўцы выявілі шэраг прычынаў, якія садзейнічалі такім вынікам. Так, напрыклад, праца звыш нормы сфармавала пэўны тып чалавека, якому большую частку часу даводзіцца ўдзельнічаць у канкурэнцыі, а таму заставацца напружаным. Такія людзі схільныя да дэпрэсіяў, страхаў. Яны мала адпачываюць у час паміж заканчэньнем працы і сном, увогуле мала сьпяць. Паводле дасьледчыкаў, усе гэтыя дэтэрмінанты — прадвесьнікі інфарктаў.

У тых, хто працуе цэлымі суткамі, разьвіваецца старэчы маразм

Брытанскія спэцыялісты ў галіне вытворчай мэдыцыны шмат у чым згодныя са сваімі фінскімі калегамі. Яны лічаць, што ў тых, хто працуе цэлымі суткамі, разьвіваецца старэчы маразм. Іншымі словамі, праца звыш нормы мае такое ж нэгатыўнае ўзьдзеяньне, што і сталае паленьне тытуню.

Паводле брытанскага адмыслоўца Джона Чэленара, “адна рэч — лёгкія выкіды адрэналіну, што натуральна для працы ў бюро, іншая — стан пэрманэнтнага стрэсу, які напружвае сэрца, псуе настрой і сон”.

Працяглы працоўны дзень, лічыць экспэрт, непазьбежна падрывае здароўе. Гэта асабліва небясьпечна, калі кіраўнік перагружае свайго супрацоўніка даручэньнямі, бо ў такім выпадку сам супрацоўнік ня здатны кантраляваць сытуацыю.

Сярод дэтэрмінантаў здароўя — санітарныя ўмовы ў офісе, а таксама яго пляніроўка. Офісы з так званай адкрытай пляніроўкай — рассаднік інфэкцыяў. Супрацоўнікам неабходна рэгулярна мыць рукі і патрабаваць ад гаспадарчых службаў, каб тыя чысьцілі кандыцыянэры.

Клявіятура кампутара — небясьпечны офісны атрыбут

Вельмі важна захоўваць правільную паставу на працоўным месцы, бо ад яе залежыць напружаньне вачэй, цягліц і суставаў. На жаль, людзей, якія могуць адрэгуляваць працоўнае крэсла пад свой рост, вельмі мала, лічыць Чэленар. Што да кампутара, то, паводле адмыслоўца, ён бясшкодны для зроку. Затое шкодны так званы электрычны смог — агульнае апраменьваньне ад кампутараў ды іншай электронікі. У якасьці небясьпечных з гледзішча гігіены і здароўя офісных атрыбутаў дасьледчыкі-мікрабіёлягі вылучаюць таксама і клявіятуру кампутара. На адной яе квадратнай цалі знаходзяцца 3295 мікробаў. Для параўнаньня — на такім жа ўчастку ўнітаза (маюць на ўвазе адпаведную гігіенічным нормам прыбіральню) — іх усяго 49. Працуйце толькі на чыстай і спраўнай клявіятуры, раяць навукоўцы.

І яшчэ адзін магчымы дэтэрмінант здароўя, на які раяць зьвярнуць увагу дасьледчыкі. Той, хто лічыць свайго кіраўніка прафэсійна няздатным, часьцей пакутуе на сардэчна-судзінныя захворваньні. Таму, раіць Джон Чэленар, не сьпяшайцеся канфліктаваць са сваім кіраўніком, а лепш паспрабуйце па-добраму пагутарыць зь ім, патлумачыць, што ён паводзіць сабе некарэктна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG