Фактычна празь месяц, 25 траўня, з Бабруйскай калёніі выйдзе на волю актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі. Алена Дубская днямі наведала сына ў калёніі і пачула ад яго навіну адносна таго, якой будзе на першы час свабода для Арцёма:
«Яго хочуць пасьля вызваленьня паставіць на прэвэнтыўны нагляд. Гэта, маўляў, таму, што ў яго ёсьць 6 парушэньняў рэжыму. Прыкладам, сядзеў на ложку і гэтак далей. А яшчэ да 25-га, калі ў яго канчаецца тэрмін, могуць перавесьці на новае месца».
Прэвэнтыўны нагляд, як патлумачылі Алене Дубскай ў Бабруйскай калёніі, прызначаецца тым, хто, паводле рашэньня адміністрацыі, ня стаў на шлях выпраўленьня. Пра тое, што выпраўленьня не адбылося, нібыта сьведчаць пакараньні, якія атрымаў Арцём Дубскі ужо ў калёніі. На які тэрмін Арцёма Дубскага могуць паставіць на прэвэнтыўны нагляд, ягонай маці не паведамілі. Што да пераводу ў іншую калёнію за некалькі дзён да вызваленьня, Арцём Дубскі і ягоная маці мяркуюць, што гэтак міліцэйскае кіраўніцтва вырашыла сарваць сустрэчу палітвязьня каля калёніі ягонымі сябрамі і журналістамі.
Андрэй Бандарэнка адправіў у Першамайскі суд скаргу на тое, што ў судзе замарудзілі зь ягонай справай і ў выніку дагэтуль не прызначаны разгляд касацыйнай скаргі на прысуд. Нагадаем, суд над прадпрымальнікам Бандарэнкам адбыўся ужо 2 месяцы таму.
Адвакат вязьня Зьміцер Лаеўскі: «З нашага боку зроблена было ўсё патрэбнае. Мы падалі канчатковую скаргу, азнаёміліся з пратаколам. Справа была цалкам гатовая для перадачы ў гарадзкі суд даволі даўно. Для мяне таксама незразумела такая затрымка, ніякіх аб’ектыўных прычын мне невядома».
Зьміцер Лаеўскі тры дні таму бачыўся з Андрэем Бандарэнкам у менскім сьледчым ізалятары. «Скаргаў на здароўе ад яго не было, а што да побытавых умоваў — яны застацца тымі самымі — нездавальняючымі».
На гэтым тыдні закончыліся судовыя спрэчкі на працэсе над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімерам Асіпенкам, Міхаілам Казловым і Аляксандрам Ларыным, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы да тэракту ды іншых злачынствах. Пасьля судовых спрэчак абвінавачаныя выступілі з апошнім словам. Толькі Аляксандр Ларын прызнаў сябе вінаватым, астатнія заявілі, што яны невінаватыя, а Ларын іх агаворвае на замову сьледзтва. Таксама Мікалай Аўтуховіч сказаў:
«Дзяржаве я ня вінны ні капейчыны, ніколі ня браў ад яе грошай, а чамусьці дзяржава мяне абрабавала. І паламала ня толькі мой лёс. У мяне працавала болей за 130 чалавек. Калі мяне першы раз пасадзілі, прыходзілі на базу, запалохвалі тых, хто меў адказную працу: ці ты будзеш сядзець — гэтак палохалі былых вайсковых сьлесараў, якія мелі калісьці праблемы з-за патронаў — ці сыходзь з фірмы. Каб хутчэй разваліць фірму. Крыўдна за краіну... Чаму просты чалавек мусіць змагацца за справядлівасьць, а чыноўнікі ў пагонах прыкрываюць карупцыю?
Я заўсёды рабіў, каб простаму працаўніку было лягчэй. У мяне любы мог узяць крэдыт, нават на аўтамабіль. І ніколі ня браў працэнт. Гэтак і атрымалася, што я з чыноўнікамі апынуўся па розныя бакі барыкад. Яны зусім ня думалі пра інтарэсы людзей, толькі пра сваю карысьць.»
Прысуд ў справе прагучыць 6 траўня.
Вязьні, люты 2010
Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і ў падпале дому міліцыянта. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога судзяць разам з Аўтуховічам і Асіпенкам за непрыняцьце захадаў для прадухіленьне тэракту, таксама сваёй віны не прызнае. На судзе Казлоў таксама казаў пра карупцыю высокапастаўленых чыноўнікаў, якая выявілася ў справе Аўтуховіча і Асіпенкі.
Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага, якога «Міжнародная амністыя» была прызнала вязьнем сумленьня, трымаюць ў магілёўскай калёніі.
Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку судзілі другі раз. Ён сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.
Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага, якога «Міжнародная амністыя» была прызнала вязьнем сумленьня, трымаюць ў магілёўскай калёніі.
Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку судзілі другі раз. Ён сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.