Спадар Саньнікаў у сувязі з гэтай публікацыяй адказаў на пытаньні «Свабоды».
Карэспандэнт: «Вы згодныя, што вы больш прарасейскі палітык?»
Саньнікаў: «Калі казаць, хто я, то я беларус. Ні заходні, ні ўсходні. Я заўсёды выступаю за адстойваньне беларускіх нацыянальных інтарэсаў. Што тычыцца Захаду і Расеі, то гэтыя адносіны павінны дапамагаць Беларусі. Бо гэта шматгранна, шматбакова, а ня толькі Брусэль, Масква і Вашынгтон. Я ўжо раней выказаў, на якіх умовах мы павінны размаўляць з Расеяй, а ў Расеі чакаюць, каб адбыліся сур’ёзныя размовы па ўсім комплексе стасункаў».
Карэспандэнт: «Як піша аўтар артыкула, сёлета Расея можа запісаць на свой рахунак два скальпы — Юшчанкі і Бакіева, на зьмену абодвум прыйшлі прэтэндэнты, якія ставяцца да Масквы больш прыязна. Далей „мішэньню нумар адзін можа быць Грузія і прэзыдэнт Саакашвілі, а мішэньню нумар два, — мяркуюць аглядальнікі, — можа стаць Лукашэнка“. Скажыце, наколькі, з вашага гледзішча, валодаюць сытуацыяй аўтары артыкула?»
Саньнікаў: «Людзі, якія пішуць гэта, знаходзяцца ў Маскве, у маскоўскім бюро гэтага выданьня. Я магу камэнтаваць толькі тое, што яны пішуць. Камэнтаваць, наколькі яны валодаюць сытуацыяй, я не магу. Скажу толькі, што гэта зусім розныя сытуацыі — Саакашвілі і Лукашэнка. Асабіста я нават не хацеў бы камэнтаваць дачыненьні Масквы і Тбілісі. Наша ж сытуацыя ўсім відавочная. Тут улада збанкрутавала. Тая ізаляцыя, якая была ў дачыненьнях з Захадам, цяпер адчуваецца ў дачыненьнях з Расеяй».