Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе тая паўнагрудая мадам, што ўсіх нас павядзе на барыкады?


Мы покуль не народжаны народ,
мы вязьні скамянелых яйцаклетак,
мысьленча запаволены чарот;
хтось падла, хтось зусім яшчэ падлетак,

хтось піша і рыторыкай старой
уводзіць юнакоў у заблужджэньне:
змагар, руплівец, ходаньнік, герой,
тытан, а мо й тытанік адраджэньня.

Стаміліся й губляем лік гадам:
гады ў турме паўзучыя, як гады!
Дзе ж тая паўнагрудая мадам,
што ўсіх нас павядзе на барыкады?

(Андрэй Хадановіч)


Атрымаўшы ад рэдакцыі заданьне асьвятліць у аглядзе рэакцыю блогераў на затрыманьне і зьбіцьцё Франака Вячоркі, Андруся Крэчкі і Зьмітра Пармона, я толькі цяжка ўздыхнуў, мяркуючы, што выявіць гэтую рэакцыю будзе вельмі складана. А што аказалася? Так і аказалася. Дарэмна я залазіў у самыя аддаленыя куты і закуткі блогасфэры, вышукваючы якія-небудзь водгукі - беларускія блогеры прадказальна праігнаравалі падзею. Прадказальна - бо навіны пра тыя ці іншыя рэпрэсіўныя дзеяньні ў адносінах да апазыцыйных актывістаў, якія не сыходзяць зь першых старонак незалежных СМІ, на працягу апошніх гадоў у блогасфэры або праходзяць незаўважанымі, або нават сустракаюцца кепікамі на адрас пацярпелых. І гэта пры тым, што падтрымка дзейнай улады сярод блогераў па-ранейшаму застаецца на ўзроўні статыстычнай хібнасьці.

У чым жа прычына адсутнасьці салідарнасьці з тымі, хто, здавалася б, ёсьць калі не выразьнікам інтарэсаў і спадзеваў, то саюзьнікам у справе супрацьстаяньня супольнаму ворагу? Чаму навіны, якія ў іншых месцах маглі б мець эфэкт выбуху бомбы, у беларускай блогасфэры амаль не выклікаюць эмоцыяў? І зь якой прычыны слова «змагар» стала, па сутнасьці, лаянкавым? («Па-мойму, то бок, я нават па сабе гэта заўважаю, нікому ўжо ня хочацца ўлазіць у шкуру змагароў, ужо неяк няёмка казаць, што ты супраць Лукашэнкі, бо за столькі год ня толькі Лукашэнка абрыд, але й змагары супраць яго...», - яшчэ ў 2007-ым годзе напісаў tranzistr.) Каб атрымаць адказы на гэтыя пытаньні, я зьвярнуўся да чытачоў свайго блогу і ўдзельнікаў суполкі by_politics.

Калісьці вельмі хадавое ўнівэрсальнае тлумачэньне «няправільнасьцяў» беларускай сацыяльнай рэчаіснасьці - «народ хворы» - цяпер ня так папулярнае, але і не зусім забытае:

«Столькі беларусаў ужо зьнішчалі, што тыя рэшткі, якія выжылі, навучыліся вачэй не падымаць і слухацца». (dziki_dzik)

«Вось-вось... усё нібы замерла, памерла ці ў коме... людзі нібы застылі ў бясьсільлі, безнадзеі... мо і абыякавасьць гэта для шмат каго спроба ратаваць сваю псіхіку? Але гэта страшна, страшна, калі люд у такім стане, калі людзей нічога не кранае, не хвалюе і не абурае... Справа ня толькі ў змагарах, але і ў старушках, якія кідаюцца зь 9 паверха, і ў забойствах і згвалтаваньнях і г.д., што ўжо нікога не хвалюе...»
. (nil_la)

«Грузін сябе найлепей пачувае, зьеўшы шашлык зь віном, а беларус - зжэршы беларуса з гаўном...». (majstra)

Іншыя гавораць пра дакучлівую паўтаральнасьць:

«Калі такое адбываецца ўпершыню, то яно кранае, а калі ў дзясяты раз, то ўжо не». (dimabest)

«Прадказальныя рэчы не выклікаюць зьдзіўленьня. Набрыдлыя дзеяньні набрыдлых асобаў не выклікаюць спачуваньня. Неяк так». (revanshist)

Ставяць у віну «змагарам» адсутнасьць перамогаў:

«Калі ўжо змагары дацямяць, што слова "ахвяра" не зьяўляецца сынонінам слова "лідар"! Ахвяраў - хіба што кананізуюць пасьмяротна, але гэта не азначае, што за кімсьці, хто славіцца толькі тым, што яго неаднаразова зьбівалі і ён колькі-там адседзеў - пойдзе натоўп, калі што. Слабых - шкадуюць, ім спачуваюць, але імі не захапляюцца»
. (fox_unexisted)

Найчасьцей жа гучаць абвінавачваньні ў тым, што «змагарства зрабілася прафэсіяй» (lukashyk):

«Вітаючы любыя праявы грамадзянскай актыўнасьці, хачу заўважыць - калі б хлопцы хацелі правесьці велапрабег, яны б яго правялі. Без АМАПу (дакладней, бандытаў у цывільным). Але я, напрыклад, пра велапрабег ня ведаў, а АМАП - ведаў, што цягне за сабой пэўныя высновы». (manchesster)

«У пэўным сэнсе і першыя (мянты), і другія (змагары) фактычна выконваюць свой "прафэсійны абавязак" - такая вось у людзей "праца"». (czy)

«Таму што прафэсійныя ахвяры». (dobroelekarstvo)

«Траўма на вытворчасьці, можна сказаць»
. (sprbll)

«Траўма на вытворчасьці як галоўны прадукт гэтай вытворчасьці». (dobroelekarstvo)

Ня толькі апазыцыйныя акцыі ды іх наступствы, але і скептычныя рэплікі зь іх нагоды насамрэч не адрозьніваюцца навізной і арыгінальнасьцю, адно ўзмацняючы эфэкт бясконцага «Дня сурка», уласьцівы беларускай рэальнасьці. Можна іх зразумець, калі яны належаць гледачам палітычнага спэктаклю, дзея якога кружыць без канца на адным месцы. У тэатры, прынамсі ў клясычным, удзел гледача ў спэктаклі абмяжоўваецца назіраньнем, перажываньнем і вынясеньнем меркаваньня пра тое, што адбываецца на сцэне. Большага ад яго не чакаецца і не патрабуецца. Спадабалася - сядзі і ў ладкі пляскай, не спадабалася - бурчы пад нос.

Аднак наколькі апраўданае гэткае «глядацкае» стаўленьне для апазыцыйна настроенага грамадзяніна, якому ніхто не замінае перайсьці ў разрад дзеючых асобаў і непасрэдна ўплываць на хаду дзеі? Ці прадуктыўнае бясконцае высьцёбваньне іншых «актораў», якія іграюць, як умеюць? У адрозьненьне ад revanshist'a, які лічыць, што ў такім высьцёбваньні ёсьць сэнс - «у сеціве адбываецца тое, што павінна было б адбывацца на партыйных зьездах» - bon70 упэўнены - гэта ніякім чынам ня можа зьмяніць сытуацыю да лепшага:

«Я заўважыў, што многія крытыкі чамусьці паводзяць сябе так, як быццам права на палітычную барацьбу - гэта абмежаваны рэсурс.

Ну вось напрыклад, калі мы кажам пра Лукашэнку, там усё зразумела: гэта - узурпатар улады ў дзяржаве. Дзяржава ў нас адна. Дзяржава існуе за нашы з вамі грошы. Яе палітыка наўпрост закранае нас. Прэзыдэнцкі пост - адзін. У гэтым выпадку мы маем справу з абмежаваным рэсурсам, барацьба за які цалкам апраўдана.

Возьмем апазыцыйную дзейнасьць. У выпадку зь ёй я ніяк ня бачу, што тут можна ўзурпаваць. Крэслы ў парлямэнце? Іх няма. Ці існуюць яны за нашы грошы? Ніякім чынам. Фінансавыя струмені? Пацякуць любому, толькі пакажы сваю эфэктыўнасьць. Такім чынам, тут мы бачым найшырэйшае поле зь неабмежаваным рэсурсам і магчымасьцямі. Хтосьці там ужо спрабуе яго распрацоўваць, але поле ўсё адно велізарнае. Хочаш - далучыся да лібэралаў, хочаш - да камуністаў, хочаш - да Франака. Ёсьць яйцы - стварай сваю партыю.

Зараз - ва ўмовах абмежаванага доступу да належных яму па праве рэсурсам дзяржавы з аднаго боку, і патэнцыйна бясконцым формам удзелу ў апазыцыйнай дзейнасьці - як лягічна паступіць чалавеку, які ў прынцыпе задумваецца пра палітычную рэальнасьць і настроены апазыцыйна?

- Відавочна, калі ён пасіўны - ён знойдзе сабе "зорку" сярод апазыцыйнага спэктру і будзе неяк падтрымліваць яе, выказвацца хоць бы і ў інтэрнэтах.

- Калі ён актыўны - ён знойдзе спосаб самому ўдзельнічаць у палітычнай дзейнасьці, і яму будзе не да тролінгу палітычных сілаў, зь якімі ў яго ёсьць адна агульная мэта - забясьпечыць звычайную палітычную барацьбу за доступ да абмежаванага рэсурсу - улады ў дзяржаве.

Я неяк не магу сярод гэтых актыўнасьцяў знайсьці месца і сэнс для сыстэматычнага тролінгу ў адрас вызначанай часткі апазыцыі (будзь яны хоць пяцьсот разоў <...>) сярод не-электарата Лукашэнкі. Магу растлумачыць гэта толькі псыхалягічнымі чыньнікамі, хоць вам гэта і не падабаецца.

На ўсялякі выпадак, калі хтосьці думае, што палітычным тролінгам у адрас змагароў ён неяк зьмяняе сытуацыю да лепшага, то я скажу, што ён яшчэ большы <...>, чым тыя, кім ён спрабуе такім дзіўным чынам маніпуляваць. Умоўнага Франака ён тролінгам ніяк ня зьменіць, зато бясплатна папрацуе інтэрнэт-шаўкай на карысьць сапраўднага зла...

Зьбіваць міліцыяй мірных грамадзянаў за велапрабег - гэта відавочнае і адназначнае зло. Яно ня мае дачыненьня да палітычных прыхільнасьцяў. У чалавека з нармальнымі маральнымі арыентырамі яно засланяе ўсе прэтэнзіі да тактыкі апазыцыі, якой бы яна ні была»
.

Пры ўважлівым разглядзе гэтыя, на першы погляд, цалкам разумныя развагі выглядаюць варыяцыяй на тэму «хто ня з намі, той супраць нас», то бок інтэлектуальным і палітычным шантажом. Тым ня менш, рацыянальнае зерне ў іх ёсьць - сапраўды ня варта губляць час на жоўчныя прыдзіркі і нападкі, яго ў нас ня надта шмат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG