Удзельнікі: старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас і каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Зьміцер Бандарэнка.
Ці патрэбная кансалідацыя вакол адзінага кандыдата?
Валер Карбалевіч: «Існуюць розныя думкі, сцэнары правядзеньня прэзыдэнцкай кампаніі. Найперш, давайце паспрабуем адказаць на пытаньне: ці патрэбная ўвогуле кансалідацыя дэмакратычных сілаў? Ці патрэбнае аб’яднаньне, вызначэньне адзінага кандыдата?»
Калі нам супрацьстаіць кансалідаваная вэртыкаль, дзеля перамогі патрэбная кансалідацыя ўсіх дэмакратычных сілаў.
Зьміцер Бандарэнка: «Прэзыдэнцкая кампанія — гэта час, калі адбываецца натуральная мабілізацыя грамадзтва. Пра гэта сьведчыць досьвед папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў. І мы ня маем права змарнаваць шанец цяпер. Бо акрамя выбараў яшчэ адным мабілізацыйным фактарам зьяўляецца крызіс. Безумоўна, павінна быць каардынацыя дэмакратычных сілаў. Але ў мяне ёсьць сумнеў, ці магчымы выбар адзінага кандыдата».
Карбалевіч: «Пакуль мы абмяркоўваем пытаньне не пра тое, ці магчымы выбар адзінага кандыдата. Пытаньне пра тое, ці патрэбен увогуле адзіны кандыдат».
Бандарэнка: «У ідэале, магчыма, і патрэбен быў бы. Але ў тых умовах, у якіх мы сёньня знаходзімся, ня думаю што гэта магчыма і што гэта будзе рацыянальны сцэнар».
Карбалевіч: «Падаецца, што ніякіх аб’ектыўных перашкодаў на гэтым шляху няма. Галоўная перашкода — гэта суб’ектыўны чыньнік. Няма палітычнай волі і адказнасьці палітычных суб’ектаў і іх лідэраў».
Колас: «Аргумэнты, што гэта немагчыма, мы чулі ня раз. Сапраўды, прычыны гэтага суб’ектыўныя. Нехта можа пагадзіцца на выбар адзінага кандыдата пры ўмове, што адзіным кандыдатам будзе ён. Нехта хоча мець гарантыі, што адзіным будзе ён. Нехта ня хоча ўдзельнічаць у працэдуры, бо ўпэўнены, што яго ня выберуць у гэтай якасьці.
Здольнасьць ісьці на кансалідацыю, ахвяраваць уласнымі амбіцыямі дзеля адзінай справы — гэта рысы, якія вызначаюць прафэсійную прыдатнасьць палітыка. Калі нехта ідзе на выбары, каб вырашыць свае ўласныя праблемы ці праблемы сваёй арганізацыі, то гэтай справе наканавана параза».
Сумненьні наконт вылучэньня адзінага кандыдата
Бандарэнка: «Раней я быў цьвёрдым прыхільнікам ідэі адзінага кандыдата. Але пасьля кампаніі 2006 году ў мяне зьявіліся сумненьні. Хоць адзіным кандыдатам быў выбраны Мілінкевіч, менавіта чыньнік Казуліна надаў кампаніі гучнасьць і надзею, бо Казулін быў больш дынамічны.
Раней я быў цьвёрдым прыхільнікам ідэі адзінага кандыдата. Але пасьля кампаніі 2006 году ў мяне зьявіліся сумненьні.
Карбалевіч: «Ці правільна я зразумеў вас, сп. Бандарэнка, што калі адзіным кандыдатам ня будзе Саньнікаў, то адзіны кандыдат увогуле не патрэбен?»
Бандарэнка: «Пераможны сцэнар і сцэнар адзінага кандыдата — гэта розныя рэчы. Вось украінскія паліттэхнолягі кажуць, што вам у Беларусі патрэбна спачатку вылучыць некалькі дэмакратычных кандыдатаў, і толькі потым трэба, каб гэтыя кандыдаты склаліся пад моцнага.
Мы выступаем супраць штучных бюракратычных працэдураў, прапанаваных людзьмі, якія ня маюць часта досьведу ні правядзеньня прэзыдэнцкіх кампаній, ні вулічнага змаганьня».
Карбалевіч: «Сп. Бандарэнка, вы сказалі, што патрэбна спачатку вылучыць некалькі дэмакратычных кандыдатаў, і толькі потым яны аб’яднаюцца вакол самага моцнага кандыдата. Потым — гэта калі?»
Бандарэнка: «Не лічу неабходным агалошваць розныя сцэнары».
Колас: «Можна пагадзіцца, што мадэлі вызначэньня адзінага кандыдата на папярэдніх выбарах былі ня самымі лепшымі. Але канкурэнцыя паміж кандыдатамі на стадыі збору подпісаў непрадуктыўная. Бо калі каманда кандыдата набірае разгон, сабрала шмат подпісаў, то на такой стадыі саступіць, зьняцца, дамаўляцца аб кампрамісах, аб’яднаньні значна цяжэй. І да таго ж пры такім сцэнары мы страчваем такі важны рэсурс, як час. На чыю карысьць гэта працуе, вядома».
Карбалевіч: «Сапраўды, вылучаць адзінага кандыдата пасьля збору подпісаў дрэнна зь некалькіх прычын. Напрыклад, калі сілы апазыцыі будуць расьцярушаны, то можа так здарыцца, што ўвогуле ніводзін дэмакратычны кандыдат не зьбярэ 100 тыс. подпісаў.
Затым, інфармацыя пра тое, хто сабраў 100 тыс. подпісаў, стане вядомая ў рэальнасьці толькі за тры тыдні да даты галасаваньня. А з улікам датэрміновага галасаваньня — то ўвогуле за два тыдні. За такі час аб’яднацца вакол адзінага кандыдата, „раскруціць“ яго ў нашых дэмакратычных умовах вельмі цяжка».
Якая можа быць працэдура вызначэньня адзінага кандыдата?
Бандарэнка: «Сумненьні ёсьць ня толькі наконт бюракратычнай працэдуры, але і наконт таго, хто будзе яе выконваць. Вось Рада беларускай інтэлігенцыі абвясьціла, што яна мае права вызначыць адзінага кандыдата. Вось дзесяць моладзевых арганізацый мінулым тыднем заявілі, што яны будуць вызначаць адзінага кандыдата. Вось партыя БХД прэтэндуе на вызначэньне „адзінага“. І ва ўсіх свае крытэрыі. Будзе тры адзіныя кандыдаты ад гэтых структур. Я ўсіх іх паважаю, але такія штучныя падыходы не прывядуць нас да перамогі».
Карбалевіч: «Сапраўды, слушнае пытаньне: а судзьдзі хто? Якія б ні былі дрэнныя працэдуры выбару адзінага падчас папярэдніх кампаній, але яны прывялі да выніку: адзіны кандыдат быў выбраны, і брэнд адзінага кандыдата дадаў Ганчарыку і Мілінкевічу шмат галасоў. Сп. Колас, чым вашая мадэль выбару адзінага кандыдата лепшая за тыя, якія выкарыстоўваліся падчас папярэдніх кампаній?»
Колас: «Я не лічу, што нашая працэдура лепшая. Мы не ўзурпуем права вызначаць „адзінага“. Мадэль „праймэрыз“ у нашых недэмакратычных умовах рэалізаваць цяжка.
Мы прапануем, каб адзінага кандыдата выбралі з дапамогай круглых сталоў, у якіх будуць удзельнічаць кандыдаты на пасаду прэзыдэнта. І каб гэтыя прэтэндэнты заявілі, што будуць працаваць на адзінага кандыдата, які будзе імі абраны.
Калі такім чынам адзінага кандыдата вызначыць ня ўдасца, тады можна выкарыстаць працэдуру вызначэньня з дапамогаю экспэртаў. Але гэта не бюракратычная працэдура. Бо ў склад нашай рады ўваходзяць людзі дасьведчаныя, якія маюць вялікі жыцьцёвы досьвед і пэўныя дасягненьні. І потым гэтае рашэньне будзе вынесена на кангрэс дэмакратычных сілаў. Прэтэндэнты маюць права вэта, яны могуць выкрасьліць зь сьпісаў тых экспэртаў, якіх яны лічаць заангажаванымі ў адну з камандаў прэтэндэнтаў. Альтэрнатываю такому падыходу будзе разьяднанасьць, а гэта на карысьць уладзе».
Бандарэнка: «Калі Рада беларускай інтэлігенцыі выбера адзінага кандыдата, то каманда Саньнікава будзе весьці перамовы з гэтым чалавекам».