Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Бакіеў у Менску

абноўлена

20 красавіка Аляксандар Лукашэнка выступіў з пасланьнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь. Лукашэнка гаварыў пра Эўропу, ЗША, Расею, эканоміку, апазыцыю. Кіраўнік Беларусі таксама пракамэнтаваў падзеі ў Кіргізстане.


Аляксандар Лукашэнка выступаў 4 гадзіны.

Пасланьне Нацыянаянальнаму сходу ён назваў сьвятам.


Камэнтары на пасланьне Лукашэнкі


Лукашэнка: Бакіеў знаходзіцца ў Менску ад панядзелка 19 красавіка




«У панядзелак я даручыў адпаведным службам, каб арганізавалі перапраўку Бакіева ў Менск. Па яго просьбе, ён пра гэта прасіў і неаднаразова. І хоць тут быў закрыты аэрапорт і іншае, гэта вашыя праблемы, кажу, вы ваенныя людзі, каб Бакіеў быў у Менску. Карацей, у панядзелак ён быў у Менску.

Сёньня, Васіль Іванавіч у курсе, мной прызначана мэдыцынская камісія, праведзена першаснае абсьледаваньне сям’і. Ну, сям’я, разумееце, у разабраным стане, дзеці бедныя, там пэдыятары зараз працуюць, усе, хто павінен працаваць. Абсьледаваньне праводзім прэзыдэнта, усёй яго сям’і. Карціна не вясёлая. А я хачу заявіць, што калі яму патрэбна будзе ня толькі рэабілітацыя, а мэдыцынская дапамога, мы абавязкова акажам яго сям’і гэтую мэдыцынскую дапамогу. Толькі чатыры чалавекі нам удалося прыняць тут у Менску, і яны сёньня знаходзяцца ў нас пад абаронай нашай дзяржавы і асабіста вашага прэзыдэнта. Вось што датычыцца Курманбека Бакіева.
За кожнай гэтай рэвалюцыяй стаяць грошы. Проста так ніхто там ня піў, не смаліў і не абколваўся. Камусьці гэта патрэбна было


Сёньня ж я распарадзіўся Міністэрству замежных спраў і ўраду аказаць гуманітарную дапамогу кіргізам, таму што людзям есьці няма чаго і апрануць няма чаго...

Я ня думаю, што там сытуацыя цалкам разрадзілася. Той, хто апладзіруе і разьлічвае на тое, што ў Кіргізіі сышоў, няма Бакіева... Бакіеў нікуды не сыдзе, гэта ня той чалавек. Ён сябе лічыць на сёньняшні дзень прэзыдэнтам, і, я яшчэ раз падкрэсьліваю, і народ там сёньня ацьвярозеў, нават тыя, якія штурмавалі, і — «вярніце нашага прэзыдэнта».

Таму ня трэба сёньня часоваму ўраду, так званаму, пыліць і дэманстрацыі ля нашай амбасады праводзіць пра тое, што Лукашэнка такі-сякі, не прымайце Бакіева, застрэльце, павесьце і іншае. Гэтага ня будзе. Гэта прэзыдэнт сяброўскай нам краіны. І чаго б нам гэта ні каштавала, я буду рабіць усё для таго, каб захаваць сям’ю яго і яго самога. Захоча ён удзельнічаць у палітыцы, няхай удзельнічае. Не захоча, захоча жыць у нас — няхай жыве. Месца хопіць і працы ўсім хопіць. У нас нямала кіргізаў жыве — прыстойныя, спэцыялісты, разумныя, талковыя людзі, сем’і стварылі, зьмешаныя сем’і, дзеці паглядзець — прыгажосьць...

Ведаеце, за кожнай гэтай рэвалюцыяй стаяць грошы. Проста так ніхто там ня піў, не смаліў і не абколваўся. Камусьці гэта патрэбна было. Напэўна, не беларусам, напэўна, не аўстрыйцам і нават не ўкраінцам. Час гэтаму пакласьці канец, хопіць. Я думаю, што калі гэта там гавораць «вось амэрыканцы, расейцы і іншыя...» — у кожнай краіны, нават у Амэрыцы там, у Расеі, сваіх праблемаў — во! Ня трэба Бакіева абвінавачваць у нейкай карупцыі і іншае. У сябе, у сябе там столькі праблемаў, трэба разьбірацца, далей няма куды. Гэта будзе больш годна.

Я думаю, што наш народ мяне не асудзіць. Я чытаю, што многія кажуць: «Ну, цяпер чакай павышэньня цэнаў на нафту і прыродны газ». Ну, я чакаю ўвесь час. Я прэзыдэнт краіны, я займаюся эканомікай, мне хочаш ня хочаш чакаць прыходзіцца. Таму ня трэба за кавалак хлебу ці брудную анучу прадаваць людзей...



Пра прыезд Бакіева ў Беларусь


«Я прыму станоўчае рашэньне (пра прытулак Бакіева). Гэта маё прыватнае рашэньне як прэзыдэнта і чалавека», — заявіў раней Лукашэнка.

Пра падзеі ў Кіргізстане: «Дзяржаўны пераварот. Скінулі законна абраннага чалавека».

«Каб у Беларусі такое адбылося, нуль эмоцыяў і нуль увагі», — пажаліўся Лукашэнка.

Ён заявіў, што ягоную размову з Бакіевым праслухалі: «Пасьля пайшоў уброс праз расейскія СМІ».

«Ён не прасіў за сябе. Ён прасіў забраць сям’ю», — паведаміў Лукашэнка. Ён дадаў, што гатовы пряняць і самога Бакіева».



Пра мясцовыя выбары




Аляксандар Лукашэнка заклікаў удзельнічаць у мясцовых выбарах:

«Я сёньня ня ведаю сваіх кандыдатаў, але на заўтра адвёў час, каб мне прынесьлі вывучыць іх біяграфіі».

«Выбары праводзяцца па новых правілах. У выбарчы кодэкс унесены сур’ёзныя зьмены, якія сьведчаць пра сталасьць беларускай грамадзка-палітычнай сыстэмы. І тое, што сёньня крычаць, што гэта дэкаратыўнае зьмяненьне, ну, для тых, каго народ і так ня выбярэ, і яны, спалохаўшыся, зьнялі свае кандыдатуры, што ні рабі — усё будзе дэкаратыўна, пакуль мы іх не прывядзём і сюды не пасадзім за руку. Што, дарэчы, мне некаторыя заходнія палітыкі падказвалі: «Слухай, ну 10-15 чалавек у парлямэнце — яны што, карціну сапсуюць?» Я ім кажу: «А што, я іх павінен за руку прывесці? Дык гэта мне таксама будзе складана зрабіць. А нават калі і зраблю, каму патрэбныя такія дэпутаты?» — «Але затое твар будзе.» — «Які ж твар?»



«Не дапушчу, каб ідыёты і марадзёры рабавалі краіну»





Лукашэнка зноў заступіўся за зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану і заявіў, што не дапусьціць паўтору кіргіскіх падзеў у Белаурсі:

«Вы мне б даравалі, калі б заўтра грамілі краіну, каб ідыёты і марадзёры рабавалі краіну?»
Знайшлі гэтага небараку Бакіева. Звычайны дырэктар савецкага заводу ў Савецкім Саюзе. Нармальны, разумны прыстойны чалавек. За рукі, за ногі — і ідзі, будзеш прэзыдэнтам. Той куляўся, упіраўся.


Бакіеў, ён таксама прыйшоў... Там пермагла — якая там, цюльпанавая ці якая? Цюльпанавая. А назаўтра селі і думаюць: так, перамаглі. Але краіна — разьбітая, разбэшчаная, бедната жудасная, трэба нешта рабіць. Дык адна справа — зрынуць уладу, расстраляць, страляць, граміць. Разграмілі, а далей? Далей патрэбна кіраваць.

Знайшлі гэтага небараку Бакіева. Звычайны дырэктар савецкага заводу ў Савецкім Саюзе. Нармальны, разумны прыстойны чалавек. За рукі, за ногі — і ідзі, будзеш прэзыдэнтам. Той куляўся, упіраўся. Гэта ж на маіх вачах было, і я гэта ведаю, ён мне дэтальна гэта ўсё расказваў. Нават па тэлевізары нядаўна паказалі кадры, дзе вядуць пад рукі яго — «прэзыдэнтам будзеш». Пайшоў. Але, натуральна, ён жа дырэктар, ён жа разумее, што патрэбны вынік.

Вось Сідорскі быў дырэктарам. Гэта ж ня тое, што біць-ламаць. Гэта трэба нешта ствараць. І ён пачаў падбіраць прафэсіяналаў. Кажа, не, ты біць умееш, ламаць, але зараз ня трэба, патрэбны канструктыўны чалавек быць міністрам. І гэтым, як у нас Лябедзька і іншыя, не хапіла міністэрскіх партфэляў. Ці далі ня той партфэль. Усе затаіліся і чакалі моманту: там дапамаглі, там дапамаглі, там дапамаглі. І рынуліся. Дайшло да мардабою, да стральбы.


Кітайцы нам пабудуюць АЭС


Гаворачы пра дывэрсіфікацыю міжнародных адносін, асаблівую ўвагу зьвярнуў на Вэнэсуэлу і Кітай:

«Кітайцы нам пабудуюць АЭС, калі расейцы адмовяцца».


Пра апазыцыю




«Сёньня раніцай я паглядзеў агляды газэт: „Лукашэнка робіць такія заявы, таму што баіцца“. Каго? Каго баяцца? Пазадкаў, якія сёньня зарабляюць на Захадзе? Ім кінуць якуюсьці капейчыну, і ў той жа час ня грэбуюць зусім іншую палітыку праводзіць, зарабляючы ў Расеі.
Усе бамжы, усе беспрацоўныя, жывуць у асабняках, раскатваюць на прэстыжных іншамарках...


Дык мы ведаем, колькі зарабляюць, хто дае, хто прывозіць. Часам вам па тэлевізары паказваем, як гэтыя чамаданы перахопліваем на мяжы, як яны парушаюць закон. Няўжо не зразумела кожнаму чалавеку, што ў нас так званая „сьвядомая апазыцыя“ — як кот у масьле?

Усе бамжы, усе беспрацоўныя, жывуць у асабняках, раскатваюць на прэстыжных іншамарках... Дык я ж ведаю, чым яны дыхаюць. Вось я хачу „заходнікам“ сказаць, зразумейце адну простую рэч: ім не патрэбна ніякая ўлада. Не рабіце крытэрам нашых адносінаў выбары ў мясцовыя саветы, заўтра і пазаўтра — прэзыдэнцкія. Яны, калі прыйдуць да ўлады, ня будуць ведаць, што рабіць».


Пра стасункі з Эўропай




«Радуе, што ў сьвядомасці эўрапейскіх эліт адбываецца адмова ад ілжывых стэрэатыпаў, якія сфармаваліся ў адносінах да сытуацыі ў Беларусі. Радуе, што Эўропа разумее, што Беларусь — гэта востраў стабільнасці і бяспекі. Мы ніколі не хавалі сваёй зацікаўленасьці ў больш энергічным, усёабдымным працэсе збліжэньня з Эўропай. Бо гэта наш другі па велічыні, а па шэрагу пазыцый асноўны гандлёвы партнэр, зь якім у нас станоўчае сальда было ў мінулым годзе і пазамінулым. Акрамя таго, у нас ёсьць цэлы шэраг сур’ёзных праблемаў і пытаньняў, якія доўгі час знаходзіліся ў замарожаным стане. Іх рашэньня зь нецярплівасьцю чакаюць нашы народы. Такія, напрыклад, як пытаньне спрашчэньня візавага рэжыму.

Мы вітаем ініцыятыву Ўсходняга партнэрства, закліканую стварыць умовы для маштабнага прыцягнення шэрагу краін, у тым ліку і Беларусі, у агульнаэўрапейскія працэсы. Пры гэтым нашы ўзаемаадносіны ў дадзеным праекце могуць будавацца не іначай як на раўнапраўнай аснове. Без навязваньня нам якой-небудзь мадэлі разьвіцьця і фармату супрацоўніцтва. Ня так, як гэта, напрыклад, спрабуюць павярнуць у парлямэнцкім вымярэньні ўсходняга партнэра, так званым «Эўранэсце». Беларусь там павінны прадстаўляць вы, парлямэнтары, вас абраў народ. І іншага рашэньня ён не зразумее і не падтрымае. І ўсялякія размовы, скажам мякка, з нагоды таго, што з нашымі парлямэнтарамі павінен сядзець альтэрнатыўны парлямэнт ад апазыцыі, мной ніколі падтрыманы ня будуць. Чаму гэта толькі да нас такія патрабаваньні? Там жа ёсьць і іншыя дзяржавы, і я думаю, у гэтых дзяржавах, нашых дзяржавах, зь якімі мы зьяўляемся партнэрамі ва Ўсходнім партнэрстве, такія ж праблемы маюць, як і мы. Чаму выдзяляюць толькі Беларусь? Камусьці гэтага хочацца? Не, так ня будзе. Не падыходзім мы да Ўсходняга партнэрства — вы нам скажыце. Абыдземся. Тым больш, што мы ж яшчэ і не атрымалі і наўрад ці там нешта атрымаем. Нас запрасілі, кажуць: «Прыходзьце! Будзем размаўляць, будзем супрацоўнічаць». Добра, чаму мы павінны адмаўляцца. Вы нашы суседзі. Сёння не падыходзім — скажыце. Заўтра падыдзем — мы пачакаем да заўтра. Мы ж не настойваем«.


«Я не пачынаю ваяваць на ўсіх франтах»





Лукашэнка заявіў, што Беларусь у Эўранэсьце павінны прадстаўляць толькі дэпутаты Нацыянальнага сходу. «Мною ня будзе падтрыманае патрабаваньне, каб побач з вамі сядзеў альтэрнатыўны парлямэнт. І чаму такія адносіны толькі да нас?»

Пра адносіны з ЗША Лукашэнка заявіў:

«Мы захоўваем накіраванасьць на двухбаковую нармалізацыю». Пры гэтым Лукашэнка паўтарыў свае тэзісы пра высокаўзбагачаны ўран, якім Беларусь нібыта валодае.

«Я не пачынаю ваяваць на ўсіх франтах. Мы зусім ня хочам сварыцца. Але свайго не аддамо. Хочаце па-добраму, тады можам апошняй кашуляй падзяліцца».


«Ня трэба кідаць у мяне камяні»




«Не трэба кідаць камяні ў мой гарод. Я ўвесь час быў і застаюся прыхільнікам таго, што мы — адзін народ, і мы павінныя дзейнічаць ў гэтай сытуацыі разам. Калі ў нас дзесьці не атрымалася, то мы хутка павінны выпраўляць гэтыя памылкі. Я зыходжу з таго, што Расея, страціўшы Беларусь, страціць канчаткова свой прыцягальны статус і выгляд. Ніхто ніколі Расеі больш не паверыць, калі яны далей будуць абыходзіцца з нашым народам так, як сёньня. У мяне няма ніякай злосьці нават да расейскага кіраўніцтва. Я разумею, мы з прэзыдэнтам Расеі пастаянна размаўляем, у кантакце, і я разумею, што мы думаем зараз аднолькава. Але сяму-таму там кепска, нават калі мы з прэзыдэнтам пра нешта дамаўляемся. Гэта ненармальна. Трэба гэта пераадолець. І я гэта адкрыта кажу свайму народу, і гэта пачуюць у Расеі. Толькі ня трэба потым інфармацыйным нейкім суздальцавым і іншым, кшталту нашых фядут, даручаць, каб яны камэнтавалі, лілі бруд на прэзыдэнта. Таму што мы ведаем, хто дае гэтыя каманды і адкуль зыходзяць гэтыя каманды. І мы на гэта вельмі востра будзем рэагаваць.

Давайце вернемся да нармальнага супрацоўніцтва. Ніхто нікому дыктаваць сёньня нічога не дазволіць. Нам патрэбна па-партнэрску, па-братэрску. Я нават у перамовах кажу: мы згодныя на тое, што Расея ў нас — старэйшы брат. Але старэйшы брат, які ў крыўду малодшага брата ніколі ня дасць».


«У зямлянкі пойдзем, але выжывем!»



Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Расею у забарончых пошлінах на нафту.

«Чаму вы нас выштурхоўваеце на край сьвету за нафтай? Дайце нам магчымасьць здабываць нафту. Паехаў у Вэнэсуэлу — таксама кепска.
Я вымушаны дзякаваць не Расеі, а сваім „ворагам“: МВФ, Эўропе, Захаду

Кіраўніцтва Расеі зыходзіць з таго, што „нікуды ня дзенуцца“. Дзенемся. У цэнтры Эўропы краіна пуставаць ня будзе. Я не магу дазволіць сабе прыніжаць уласны народ. У зямлянкі пойдзем, але выжывем!

Я вымушаны дзякаваць не Расеі, а сваім „ворагам“: МВФ, Эўропе, Захаду.

Я не хачу канфрантацыі з РФ. Ня позна ўзяцца за галаву, вярнуцца на тыя прынцыпы, на якіх ствараўся наш саюз. Мы гатовыя забыць усё і вярнуцца на ранейшыя асновы, бо мы адзіны народ».

«Страціўшы Беларусь, Расея канчаткова страціць свой прыцягальны статус і выгляд».

«У мяне ніякай злобы да расейскага кіраўніцтва».



Пра «цукровую» вайну





Пра зьнешнюю палітыку




Лукашэнка абвінавачвае Расею ў прагматычным падыходзе да стасункаў.

«Расейскае кіраўніцтва рашуча ўзяло курс на так званую „прагматызацыю“ адносінаў з нашай краінай і ня толькі, перавод іх выключна на так званыя „рынкавыя прынцыпы“, так званыя „рынкавыя“. Прычым часта не клясычныя і ўсім зразумелыя, а прыдуманыя ў аднабаковым парадку. Мы сутыкнуліся з плянамернымі дзеяньнямі, якія паставілі пад пытаньне выжывальнасьць нашай дзяржавы. Уведзены практычна забаронныя мыты на нафту і нафтапрадукты. Нас пасьлядоўна выціскаюць з расейскага рынку, спрабуюць ізаляваць ад транзытных эўразійскіх маршрутаў. Нягледзячы на ўсе запэўніваньні з боку Расейскай Фэдэрацыі, узмацняецца мытная мяжа ў пунктах пропуску. Хачу задаць пытаньне: навошта? Мытны ж саюз ствараем.
Прагматызацыя падрывае фундамэнт саюзнай дзяржавы


Падвышэньне цэнаў на энэргарэсурсы паставіла пад удар канкурэнтаздольнасьць беларускіх таваравытворцаў перш за ўсё на расейскім рынку. Гэта таксама адзін з фактараў выцісканьня нашых тавараў на расейскім рынку. У гэтай мутнай вадзе свой кавалак ад нашай эканомікі цалкам бессаромна спрабуюць урваць алігархічныя групы, якія, па вялікім рахунку, і распачалі гэтую мышыную валтузьню.

Відавочна, такая прагматызацыя падрывае фундамэнт саюзнай дзяржавы, разбурае яе эканамічны складнік».


«Калі творцы, то тварыце так, каб былі грошы»


Паводле Лукашэнкі, беларуская культура зьяўляецца неад’емнай часткай дзяржаўнага сувэрэнітэту, вакцынай супраць духоўнай дэградацыі. «Чаго дзяржава чакае ад культуры — твораў пра сапраўдных нацыянальных герояў, даступнасьці культурных даброт для ўсіх». Лукашэнка заявіў, што дзяржава ўкладае ў разьвіцьцё нацыянальнай культуры значныя сродкі, а аддачы няма:

«Спадары творцы — дзе вынік? І ня трэба плакаць...

Перш чым прасіць — трэба сёньня даваць вынік. Нельга ўвесь час хадзіць з працягнутай рукой. Калі творцы, то тварыце так, каб былі грошы».

Паводле Лукашэнкі, няма шэдэўраў ад «Беларусьфільму», Саюзу пісьменьнікаў, кампазытары ня могуць стварыць песьню, зь якой хоць на эўрабачаньні выступаць:

«Дзе вы, пісьменьнікі? Пакладзіце мне на стол „Вайну і Мір“. Бедны Чаргінец, сорамна стала, 2-3 кніжкі пра маёра напісаў... А ў Чаргінца там сотні і ўсе крычаць: дай грошай!»



Беларусізацыі ня будзе




Паводле Аляксандра Лукашэнкі, «дзьвюхмоўе — наш вялікі здабытак і дабро»:

«Неаднаразова казаў і яшчэ раз паўтараю: дзьвюхмоўе — наш велізарны культурны здабытак і карысць, заснаваныя на гістарычным выбары народу. Мы ніколі не дапусцім дыскрымінацыі ў дадзеным пытанні, гвалтоўнай беларусізацыі за кошт забароны рускай мовы. У Беларусі, дзе большая частка народу выкарыстоўвае рускую мову як родную, штучна выводзіць яе з ужытку — тупасць, глупства, ідыятызм».

Паводле Лукашэнкі, для разьвіцьця беларускай мовы прыняты закон аб артарграфіі.


Вучыць Натальлю Пяткевіч, як вадзіць дзіця ў садок





«Ну раскажыце, як гэта зрабіць: трохгадовае дзіцё адвесьці некуды ў дзіцячы садок? Ну раскажыце, вы, Натальля Ўладзімераўна, гэта напісалі? Вось вы маці, вы прачнуліся ў шэсьць гадзінаў, а восьмай вы павінныя быць на працы ці а дзявятай. Вы сядайце. Я да вас так зьвяртаюся да адзінай сярод гэтага мужчынскага насельніцтва, таму што я ж ня ведаю, што гэта такое. А шостай прачнуліся, а восьмай на працу. Дзіцё патрэбна весьці да гэтага ў дзіцячы садок. У колькі ж вы трохгадовае дзіцё з ложка падыміце?
Вы павінныя спакойна прачнуцца, узяць хлопчыка ці дзяўчынку за ручонку і адвесьці пешкам, каб ён прачнуўся ў працэсе падыхода да дзіцячага садка за сто-дзьвесьце мэтраў


Вы што, інвалідам яго хочаце зрабіць?

Вы павінны спакойна прачнуцца, узяць хлопчыка ці дзяўчынку за ручонку і адвесьці пешкам, каб ён прачнуўся ў працэсе падыходу да дзіцячага садка за сто-дзьвесьце мэтраў і аддаць яго выхавацельцы. Гэта тады дзіцячы садок.

Што гэта за дзіцячы садок, калі ты жывеш на Чырвонай Горцы, ці дзе (дзесьці мяне там вазілі, як Марка па пекле, бадзяўся я там) і везьці яго ў цэнтар. Гэта ж колькі часу патрэбна, каб завезьці, а потым вярнуцца да сябе на працу? Вы ж спозьніцеся, вас выганяць з працы. Як вазіць у аўтобусе дзяцей у дзіцячы садок?»


