Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея прайшла 95% свайго шляху ў WTO, Беларусь — толькі 5%


Дзьмітрый Мядзьведзеў: «Мы не дамаўляліся ні пра што іншае з нашымі партнэрамі, акрамя як пра тое, што мы будзем уступаць альбо разам, калі атрымаецца, а калі ступень „прасунутасьці“ наша па перамовах будзе розная — а сёньня гэта так — то будзем уступаць
Дзьмітрый Мядзьведзеў: «Мы не дамаўляліся ні пра што іншае з нашымі партнэрамі, акрамя як пра тое, што мы будзем уступаць альбо разам, калі атрымаецца, а калі ступень „прасунутасьці“ наша па перамовах будзе розная — а сёньня гэта так — то будзем уступаць

У часе перамоваў у Растове-на-Доне з кіраўніцтвам Эўразьвязу прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў агучыў пазыцыю сваёй краіны што да пэрспэктываў уступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (WTO).


Па яго словах, хоць дагэтуль і дэкляраваўся намер ісьці ў WTO супольна зь Беларусьсю і Казахстанам, аднак фармальна Расея не зьвязаная з саюзьнікамі ніякімі абавязаньнямі і гатовая далучацца да арганізацыі самастойна. Экспэрты прадказваюць, што ў такім выпадку Беларусь калі і стане сябрам WTO, то ў апошнюю чаргу.

Народжаная летась ідэя рухацца ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю Мытным зьвязам — фактычна ў складзе Расеі, Беларусі і Казахстану — неўзабаве была пастаўленая пад сумнеў. А пасьля таго, як партнэры пачалі спрачацца па асобных артыкулах Мытнага кодэксу, гаварыць пра агульнасьць памкненьняў і зусім стала не да месца.

Пра рэвізію ранейшых намераў ужо казалі некаторыя расейскія чыноўнікі, а напярэдадні, прымаючы ў рамках саміту «Расея — Эўразьвяз» старшыню Эўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу, кіраўніка Рады ЭЗ Гэрмана ван Ромпэя, міністра замежных спраў ЭЗ Кэтрын Эштан, расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў: пры цяперашнім рознагалосьсі магчымасьць уступленьня Мытным саюзам падаецца прывіднай:

«Мы не дамаўляліся ні пра што іншае з нашымі партнэрамі, акрамя як пра тое, што мы будзем уступаць альбо разам, калі атрымаецца, а калі ступень „прасунутасьці“ наша па перамовах будзе розная — а сёньня гэта так — то будзем уступаць паасобку».

Віктар Чарноў
Палітоляг Віктар Чарноў кажа, што Масква сваім «эмацыйным» рашэньнем ісьці ў WTO адзіным фронтам зь Менскам і Астаной нашкодзіла найперш сабе. Заява Мядзьведзева, па сутнасьці, сьведчыць пра прызнаньне памылковасьці такога варыянту:

«Я ня бачу тут асаблівай сэнсацыі, таму што пра гэта яшчэ раней пачаліся размовы ў расейскім істэблішмэнце, у іхняй вярхушцы. І па гэтых размовах бачна: існуюць дзьве супрацьлеглыя пазыцыі, ідзе барацьба паміж двума лягерамі. Адны, найбольш кансэрватыўныя элемэнты ў Крамлі, хочуць замкнуцца ў рамках Мытнага саюзу (і гэта шмат у чым адпавядае беларускім інтарэсам, пазыцыі многіх беларускіх чыноўнікаў). А зь іншага боку, ёсьць выразная тэндэнцыя абраць у якасьці прыярытэту менавіта інтэграцыю ў глябальны гандаль. І, пачаўшы працэс інтэграцыі, ужо пакрысе падцягваць да гэтага і Мытны саюз. Паказальна, што адну з гэтых тэндэнцый, пачынаючы з чэрвеня 2009 году, агучваў Пуцін, а другую вось — Мядзьведзеў».

Экспэрты лічаць, што да развароту ад ранейшага пляну Расею прымусіла, сярод іншага, і няздольнасьць дамовіцца зь Беларусьсю па найбольш адчувальных пазыцыях у рамках Мытнага саюзу. Патрабаваньні Менску наконт пастаўкі бязмытнай расейскай нафты пры жаданьні захаваць на ранейшым узроўні мыта на аўтамабілі Масква лічыць неабгрунтаванымі. У выніку Мытны саюз пачне дзейнічаць ад 1 ліпеня ва ўсечаным фармаце. Ці далучыцца ў выніку Беларусь да Расеі і Казахстану — пытаньне адкрытае.

Разам з тым, як кажа Віктар Чарноў, спроба «штурму» WTO Мытным саюзам была для Беларусі, бадай, адзінай магчымасьцю зрабіць гэта ў акрэсьленай пэрспэктыве. Цяпер шанцы на тое, каб стаць паўнавартасным удзельнікам глябальнага рынку, зьведзеныя да мінімуму:

«Няма падстаў не давяраць нашым экспэртам, якія так вобразна параўноўваюць шлях нашых дзяржаў да Гандлёвай арганізацыі: калі Расея прайшла 95% свайго шляху ў накірунку WTO, а Беларусь — толькі 5%. Канечне, калі б мы ўступалі ўтрох, гэта падштурхнула б Беларусь уступаць хутчэй. Але Расея ня хоча гэтыя, так бы мовіць, вярыгі на нагах трымаць, ёй, канечне, складана. І я думаю, што ўрэшце пераможа пазыцыя на ўступленьне ў арганізацыю паасобку. Зрэшты, гэта пазыцыя старая, яна была і да 2009 году — усе ўступаюць самастойна. Пакуль Пуцін раптам не зрабіў сваю сэнсацыйную заяву, што трэба ўступаць усім утрох».

Юлія Латыніна
Расейская публіцыстка Юлія Латыніна перакананая, што гульні Крамля зь Менскам прывялі да лягічнай разьвязкі. Кажа, што немагчыма выявіць пераможцу, калі сядаюць гуляць два «шулеры». У дадзеным выпадку, словамі Латынінай, шкада толькі часу, затрачанага на бясплённыя спробы «прышчапіць Лукашэнку вірус дэмакратыі»:

«Лукашэнка — ён жа з катэгорыі шантажыстаў. Беларусь у дадзеным выпадку дзейнічае дакладна гэтак жа, як Паўночная Карэя. Тая разумее, што знаходзіцца, пардон, у задніцы. І, каб прымусіць з сабой лічыцца, пэрыядычна то ўзмацняе, то аслабляе ціск, шантажуючы заходнія краіны абвяшчэньнем вайны. Прычым, нягледзячы на тое, што ў выпадку вайны Паўночная Карэя яе прайграе, для заходніх краінаў важная колькасьць ахвяраў, якія будуць пры гэтым з боку адкрытага сьвету. І вось на розьніцы ўзроўню прымальных ахвяраў Пхэньян і балянсуе. Лукашэнка, канечне, не Паўночная Карэя, але ў прынцыпе ўсе краіны-ізгоі гуляюць у абсалютна аднолькавую гульню. Разумеючы, што зь імі ніхто ня будзе лічыцца, апроч як у выпадках, калі яны пачнуць „выкочваць“ нейкія ўльтыматумы. Але ў дадзеным выпадку абодва бакі — і Беларусь, і Расея — вартыя адзін аднаго».

Беларусь пачала перамовы аб уступленьні ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю ў верасьні 1993 году. Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі праца замарудзілася, а пасьля і ўвогуле была «замарожаная». Адноўленыя ў 2000-х пэрманэнтныя ваяжы беларускіх чыноўнікаў у штаб кватэру WTO ў Жэнэве асаблівага плёну ня маюць. Як вынік — больш за паўтара дзясятка гадоў найважнейшыя працэсы ў міжнародным ган ў WTO длі адбываюцца без удзелу Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG