Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрабонды пад пераабраньне Лукашэнкі


Аляксандр Лукашэнка даў ураду права выпусьціць эўрааблігацыі на суму 2 мільярды даляраў. Незалежныя экспэрты мяркуюць, што гэтыя грошы хочуць пазычыць пад прэзыдэнцкія выбары.

Пра выпуск першых беларускіх эўрааблігацыяў ва ўрадзе пачалі гаварыць зь лета 2007 году. Аднак беларускі дэбют на сусьветным фінансавым рынку ўвесь час адкладваўся. Спачатку не было такой вострай патрэбы, бо Беларусь яшчэ мела істотную падтрымку з Расеі, затым – у сувязі з пачаткам сусьветнага эканамічнага крызісу.

Дазвол на разьмяшчэньне эўрабондаў А. Лукашэнка даў меней чым за год да чарговых прэзыдэнцкіх выбараў. Урад атрымаў права ў 2010—2011 гадах выпусьціць за мяжой аблігацыі на суму да 2 мільярдаў даляраў з тэрмінам звароту не менш за пяць гадоў.

Урад Беларусі ўжо прызначыў у якасьці арганізатараў разьмяшчэньня эўрааблігацыяў Deutsche Bank AG, BNP Paribas, The Royal Bank of Scotland і "Сбербанк" Расеі.

У Мінфіне пакуль адмаўляюцца камэнтаваць магчымыя ўмовы разьмяшчэньня эўрабондаў. Гаворыць афіцыйная прадстаўніца Мінфіна Беларусі Алена Сьліжэўская:

"У мяне зараз ёсьць дакладнае ўказаньне аб тым, што пакуль на бліжэйшы час мы камэнтароў на гэтую тэму не даём".

Раней у Мінфіне казалі, што выпуск эўрабондаў заплянаваны менавіта на 2010 год, прычым непасрэднае рашэньне будзе залежаць ад бягучай сытуацыі на рынку. Тое, што аблігацыі будуць разьмяшчаць сёлета, пацьвярджае і рашэньне А. Лукашэнкі павялічыць на 1,5 мільярда даляраў ліміт зьнешняга дзяржаўнага доўгу Беларусі на бягучы год – да 11 мільярдаў даляраў. На 1 красавіка зьнешні дзяржаўны доўг Беларусі ўжо складаў 8,45 мільярда даляраў.

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч падкрэсьліў, што працэнты па эўрабондах будуць у 2-3 разы вышэйшыя, чым па крэдытах МВФ, Сусьветнага банку ці ЭБРР.

Станіслаў Багданкевіч
"Гэта будуць дарагія крэдыты, улічваючы наш нізкі крэдытны рэйтынг. Калі ёсьць магчымасьць узяць крэдыт пад праграму, узгодненую з МВФ, выгадную для Беларусі, чаму трэба адмаўляцца ад гэтага і браць больш дарагія крэдыты на эўрапейскім рынку?"

А. Лукашэнка ў красавіку гэтага году афіцыйна заявіў, што Беларусь больш ня будзе браць крэдытаў МВФ, бо такой неабходнасьці няма, а празь месяц дазволіў браць запазычаньні на горшых умовах. Гэтую супярэчнасьць Станіслаў Багданкевіч тлумачыць наступным чынам:

"Думаю, што гэта зьвязана з тым, што перад выбарамі ён не хоча зьвязваць сабе рукі ў пляне правядзеньня неабходных для Беларусі структурных рэформ, якія могуць пацягнуць за сабою сацыяльныя праблемы накшталт росту беспрацоўя".

Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што на наступны крэдыт МВФ складана і разьлічваць, бо не ўсе абяцаньні ўрада перад гэтай арганізацыяй, зьвязаныя зь першым крэдытам, выкананыя.

Леанід Злотнікаў
"А грошы патрэбныя. І патрэбныя зараз, асабліва перад правядзеньнем прэзыдэнцкіх выбараў. Таму Лукашэнка гатовы заплаціць і высокія працэнты пры разьмяшчэньні эўрабондаў. Але ў Беларусі такі нізкі крэдытны рэйтынг, і зараз вельмі не хапае грошай і на сусьветным фінансавым рынку, таму цяжка разьлічваць на тое, што гэтыя эўрабонды будуць рэалізаваныя".

Пакуль Беларусь укладваецца ў міжнародныя стандарты дзяржаўных запазычаньняў, мае крэдытаў меней за 50 працэнтаў ВУП – каля 20 працэнтаў. Аднак запазычанасьць імкліва расьце. Толькі за мінулы год яна падвоілася. Леанід Злотнікаў мяркуе, што трэба браць пад увагу і пазыкі дзяржаўных прадпрыемстваў, за якія таксама часам даводзіцца разьлічвацца ўраду. З іх улікам доўг Беларусі складае больш за 20 мільярдаў даляраў. І невядома, за кошт чаго яго будуць аддаваць.

"Грошы бяруць, каб разьвіць вытворчасьць, атрымаць дадатковыя прыбыткі і даходы ад экспарту і за гэты кошт вярнуць гэтыя пазыкі. У нас жа пазыкі бяруцца ў асноўным на тое, каб іх праесьці. Асабліва зараз, калі трэба падтрымаць заробкі насельніцтва. Таму гэтыя пазыкі пойдуць на праяданьне, і вяртаць іх будзе вельмі цяжка".

Леанід Злотнікаў і іншыя незалежныя экспэрты перакананыя: крэдыты трэба браць пад эканамічныя рэформы, а не пад палітычныя кампаніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG