Арганізатарам венскай канфэрэнцыі выступіла аўстрыйская навукова-кансультатыўная рада (WBF). Яна вывучае, як выпраменьваньне сучасных электронных прыладаў, у тым ліку тэлефонаў, узьдзейнічае на здароўе чалавека. У арганізацыю ўваходзяць прадстаўнікі розных галінаў мэдыцыны і фізыкі. На імпрэзе былі прадстаўленыя вынікі 129 дасьледаваньняў, выкананых навукоўцамі з розных краінаў сьвету.
Экспэрты адзначаюць, што нават вельмі інтэнсіўнае карыстаньне электроннымі прыладамі не спрыяе ўтварэньню ракавых пухлінаў, а ў некаторых выпадках нават абараняе ад пэўных хваробаў.
У якасьці аднаго з доказаў была прыведзена сэрыя экспэрымэнтаў амэрыканскіх навукоўцаў са штату Флорыда. Адмыслоўцы вывучалі ўзьдзеяньне мікрахвалевага апраменьваньня на мышэй. Як высьветлілася, апраменьваньне частотамі, блізкімі да тых, на якіх працуюць мабільнікі, ня шкодзіць унутраным органам, у прыватнасьці — не прыводзіць да росту пухлін галаўнога мозгу, пячонкі, лёгкіх. Больш за тое, падобнае апраменьваньне ліквідуе пашкоджаньне памяці ў мышэй.
Вынікі дасьледаваньня былі перададзеныя ў Цэнтар вывучэньня хваробы Альцгеймэра. Яе галоўныя прыкметы — бэта-амілоідныя бляшкі на сасудах мозгу, якія ўдаецца ліквідаваць высокачастотным апраменьваньнем. Паводле навукоўцаў, такія бляшкі ўзьнікаюць і з-за траўмаў, а таму адпаведнае лекаваньне магло б дапамагчы і гэтай катэгорыі хворых. Адмыслоўцы, тым ня менш, раяць усё ж разумна падыходзіць да новых тэхналёгіяў, асабліва людзям старэйшага веку — у прыватнасьці, не праводзіць цэлы дзень за размовамі праз сотавы тэлефон, бо гэта можа выклікаць стому.
Як заявіў журналістам старшыня аўстрыйскай WBF фізык-ядзершчык Норбэрт Вана, перабольшанымі трэба лічыць ня толькі распаўсюджаныя сярод шырокай публікі страхі адносна небясьпекі сучасных мікрахвалевых прыладаў, але і забароны на карыстаньне мабільнікамі падчас авіяпералётаў ці ў кабінэтах фізіятэрапіі. Падобнае патрабаваньне актуальнае для старых AMPS-тэлефонаў, выпраменьваньне якіх магло ўплываць на працу іншай тэхнікі. Што да сучасных лічбавых перадатчыкаў, то іх выпраменьваньне істотна слабейшае, чым у старых мадэляў, і ня здольнае ўплываць на апаратуру.
На канфэрэнцыі было адзначана, што доўгатэрміновых (цягам 10 і болей гадоў) дасьледаваньняў у гэтай галіне дагэтуль не існуе.
«Мы хацелі б настойліва заклікаць навукоўцаў да правядзеньня доўгатэрміновых дасьледаваньняў з удзелам большай колькасьці здаровых людзей, каб прааналізаваць самыя розныя фактары і зьменшыць уплыў выпадковасьцяў», — заявіў Геральд Гайдынгер з мэдычнага ўнівэрсытэту Вены. Аднак, на жаль, такія дасьледаваньні складаныя і дарагія.