Ад чаго залежыць лёс незарэгістраванага Саюзу палякаў, ці ёсьць надзея на працу супольнай беларуска-польскай камісіі, пакліканай у гэтай справе сёлета? Намесьнік Анжалікі Борыс Андрэй Пачобут:
“Вырашэньне праблемы Саюзу палякаў цалкам залежыць ад добрай волі беларускіх уладаў. Ці ёсьць такая добрая воля? Гэта будзе спраўджана цягам бліжэйшага часу. Гэта зьвязана з працай беларуска-польскай камісіі, якая мае выпрацаваць шляхі выхаду з сытуацыі. Адно паседжаньне адбылося. Вядома, што працаўнік камісіі з польскага боку — намесьнік міністра замежных справаў Анджэй Крэмер загінуў у катастрофе пад Смаленскам, што, безумоўна, ускладніла сытуацыю”.
Паміж двума саюзамі палякаў — праўладным і тым, якім кіруе Анжаліка Борыс, ніякіх дачыненьняў па-ранейшаму няма. Намесьнік кіраўніка праўладнага Саюзу Мечыслаў Лысы кажа з гэтай нагоды:
“Мы ўвесь час заяўляем, што адкрытыя для працы, для дыялёгу, для супрацоўніцтва. Але, наколькі я разумею, яшчэ з 2008 году той бок заняў такую пазыцыю — мы ня будзем размаўляць з палякамі, “стаўленікамі” і так далей, а будзем толькі з уладамі весьці размову. Карацей, яны рэзка паставілі пытаньне так. Абсурдна, што палякі з палякамі ня хочуць размаўляць. Але гэта ня мы ставілі так пытаньне”.
Што датычыць цяперашняй палітычнай сытуацыі ў краіне, ці на карысьць яна Саюзу палякаў, які дзейнічае напаўлегальна?
Пачобут: “Агульны палітычны настрой у краіне, набліжэньне перадвыбарчай кампаніі прэзыдэнцкай і закручваньне гаек, якое заўжды адбываецца напярэдадні важных палітычных падзеяў у Беларусі, усё гэта не спрыяе таму, каб гэтае пытаньне цяпер было вырашана. Разам з тым надзеі ёсьць на гэта. Паглядзім — як будуць разгортвацца падзеі. У любым выпадку, калі нічога не прынясе праца гэтай камісіі, саюз палякаў працягне дзейнічаць у тых умовах, яу якіх ён знаходзіцца”.
Вядома, што фірма “Палёніка”, праз якую паплечнікі Борыс ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць, зазнала сёлета ціск: яна пакарана вялікімі штрафамі, маёмасьць апісана. Тым часам афіцыйны Саюз палякаў, наадварот, толькі нядаўна зарэгістраваў прадпрыемства, якое будзе займацца гандлем і вытворчасьцю.
Лысы: “Зразумела, каб гэта падтрымліваць усё — вывучэньне мовы, працу ансамбляў, павінны быць фінансавыя сродкі. Калі да 2005 году ішло фінансаваньне з таго боку, то цяпер яго няма. А культура, адукацыя павінны заўсёды кімсьці фінансавацца. Тут не стаіць задача зарабляць сродкі. А Сямашка крыху па-іншаму пачынае паварочваць, гэта ня так хутка робіцца: раз такая сытуацыя, давайце самі будзем зарабляць на сябе стварэньнем нейкіх прадпрыемстваў. І сёе-тое па Горадні атрымліваецца, наколькі я ведаю”.
Спадар Лысы зазначае, што польскія ўлады аргнізацыю Сямашкі па-ранейшаму не прызнаюць і не ўпускаюць на тэрыторыю Польшчы яе ўдзельнікаў. Магчыма, супольная беларуска-польская камісія зможа штосьці зьмяніць для паплечнікаў Сямашкі, выказвае спадзяваньне яго намесьцік Мечыслаў Лысы.