Старшыня абласной арганізацыі БНФ Валер Пуціцкі апавёў:
«Забралі прынтэр і сыстэмны блёк кампутара. Забралі ўсе ўлёткі, усе газэты. Падшыўкі газэт „Тут і цяпер“, „Свабода“, „Рэчыцкі агляд“. Забралі, бюлетэні, якія выдавала „Вясна“: агляд-хроніку правоў чалавека, маніторынг па выбарах, а таксама дыскі зь песьнямі й музыкай. Усё, што было, — усё пазабіралі».
Напярэдадні ў Рэчыцы правялі ператрус у доме прадпрымальніка, старшыні абласной арганізацыі БСДГ Алега Шабетніка. У яго канфіскавалі кампутар дзяцей і ягоны ўласны, дзе ўтрымліваецца дакумэнтацыя пра дзейнасьць прыватнага прадпрыемства.
Былі затрыманы таксама маладзёвыя актывісты Арцём Забіран і Кастусь Змушко — яны несьлі газэты «Тут і цяпер».
Ужо сёньня гомельскія актывісты, якія 18 траўня патрапілі пад рэпрэсіі, пачалі рыхтаваць скаргі ў пракуратуру. У іх ліку й Валер Сьляпухін, інжынэр-мэнэджэр таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Гомельанлайн». Апрача паштовак зь лягатыпам кампаніі «Гавары праўду!», у яго забралі шмат тэхнікі, і ня толькі асабістай:
«Ператрус праводзіла шмат людзей — галоўны зь іх Юрый Зінчанка, старшы сьледчы УУС, маёр. У мяне забралі два ноўтбукі, кампутар, кучку камплектуючых, маніторы, сканэры, два прынтэры — шмат тэхнікі. І не патлумачылі мне, што канкрэтна шукаюць. Штосьці з забранага было маё, а штосьці стаяла ў мяне на дыягностыцы. Я ж займаюся прыёмам тэхнікі на гарантаванае абслугоўваньне, бо працую ў кампутарнай фірме й непасрэдна зьвязаны з кампутарнай тэхнікай».
Рыхтуюць скаргі экс-дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Юрый Варонежцаў і ягоная жонка, у кватэры якіх міліцыянты пяць гадзінаў рабілі ператрус. Найперш сям’я скардзіцца на нанясеньне істотнай шкоды няпоўнагадовай дачцы й сыну-інваліду — у іх таксама адабралі кампутары.