Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нязваным гасьцям — ніводнага слова без адваката


Ператрус на кватэры Ўладзімера Някляева
Ператрус на кватэры Ўладзімера Някляева

У апошнія дні адбыліся масавыя затрыманьні актывістаў грамадзянскага руху «Гавары праўду», ператрусы ў кватэрах і офісах, канфіскацыя аргтэхнікі, маёмасьці. Многія дзеяньні міліцыянтаў праходзілі з парушэньнямі заканадаўства. Як паводзіцца грамадзяніну ў падобных сытуацыях, як абараніць сябе? Што трэба ведаць пра асноўныя працэдуры ператрусу ды іншых сьледчых дзеяньняў?


Кожны грамадзянін мае права на юрыдычную дапамогу. Гэта права замацаванае артыкулам 62 Канстытуцыі, а таксама адпаведнымі артыкуламі Крымінальна-працэсуальнага і Адміністратыўна-выканаўчага кодэксаў.

Выканаўчы дырэктар Беларускага хэльсынскага камітэту Алег Гулак раіць дэмакратычным актывістам быць падрыхтаванымі і перастрахавацца:

Алег Гулак
«Калі чалавек чакае, што такое можа здарыцца, лепш за ўсё загадзя мець пагадненьне з адвакатам. І калі ты чуеш, што ўжо ломяцца, зваць адваката і ведаць, што ён будзе побач пры правядзеньні ўсіх працэдур».

Процідзеяньне аказаньню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца законам. Хто можа быць прадстаўнікамі абароны грамадзянаў — тлумачыць праваабаронца, былы адвакат Гары Паганяйла:

«Гэта могуць быць прафэсійныя адвакаты, гэта могуць быць праваабаронцы, то бок асобы, якія маюць юрыдычную адукацыю, вопыт работы, якім грамадзяне давяраюць. Але, у адрозьненьне ад адвакатаў, яны працуюць бясплатна».

Да лідэра кампаніі «Гавары праўду!» паэта Ўладзімера Някляева зь ператрусам прыйшлі позна ўвечары, натуральна, адваката побач не аказалася. Ці была магчымасьць не падпарадкавацца? Не пускаць сьледчых у кватэру без сваіх абаронцаў?

Гары Паганяйла
«Ніводнага слова без адваката! Чалавек мае права на бясплатную дапамогу адваката. У нас адладжаная гэтая сыстэма, у кожным райаддзеле ведаюць пра дзяжурных адвакатаў. Асобы, якія затрымалі чалавека, абавязаныя забясьпечыць цягам некалькіх гадзін сустрэчу з адвакатам, кансультаваньне. Канечне ж, Някляеву ніхто пра ягоныя правы не патлумачыў, ператрус адбыўся. І толькі калі ён ноч правёў у пастарунку, родныя забілі трывогу і заключылі пагадненьне з адвакатам».

Калі ў офіс альбо кватэру прыйшлі «нязваныя госьці», трэба патрабаваць, каб яны прадставіліся, уважліва паглядзець дакумэнты, зьвяртаючы ўвагу на прозьвішчы, пасады подпісы, даты, пячаткі. Прычым, гэта трэба зрабіць, яшчэ не ўпускаючы ў кватэру альбо офіс. Часам яны маюць санкцыянаваную пастанову. Але, тлумачыць Гары Паганяйла, бывае і па-іншаму:

«А часам без санкцыянаванай пастановы яны спрабуюць уварвацца ў кватэру: маўляў, мы правядзем ператрус, пакінем вам адпаведны працэсуальны дакумэнт наконт канфіскацыі маёмасьці і гэтак далей».

Карэспандэнтка: «А калі няма такой паперы з санкцыяй пракурора?»

«Тады не пускаць ні ў дом, ні у офіс».

І ўсё ж, калі ператрус непазьбежны, на што зьвяртаць увагу? У актывісткі кампаніі «Гавары праўду» спадарыні Ніны 18 траўня ператрус адбыўся:

«Панятых яны сваіх правезьлі. У мяне правяралі ўсё: і дзіцячыя рэчы, і бялізну дачкі, і лядоўню, і цацкі дзіцячыя перарылі, і пад ванну лазілі»...

Праваабаронца Гары Паганяйла заўважае:

«Практыка паказвае, што гэтыя панятыя — залежныя ад службовых асобаў, часам гэта тэхнічныя супрацоўнікі, міліцэйскія кіроўцы, стажоры, практыканты».

Карэспандэнт: «А можна адвод заявіць?»

