Зь якіх прычынаў беларусы гінуць у вадзе?
У Клецку на Меншчыне ўжо другі дзень шукаюць 22-гадовага юнака, які ня выйшаў на бераг пасьля купаньня ў возеры. Падрабязнасьці пра здарэньне паведаміў «Свабодзе» начальнік выратавальнай станцыі Анатоль Хлышч:
«Учора яго цела шукала спэцыяльная служба вадалазаў зь Менску, але не знайшлі. Сёньня ўжо ад чацьвёртай гадзіны раніцы спробы аднавіліся, але таксама пакуль безвынікова. Мяркую, што мы неўзабаве прыпынім працу, бо спадзяюся, што да 20 гадзіны вечара цела тапельца ўсплыве наверх…»
Выратавальнік Анатоль Хлышч пераконвае, што прычына трагедыі — гарэлка:
«Ён быў моцна п’яны — гэта шмат хто бачыў. А тут у возеры шмат травы. Дзесьці трава яго і закруціла, бо ўсё ж плывец ён быў вельмі добры».
У Беларусі ўжо сёлета патанулі амаль 200 чалавек, прычым пераважна на непрыдатных для плаваньня вадаёмах. Да прыкладу, жыхары Кармянскага раёну на Гомельшчыне змушаныя рызыкаваць, бо спроба мясцовай улады стварыць узорнае месца для адпачынку на возеры Сырскім правалілася. Тлумачыць жыхарка райцэнтру Галіна Лісенка:
«Жывёлагадоўчыя фэрмы стаяць непадалёк. І якраз цяпер гной трапіў у возера. Карыстацца вадой забаронена. А там і альтанкі паставілі, і лодкі зьявіліся, нават катамараны… Усё гэта ёсьць, але ж вада не адпавядае нормам».
Эканамічныя праблемы адбіваюцца і на працы рэгіянальных таварыстваў выратаваньня на водах. Прызнаецца начальнік Гарадзенскай цэнтральнай выратавальнай станцыі Юры Касьцевіч:
«Ну, па першай клясе, калі стаж ёсьць, вадалаз зарабляе да мільёна. А ёсьць у нас яшчэ і матарысты. Дык у іх прыкладна 700 тысяч, і то гэта „ня чыстымі“, без вылікаў. Карацей, невысокія ў нас заробкі. Але дзе яны высокія?..»
Дарэчы, на Гарадзеншчыне цяпер 9 выратавальных станцый і каля 30 пастоў. І гэта прыкладна на 550 вадаёмаў і 530 рэчак.