На думку журналістаў выданьня, Масква адыграла ключавую ролю ў сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне і ў гвалтоўнай зьмене ўлады ў Кіргізстане. Гэта натхняе Крэмль на новыя спробы зьмяніць рэжым у краінах, якія ў Расеі па-ранейшаму завуць "блізкім замежжам".
Мэтай №1, паводле артыкулу, зьяўляецца Грузія, а наступнай у сьпісе можа стаць Беларусь, пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў платы за ваенныя базы і прыняў у Беларусі зрынутага кіргіскага прэзыдэнта Курманбека Бакіева. "Расея жахліва стамілася ад Лукашэнкі і шукае прыстойнага лідэра каб яго замяніць," – цытуе Newsweek экспэрта Маскоўскага цэнтру палітычных тэхналёгіяў Ігара Буніна.
Паводле выданьня, кандыдатам Крамля мог бы стаць Андрэй Саннікаў, якога называюць "не надта блізкім з Захадам". Саньнікаў заявіў, што гатовы прыняць расейскую дапамогу, піша Newsweek і цытуе словы Саньнікава пра тое, што Лукашэнка «апошнім часам напалоханы, пасьля таго, як пабачыў, як Расея можа падтрымаць рэвалюцыю ў былых савецкіх краінах".