Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дом польскі ў Івянцы «вызвалены» ад Тэрэсы Собаль

абноўлена

Польскі дом у Івянцы
Польскі дом у Івянцы

Дом польскі ў Івянцы застанецца за праўладным Саюзам палякаў. Менскі абласны суд пакінуў бязь зьменаў рашэньне Валожынскага раённага суду ў гэтай справе. Касацыйную скаргу разглядала калегія грамадзянскіх спраў.

У судовай залі знаходзіліся дзясяткі актывістаў Саюзу палякаў, які не прызнаецца ўладамі. Шмат хто прыехаў з Горадні, каб падтрымаць Тэрэсу Собаль — дырэктара Дома польскага з Івянца.

Пазоў адносна Тэрэсы Собаль падаваў праўладны Саюз палякаў на чале з Станіславам Сямашкам. Рашэньне Валожынскага суду гучала наступным чынам: спадарыня Собаль павінна вызваліць «самавольна займанае памяшканьне». Хоць на момант суду Дом польскі быў апячатаны і доступу ўсярэдзіну ня мела ні Тэрэса Собаль, ні яе прыхільнікі.

Пасьля разгляду скаргі ў Менскім абласным судзе адвакат Аляксандар Галіеў зазначыў:

«Мы прасілі гэтае рашэньне адмяніць і накіраваць справу на новы разгляд у суд першай інстанцыі. Сёньня ў судовым паседжаньні на пытаньні старшыюючага прадстаўнік пазоўніка Мечыслаў Лысы зноў не абгрунтаваў свой пазоў, зноў пацьвердзіўшы, што Тэрэса Собаль не перашкаджае ім як прадстаўнікам СПБ трапіць у Дом польскі ў Івянцы. Такім чынам, фармальна атрымліваецца, — зыходзячы з сутнасьці таго, што ён сказаў, — ён адмовіўся ад пазову. Вось. Аднак пры гэтым пазоў чамусьці падтрымаў. Абсурдная пазыцыя».

Сёньня рашэньне Валожынскага раённага суду набыло правамоцнасьць. Гэта азначае, што Мечыслаў Лысы і Станіслаў Бурачэўскі змогуць трапіць у івянецкі Дом польскі, калі будуць зламаныя пячаткі на яго дзьвярах. Але ці будзе адразу зьняты арышт з маёмасьці ў будынку, адвакат Аляксандар Галіеў адказаць ня змог. Будынак быў апячатаны рашэньнем Валожынскага раённага суду 8 лютага — каб захаваць маёмасьць у ім.

Калі раней мы ехалі ў Валожын, на нас было паляваньне. Сёньня мы спакойна даехалі.
У судовай залі прысутнічаў старшыня Галоўнай рады Саюзу палякаў Андрэй Пачобут, які прыехаў з Горадні. Яго ўражаньні:

«Калі казаць пра адрозьненьні ад ранейшых судоў па справе Саюзу палякаў, то відавочна, што на атмасфэру паўплывала рэзалюцыя Эўрапарлямэнту. Не адбылося ніводнага затрыманьня. Каля сотні сяброў СП былі на судовым паседжаньні, была поўная заля, усіх пусьцілі нармальна. Толькі частка чакала на вуліцы, бо не хапіла месца. Ранейшых рэпрэсій не было. Я хачу падкрэсьліць: калі раней мы ехалі ў Валожын, на нас было паляваньне. Сёньня мы спакойна даехалі».

Іншых вынікаў прыхільнікі Тэрэсы Собаль не чакалі, кажа Андрэй Пачобут. Сябрам незарэгістраванага Саюзу палякаў не ўдаецца адстойваць свае інтарэсы ў судах, аднак яны будуць зьвяртацца з гэтай справай таксама і ў суд вышэйшай інстанцыі, зазначыў спадар Пачобут.


Сутнасьць канфліктнай сытуацыі ў тым, што кіраўніцтва афіцыйнага СПБ выключыла Тэрэсу Собаль з шэрагаў арганізацыі, вырашыўшы замяніць яе сваім чалавекам. Затым дзеячы праўладнага СПБ выбралі новага кіраўніка івянецкай суполкі — Станіслава Бурачэўскага. Адначасова адбыўся іншы сход, удзельнікі якога пацьвердзілі паўнамоцтвы Тэрэсы Собаль — прыхільніцы незарэгістраванага Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс і загадчыцай Дома польскага. Празь некаторы час міліцыя заняла Дом польскі, вывеўшы зь яго прымусам прыхільнікаў Тэрэсы Собаль і вызваліўшы будынак ад яе «фізычнай прысутнасьці». Дом апячаталі, і толькі пасьля гэтага валожынскі суд прыняў рашэньне, што спадарыня Собаль павінна вызваліць «самавольна займанае памяшканьне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG