Цыганкоў: “Прэзыдэнты краінаў СНД на паседжаньні прынялі рашэньне аб сумесных захадах па пераадоленьні наступстваў сусьветнага крызісу. Характэрна, што дакумэнт гэты быў ўнесены па ініцыятыве Беларусі. “Краіны СНД павінныя зьняць усе бар’еры ва ўзаемным гандлі, выключыўшы пратэкцыянісцкія захады”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. Па-вашаму, ці можа быць эфэктыўным такі дакумэнт, улічваючы тое, наколькі розныя эканомікі ў краінаў СНД? Адны зь іх ўваходзяць у WTO, іншыя — не. І ці не зьяўляецца парадоксам, што такую прапанову вылучае Беларусь, якая актыўней за іншых змагаецца зь імпартам і ўводзіць розныя пратэкцыяналісцкія захады па абароне свайго рынку”.
Беларусь за вольны гандаль і за пратэкцыяналізм… адначасова
Быкоўскі: “Калі зьвярнуць увагу на статыстыку, то у СНД узаемны гандаль — гэта пераважна гандаль з Расеяй. Краіны СНД паміж сабой вельмі мала гандлююць. Таму гэты дакумэнт, калі не разглядаць яго як пустую дэклярацыю (як большасьць дакумэнтаў СНД) — то гэта заклік да Расеі пусьціць на яе рынак без абмежаваньняў. Бо абмежаваньні існуюць, і пратэкцыяналізм ёсьць ня толькі зь беларускага, але і з расейскага боку”.
Фёдараў: “Я згодны з Паўлюком, што гэта ініцыятыва сыходзіць ад Беларусі менавіта таму, што яна разьлічвае перш за ўсё ад Расеі атрымаць зьняцьце ўсіх абмежаваньняў у гандлі і мытных тарыфаў. Але да гэтага часу ня вырашана пытаньне з мытным саюзам, якое павінна быць вырашана да пачатку году, — таму не зусім зразумела, навошта прымаць такую заяву.
Па-другое, крызіс цягнецца больш за год. Ці варта было чакаць год, каб унесьці такую прапанову? Здаецца, што зроблена гэта выключна для палітычных дывідэндаў, і ў мяне эфэктыўнасьць гэтай прапановы выклікае вялікія сумневы”.
Цыганкоў: “Калі працягваць тэму мытнага саюзу.. Ці можа гэта прывесьці да пабудовы розных “паверхаў”, розных “узроўняў” інтэграцыі ў СНД? Калі Беларусь, Казахстан і Расея здолеюць заключыць Мытны саюз, як да гэтага паставяцца іншыя?”
Быкоўскі: “Пытаньне Мытнага Саюзу, сапраўды, было б больш дарэчным падчас абмеркаваньня захадаў аб вольным доступе да рынкаў. Але здаецца, гэтаму хвораму (СНД) ужо нічога не дапаможа, і асабліва не зашкодзіць. Новыя міждзяржаўныя надбудовы тут ужо не гуляюць вялікай ролі”.
Ці напалохалі Маскву Лукашэнка з Юшчанкам?
Цыганкоў: “Калі нешта карыснае нясуць саміты СНД, дык гэта двухбаковыя сустрэчы прэзыдэнтаў. Аляксандар Лукашэнка 9 кастрычніка сустрэўся з прэзыдэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам і заявіў: “Мы ў стане прасунуцца ў адносінах у найбліжэйшыя 1,5-2 месяцы”. Пра якія магчымыя прарывы кажа Лукашэнка?
Фёдараў: “Гаворка магла б ісьці пра падпісаньне міждзяржаўнай дамовы, якой супярэчыць тое, што Беларусь дагэтуль не пагаджаецца ратыфікаваць пагадненьне аб дзяржаўнай мяжы. Менск тлумачыць гэта тым, што ўкраінскія прадпрыемствы яшчэ ад савецкага часу завінаваціліся Беларусі 150-200 мільёнаў даляраў. І гэта моцна псавала беларуска-ўкраінскія адносіны. Іншых істотных непаразуменьняў, здаецца, няма.
Вядома, можна было б падумаць пра нейкія
Хутчэй за ўсё, сустрэча Лукашэнкі зь Юшчанкам — гэта нейкія спробы Менску паказаць фігу ў кішэні Маскве.
