Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка рэдка што робіць непрактычна. Звычайна за самай эмацыйнай формай хаваюцца палітычныя рацыянальныя прычыны. З гэтага пункту гледжаньня як можна патлумачыць паводзіны Лукашэнкі ў гісторыі з Бакіевым?
Калінкіна: Па-першае, відавочна, што гэтае ягонае рашэньне падкрэсьлівае самастойнасьць беларускага кіраўніка, якую ён апошнім часам усе больш настойліва імкнецца дэманстраваць у адносінах да Расеі і да Эўропы. Па-другое, я упэўнена, што Лукашэнку вельмі устрывожыў кіргіскі сцэнар і асабліва тое, што Расея і ЗША паставіліся да гэтых падзеяў з адзінай пазыцыяй. Таму я думаю, што спроба дапамагчы Бакіеву — гэта прымерка касьцюму Бакіева на сябе.
У Беразоўскага былі цесныя кантакты з Бакіевым.
Цыганкоў: Ці падзяляеце вы меркаваньні некаторых камэнтатараў, што гэты крок Лукашэнкі можа раззлаваць Крэмль? Ці гэта больш уяўныя разважаньні, і на самой справе нічога такога Лукашэнка не зрабіў, каб выклікаць незадавальненьне Масквы?
Калінкіна: Я ня думаю, што тут будзе нейкае ярка выказанае незадавальненьне Масквы, бо ў любым выпадку лёс Бакіева нейкім чынам мусіў вырашыцца — недзе ён мусіў знайсьці прытулак. Я нават не выключаю, што тут можа быць і ўзгоднены сцэнар.
У любым выпадку, усе сёньняшнія заявы Лукашэнкі ў парлямэнце сьведчаць, што паміж Менскам і Масквой ідзе вельмі жорсткі гандаль, і ў Беларусі ужо няма тых козыраў, якія былі раней.