Цыганкоў: Наколькі рэалістычная такая пастаноўка пытаньня — «прарасейскі кандыдат ад апазыцыі, які будзе падтрыманы Крамлём»? Хіба можа памяняцца традыцыя, паводле якой Крэмль заўсёды падтрымліваў на выбарах Лукашэнку?
Мацкевіч: На ўсіх папярэдніх выбарах заўсёды знаходзіўся нейкі прамаскоўскі кандыдат, прынамсі, заўсёды камусьці гэта прыпісвалася. Але мне падаецца, што ніводзін зь іх ніколі не дабіраўся нават да збору подпісаў і не станавіўся рэальным кандыдатам у прэзыдэнты. З рэальных кандыдатаў — Ганчарык, Домаш, Мілінкевіч, Казулін — ніхто ня быў прамаскоўскім кандыдатам.
На сёньня я думаю, што Масква па-ранейшаму шукае нейкія крэатуры ў Беларусі, але ня думаю, што яна можа спыніцца на кімсьці, хто
Проста неверагодна, што Масква магла б паставіць на Саньнікава.
Зь іншага боку, я добра ведаў Саньнікава больш за 13 гадоў, з часу, калі стваралася «Хартыя-97». І на той момант падумаць пра Саньнікава, што ён можа быць прамаскоўскім кандыдатам, не было ніякіх падставаў. І хаця мы даўно асабіста не кантактавалі, я ўпэўнены, што і сёньня Саньнікаў ніякім чынам не зьяўляецца прамаскоўскім.
Цыганкоў: Сама фармулёўка выглядае даволі камічна: «лідэр „Эўрапейскай Беларусі“ —прамаскоўскі кандыдат». Па-вашаму, каму больш выгадна гэта паведамленьне — самому Саньнікаву ці ягоным апанэнтам?
Мацкевіч: Я б хутчэй спыніўся на вэрсіі, што гэта хутчэй сьведчыць пра наіўнасьць заходніх экспэртаў і аналітыкаў. Заходнія журналісты могуць купіцца на нейкую плётку і чутку, якую ім выдасьць чалавек, якому яны давяраюць. Я думаю, у Саньнікава дастаткова нядобразычліўцаў, якія могуць такое сказаць. Але гэта проста ня мае ніякіх фактычных падставаў.
Іншая справа, што я не лічу Саньнікава нейкім рэальным прэтэндэнтам, у яго мала шанцаў на тое, каб стаць кандыдатам у прэзыдэнты. Таму гэта такая валтузьня аўтсайдэраў паміж сабой. Але нават такая валтузьня, такі піяр мусіць абгрунтоўвацца нейкімі сапраўднымі рэчамі, а ня плёткамі і чуткамі.