«Дашкольная адукацыя не гатовая да „бэбі-буму“, які ахапіў Беларусь»


Аляксандар Лукашэнка заклікаў больш сродкаў накіроўваць на дзіцячыя сады, асабліва ў Менску, дзе раней многія будынкі дашкольных установаў прадалі камэрцыйным структурам:

«Сыстэма дашкольнай адукацыі не гатовая да бэбі-буму, які ахапіў краіну».


«Прыйдзе Дзяржкантроль і здыме штаны»





«Усе купілі. Усё ўва ўсіх ёсьць. Таму няма той вялікай падставы для росту цэнаў на жыльлё. І будаваць патрэбна прыстойна. Так, каб людзі ня крыўдзіліся. І гэта мы ўмеем рабіць. Але не хапае адказнасці ад будаўніка да кіраўніка адпаведных органаў улады. Пытаньне на самым жорсткім кантролі ў прэзыдэнта. Пры тым ня я буду прымаць рашэньне, паўтараю, камітэт дзяржкантролю прыйдзе і здыме штаны. Прыйдзе, здыме штаны, выкіне на вуліцу без штаноў тых, хто гэта рабіў, тых, хто займаецца разбоем. А з кіраўнікоў асабліва Менску і іншых гарадоў спытаем на ўсю катушку».


«Сьвядомыя» бударажаць народ, што АЭС непатрэбная





«Па атамнай станцыі — мы атрымаем электраэнэргію, якая так патрэбная. Расея 28 ці 30 рэактараў вырашыла дадаткова пабудаваць. Ёсьць нафта, газ, але яна вырашыла пабудаваць. А нашы «сьвядомыя» бударажаць народ: «не патрэбная нам атамная станцыя, не патрэбная!» Літве патрэбна. Калінінграду патрэбная. Побач, на межах. Польшча ажно два ці тры блёкі ці дзьве ці тры станцыі будзе будаваць, Баўгарыя ўжо пачала будаваць. Эўропа ўжо, мабыць, паўсотні рэактараў гэтых пабудавала. А нам «не патрэбная».
А нашы «сьвядомыя» бударажаць народ: «не патрэбная нам атамная станцыя, не патрэбная!


Але я тлумачыцца ня буду. Каму не патрэбная, ну што ж, ну што, у галяву яму ўкласьці мазгі нейкія?

Добра, што большасьць насельніцтва падтрымлівае гэта».

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі пачалі рэформу і мадэрнізацыю ўсёй сыстэмы аховы здароўя:

«У мэдыцыне ў нас праблема адна — вялікія чэргі ў паліклініках. Хай хоць 1 рубель плацяць за наведваньне паліклінікі», — скардзяцца мне лекары.

«Восеньню зьбіраемся запускаць свой касьмічны апарат, будзем аўтаномнымі ад Расеі, мы людзей навучым самым перадавым тэхналёгіям.


Пра «сьвіны грып» у Беларусі і попел у Ісьляндыі





«Памятаеце гэту пеўневую, потым сьвіную пандэмію, ці як яна там называецца? Вельмі было непапулярна прэзыдэнту ў гэта ўлазіць. Але з Украіны — я гэта невыпадкова зрабіў — я вам сказаў, супакойцеся. Жулікаў у сьвеце шмат. Крызіс парадзіла жульлё!

Я першым тады і адзіным у сьвеце сказаў, што карупцыя і жулікі — прычыны гэтага крызісу. Разбазарылі грошы — вы ведаеце, хто іх друкуе. Хто на ім нажываўся, у каго мільярды ў кішэнях.
Давайце марлевыя пазязкі, трусы і штаны на твар, каб ніхто не захварэў гэтай «сьвінячкай»


І тады я сказаў: «Супакойцеся, гэта чарговы ўдар па насельніцтве, вытрасаньне кішэняў у інтарэсах каго — таго, хто мае залежы лекаў на складах і таго, хто гатовы хутка вырабіць лекі. І прайшло паўгоду, і што мы чуем сёньня? Аказваецца, гэта быў страшэнны падман ўсясьветнай грамадзкасьці, вось гэты сьвінячы віск і піск! Але я ж вас папярэджваў, вас і насельніцтва, Але вы ж мяне ня слухалі! Вы пачалі дзяўбсьці ўлады, у тым ліку і мяне: «Брэшуць! Давайце марлевыя пазязкі, трусы і штаны на твар, каб ніхто не захварэў гэтай „сьвінячкай“. Дык яшчэ добра, што я процістаяў гэтаму, і міністру аховы здароўя казаў: „Супакойцеся, пабегаюць, сядуць на пэўнае месца, але грошы хоць захаваюць“. Я што — быў ня правы?

Тое з самае з гэтым попелам, які сёньня пасыпалі, быццам бы дыхаць няма чым. Ісляндыя не задыхнулася, там слой паўмэтра, і не задыхнулася. Эўропа задыхаецца, толькі не з-за попелу».


Вякалы-эканамісты нарабілі шкоды




Аляксандар Лукашэнка нэгатыўна ацаніў выказваньні экспэртаў на пачатку эканамічнага крызісу з прагнозамі разьвіцьця сытуацыі.

«У перадвыбарчы час вельмі важна казаць пра гэта, асабліва кандыдатам, якія процістаяць апазыцыі. Вы памятаеце, калі пачыналіся праблемы фінансава-эканамічнага крызісу? Колькі шкоды нанесьлі гэтыя так званыя „вякалы-эканамісты“, апазыцыянэры!

„Рубель рухне, усё абрынецца!“ Людзі беглі ў банкі, мянялі, хапалі. Я вымушаны рэагаваць, я казаў людзям, што мы выканаем свае абавязацельствы. Я падпісаў указ, што мы гарантуем уклады насельніцтва ў гэты цяжкі пэрыяд. Скажыце, мы падманулі вас? Не.
Усе апазыцыянэры так званыя пачалі крычаць — ну, для іх чым горш, тым лепш


Нам было цяжка, Мы на каленях стаялі, шчыра можна сказаць, перад асобнымі арганізацыямі і дзяржавамі дзеля таго, каб падтрымаць народ і эканоміку. Мы атрымалі гэтую падтрымку.

Усе апазыцыянэры так званыя пачалі крычаць — ну, для іх чым горш, тым лепш. Але, тым ня менш, мы ж не падманулі народ... Варта гэта адзначыць і паказаць, якую ж палітыку яны праводзяць у краіне, і хто кіруе імі».


Мясьніковіч і Сідорскі не здабылі сланцавы газ


Лукашэнка скрытыкаваў прэм’ер-міністра Сідорскага за неэфэктыўнае выкананьне дырэктывы аб эканоміі.

Ён загадаў больш актыўна выкарыстоўваць айчынныя сыравінныя рэсурсы, у тым ліку шляхам канцэсій і прыцягненьня замежных інвэстараў.


«Пра сланцавы прыродны газ я ўжо казаў. Вы яго дасталі зь Мясьніковічам? Не!» — зьвярнуўся Лукашэнка да прэм’ер-міністра.


Пра прыватызацыю



«Што тычыцца прыватызацыі, пра якую апошнім часам так шмат гавораць, — гэта не самамэта. Мы ня будзем прадаваць свае прадпрыемствы толькі таму, што так нехта хоча звонку ці так робяць у іншых краінах.
Бясплатна ніхто нікому ня дасьць, бандыцкай прыватызацыі ў краіне не было і не будзе. Я думаю, што мне ня трэба ўжо пра гэта казаць і даказваць

Мы гатовыя прадаць часткова, цалкам любое дзяржаўнае прадпрыемства, у тым ліку, калі мы ня ў стане самастойна яго эфэктыўна забясьпечыць функцыянаваньне. У гэтым адпала неабходнасьць у сілу пэўных прычынаў. І толькі за грошы, за той рэальны, як у нас кажуць, рыначны кошт, які яно каштуе з улікам свайго патэнцыялу.

Бясплатна ніхто нікому ня дасьць, бандыцкай прыватызацыі ў краіне не было і не будзе. Я думаю, што мне ня трэба ўжо пра гэта казаць і даказваць».


Лукашэнка пра мэліярацыю

«Шмат гадоў, як мінімум 5, я кажу пра мэліярацыю. Я разумею, што ў свой час мэліярацыйны кірунак угроблены. Усе лічылі, што мэліярацыю зрабілі, і нам гэтага ня трэба, усё будзе працаваць як у 70-80 гады мінулага стагодзьдзя. Наша няўвага да зямелькі-матухны — і вы бачыце, ува што гэта вылілася...
Палова насельніцтва сьвету галадае. Гэта вялізны экспартны патэнцыял

У будучым пяцігодзьдзі гэта адна з асноўных праграм — мэліярацыя, выратаваньне зямель. Пытаньне ня ў тым, што не хапае зямлі, не хапае глебы. Палова насельніцтва сьвету галадае. Гэта вялізны экспартны патэнцыял, і попыт на гэтую прадукцыю калясальны. Давайце паставім гэтую прадукцыю своечасова, у тэрмін, і мы атрымаем ня 3 мільярды даляраў прыбыткаў, як сёлета, а 7 мільярдаў. У наступнай пяцігодцы выйдзем на 10 мільярдаў. Што вы думаеце? Ходзяць вакол, бродзяць, дамбы нейкія адсыпаюць, а людзі рагочуць... Бязглудзіца, бяздумнасьць, укідваньне грашовых сродкаў!»



«Прадпрымальнікі стогнуць»


Лукашэнка загадаў дамагчыся ўваходжаньня Беларусі ў трыццатку найлепшых краін сьвету паводле ўмоваў для вядзеньня бізнэсу, выказаўся за спрашчэньне падаткавай сыстэмы і нормаў бухгальтарскага ўліку. Ён дадаў, што Беларусь займае апошняе 183 месца ў рэйтынгу Сусьветнага банку адносна лёгкасьці аплаты падаткаў. На афармленьне падаткаў ў Беларусі трэба 900 гадзін.

«Прадпрымальнікі літаральна стогнуць — высокія памеры падаткаў і штрафаў сталі непасільнымі».

Лукашэнка абяцаў, што хутка падпіша ўказ, які спросьціць ліцэнзаваньне розных відаў эканамічнай дзейнасьці


Лукашэнка заступіўся за інвэстараў


Аляксандар Лукашэнка прывёў прыклад, як салідны замежны інвэстар 2,5 году ня можа пачаць пабудову лягістычнага цэнтру ля Нацыянальнага аэрапорту «Менск-2». Пытаньне пра выдзяленьне яму зямлі было вырашана толькі пасьля звароту ў адміністрацыю прэзыдэнта. «Зямлі мала?» — спытаў Лукашэнка.

Адказным за «неразваротлівасьць» у гэтай галіне названы кіраўнік адміністрацыі Ўладзімер Макей.



«Усё больш і больш салідных інвэстараў прыходзіць у Беларусь. Але з чым яны часам сутыкаюцца? Зь няспрытнасьцю і шчырым бюракратызмам. І потым, вы не задаваліся пытаньнем, што кожную групу інвэстараў даводзіцца прымаць прэзыдэнту у рэзыдэнцыі прэзыдэнта? Таму што яны страцілі веру ў тых, хто працуе ніжэй. Над гэтым ужо позна думаць, трэба тэрмінова выпраўляць сытуацыю.

Я мог бы прывесьці дзясяткі прыкладаў, калі людзі шукаюць найменшую магчымасьць дагрукацца да прэзыдэнта, прычым ня бедныя людзі, зь мільённымі інвэстыцыямі, гатовыя ўкладаць сродкі. А мы па 4-5 гадоў валакіцім гэтыя праекты. А чаго мы баімся, калі чалавек ідзе ў нашу краіну ўкладаць грошы, уласныя грошы, ён жа ў нас іх ня просіць! Ён, значыць, рызыкуе. Дайце яму свабоду, разьвяжыце яму рукі. І ня толькі замежнікам, але і ўласным, айчынным. Больш за тое, іх трэба падтрымліваць, а не адштурхоўваць ад сябе.

Папярэджваю, што любы сыгнал пра невырашэньне таго альбо іншага пытаньня па інвэстарах будзе ўспрымацца мною як сабатаж».


Хто стаміўся — звальняйцеся


Лукашэнка даручыў да 1 ліпеня распрацаваць праграму разьвіцьця краіны на наступную пяцігодку з тым, каб дакумэнт быў ухвалены на Ўсебеларускім сходзе:

«Новую праграму будуць выконваць іншыя людзі, калі цяперашні склад ураду не пакажа, што ён здольны яе выканаць».


«На складах прадукцыі на 6 трыльёнаў рублёў»


Лукашэнка заявіў, што стадыю рэцэсіі Беларусь прайшла, і пачаўся уздым эканомікі. Аднак разам з гэтым ён назваў працу і ўраду і Нацбанку ў крызісных умовах нездавальняючай.

«Застаюцца звышнарматыўныя запасы гатовай прадукцыі. На 6 трыльёнаў рублёў гатовай прадукцыі назапашана ў сховішчах».

Лукашэнка папрасіў падрыхтавацца чыноўнікаў, якія адказвюць за разгрузку складоў, да адказу за свае дзеяньні.


Абяцае лібэралізацыю па дырэктыве


Штогадовае пасланьне Аляксандар Лукашэнка пачаў з агляду эканамічных праблем. Сярод іншага ён заявіў, што насьпела патрэба прыняцьця «дырэктывы нумар чатыры аб далейшай лібэралізацыі эканомікі».

Лукашэнка заклікаў больш актыўна выкарыстоўваць аднаўляныя крыніцы энэргіі і дывэрсіфікаваць пастаўкі энэргарэсурсаў:

«У наступным годзе і пяцігодцы энэргетычная стратэгія стане асноўным кірункам дзейнасьці ўсіх органаў улады — гэта галоўны фактар забесьпячэньня сувэрэнітэту Беларусі».



Пасланьне-2009: Лукашэнка: апазыцыя — ворагі народу. Апрача Мілінкевіча

Пасланьне-2008: «Трэба адмучыцца гэтую пяцігодку»

Пасланьне-2007: Альтэрнатывы дачыненьням з Расеяй не існуе
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG