Пра гэта паведаміў адзін з кіраўнікоў незарэгістраванага Саюзу палякаў Андрэй Пачобут. Зьмена артыкулу азначае, што сьледзтва лічыць: злоўжываньне зроблена Тэрэсай Собаль аднаасобна, сказаў ён. Нагадаем, што спадарыня Собаль актыўна падтрымлівала Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс, які не прызнаецца ўладамі. Праз гэта супраць яе распачалі крымінальную справу, пазьней міліцыянты занялі івянецкі Дом польскі, Тэрэсу Собаль ды іншых актывістаў прымусам вывелі зь яго, а будынак апячаталі. Затым валожынскі суд прыняў рашэньне, сутнасьць якога ў тым, што Тэрэса Собаль ня можа больш знаходзіцца ў Доме польскім.
Што датычыць крымінальнай справы, яе зьмест у тым, што Тэрэсе Собаль кіраўніцтва СПБ, якое знаходзіцца ў Горадні, пры канцы 2004 году — разам з іншымі кіраўнікамі дамоў польскіх — выдала па выніках працы грашовую дапамогу. Гэта сьледзтва лічыць злоўжываньнем службовым становішчам.