Быкоўскі: “Ва Ўкраіне на носе выбары, і той бок у палітычнай барацьбе, зь якім Лукашэнка вядзе перамовы, не абавязкова (ці нават малаверагодна) застанецца кіраваць краінай. Там будуць вялікія пэртурбацыі, і з кім ладзіць адносіны пазьней? Таму абяцаньне прарываў — можа быць падарункам Юшчанку, а таксама можа быць пэўны сыгнал у бок Масквы, што, маўляў, мы разам зь Юшчанкам можам аб’яднацца і нешта вылучыць супраць вашай пазыцыі па транзыце. Але сумняюся, што Маскву гэта напалохае.
Што да пытаньня зь межамі, то яно выконвае ролю пэўнай падножкі, каб не пусьціць Украіну ў НАТО. Бо краіне, якая не ўрэгулявала пытаньне са сваімі суседзямі (у тым ліку па межах), вельмі складана ўступіць у НАТО і Эўразьвяз. Таму, хутчэй за ўсё, сустрэча Лукашэнкі зь Юшчанкам — гэта нейкія спробы Менску паказаць фігу ў кішэні Маскве. Але вялікіх наступстваў я ад гэтага не чакаю”.
Адсутнасьць Назарбаева — значная прыкмета
Цыганкоў: “Гэты саміт адметны тым, што ў ім не ўзялі ўдзел прэзыдэнты адразу 4-ох краінаў — Казастану, Туркмэніі, Узбэкістану і Таджыкістану. Казастанскі лідэр Нурсултан Назарбаеў, здаецца, упершыню праігнараваў саміт СНД. Пра што гэта кажа, як гэта характарызуе тое, у што зараз пераўтвараецца СНД?”
Фёдараў: “Тое, што гэта даўно ёсьць клюбам па інтарэсах для прэзыдэнтаў, — гэта відавочна. Але зараз складаецца ўражаньне. Што нават гэты клюб пачынае распадацца. Адсутнасьць Назарбаева, які лічыцца адным з галоўных інтэгратараў на постсавецкай прасторы, — значная прыкмета.
Іншая справа, што адсутнасьць прэзыдэнтаў ні на што не ўплывае, і тыя рашэньні, што прымаюцца на самітах, рэдка калі выконваюцца. Гэта толькі магчымасьць сустрэцца са сваімі калегамі. Але як мы бачым, яны гэта могуць рабіць і па-за межамі самітаў СНД.
Ня думаю, што СНД памрэ пасьля кішынёўскага саміту. Тут шмат прычынаў для існаваньня. Ёсьць вялікі бюракратычны апарат, і вельмі цяжка ліквідаваць структуру, якая ўжо існуе. У гэты апарат можна накіроўваць тых людзей, якія перасталі быць патрэбнымі ва ўладзе сваіх краінаў — асабліва гэта тычыцца Расеі. Ну і нарэшце, той, хто выйдзе з СНД, можа згубіць пэўны рэйтынг у сваіх выбранікаў, бо шмат зь іх добрым словам узгадваюць Савецкі Саюз і ўспрымаюць СНД як ягоную пэўную замену. Той, хто першым пойдзе на разбурэньне СНД, пэўную частку электаральнай падтрымкі страціць”.
Быкоўскі: “СНД — гэта прастора, дзе могуць сустракацца прэзыдэнты, напрыклад, у тых выпадках, калі яны ня могуць сустрэцца афіцыйна сам-насам. Як гэта было з прэзыдэнтамі Грузіі і Расеі, калі ўжо нарасталі канфліктныя зьявы паміж гэтымі краінамі, а Грузія яшчэ была ў СНД.
Чым далей мы адыходзім ад Распаду СССР, тым значэньне гэтай структуры становіцца ўсё меншым. Але я згодны з Андрэем Фёдаравым, што ніхто ня хоча ўбіваць апошні цьвік у труну гэтай арганізацыі. СНД выконвае функцыю, напрыклад, статыстычнага агенства на постсавецкай прасторы, ёсьць магчымасьць абмену пэўнай інфармацыі, якую інакш было б даволі цяжка атрымаць. Я не скажу, што гэта вельмі важная функцыя, каб ўтрымліваць СНД як вялікую структуру, — але гэта ня шкодзіць.
Іншая рэч, што тыя надзеі, якія ўскладаліся на структуры СНД — не такія вялікія. У прадстаўніцтвах працуюць лічаныя дыпляматы. Напэўна, вялікай будучыні за гэта структуры няма”.