«Можна, для гэтых мэтаў у якасьці панятых запрасіць суседзяў, каб у іх прысутнасьці праводзіўся ператрус».

Трэба дакладна ведаць, хто ўпаўнаважаны на правядзеньне ператрусу, хто зьяўляецца сьледчым. І толькі разам з панятымі ён можа дзейнічаць. А ўсе астатнія асобы павінны знаходзіцца за межамі кватэры, кажа Гары Паганяйла:

Нельга дапускаць, каб гэтыя людзі разыходзіліся па пакоях, самастойна рыліся ў рэчах, у дакумэнтах, што ім спадабаецца, вымалі.
«Нельга дапускаць, каб гэтыя людзі разыходзіліся па пакоях, самастойна рыліся ў рэчах, у дакумэнтах, што ім спадабаецца, вымалі. Дзейнічаць павінна толькі адна асоба, упаўнаважаная на правядзеньне сьледчага дзеяньня. Я яшчэ раз паўтаруся: гэта можа быць сьледчы альбо па ягоным даручэньні апэратыўны супрацоўнік гэтага ж аддзелу міліцыі альбо іншага органу крымінальнага перасьледу».

Гаспадар павінен хадзіць сьледам і пільна назіраць за ўсімі дзеяньнямі. Абавязкова зьвяртаць увагу, калі хтосьці пайшоў у іншы пакой без панятых. Невядома, што ён там знайшоў ці, наадварот, пакінуў. Як пратэставаць, калі ператрус праводзіцца з парушэньнямі? Гары Паганяйла раіць:

«Толькі тым, што ўносіць адпаведную скаргу, пратэст у той працэсуальны дакумэнт, які складаецца сьледчым. Альбо вусна прадыктаваць, а сьледчы абавязаны запратакаліраваць вусную скаргу. Сьледчы альбо дазнавацель павінен цягам 24 гадзін дакласьці наглядальнаму пракурору пра паступіўшую скаргу. Пракурор абавязаны ў трохдзённы тэрмін разгледзець гэтую скаргу і даць адказ па сутнасьці».

У актывістаў кампаніі «Гавары праўду» забіралі аргтэхніку, друкаваныя матэрыялы, грошы. Але забралі і дакумэнты, якія ніякага дачыненьня да справы ня мелі. Спадарыня Ніна, у якой ператрус праводзілі як нават не ў падазраванай, а ў сьведкі, распавяла:

«Забралі дакумэнты, якія да кампаніі „Гавары праўду“ і руху „Наперад“ ніякага дачыненьня наагул ня маюць, мае асабістыя дакумэнты на маёмасьць, дакумэнты майго мужа-нябожчыка».

Камэнтар Гары Паганяйлы:

«Гэта грубае парушэньне. Яны забіраюць усё, што хочуць. Гэта паліцэйская сваволя. Ну якое дачыненьне маюць дакумэнты нябожчыка да ўсяго гэтага?»

У пункце 3 артыкулу 204 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу дакладна прапісана, што выняцьцю падлягаюць толькі тыя рэчы, якія могуць мець дачыненьне да дадзенай справы. Ці можна пярэчыць, калі забіраюць аргтэхніку, якая належыць іншым чальцам сям’і? Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

Андрэй Бастунец
«Па-першае, падчас ператрусу мусяць забіраць толькі тыя рэчы, якія маюць адносіны да справы. Лічу гэта наагул паказьнікам прававой сытуацыі ў Беларусі, калі ў сьведак забіраюць кампутары, грошы, асабістыя рэчы. На жаль, у грамадзянаў ёсьць няшмат магчымасьцяў супрацьстаяць гэтаму. Можна зьвяртаць увагу, што кампутар зьяўляецца абсталяваньнем да прафэсійнай дзейнасьці, наагул не належыць да канкрэтнага чалавека. Але наколькі гэтыя аргумэнты будуць пачутыя, гэта ўжо іншая справа».

Скаргі пра парушэньні можна падаць і пазьней — з удзелам адваката альбо праваабаронцы. Меркаваньне Алега Гулака:

«Скаргі пісаць трэба ў любым выпадку, бо інакш, калі ты пасьля будзеш нешта пярэчыць, скажуць: „А чаго ж вы не пісалі скаргі?“. Хаця вялікай надзеі, што яны нешта зьменяць, няма. Але пісаць трэба ў любым выпадку».

Апошнія падзеі ў краіне яшчэ раз паказалі: грунтоўная юрыдычныя падрыхтоўка, веданьне законаў неабходныя кожнаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG