Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выступаў як апазыцыянэр


Сёньня Аляксандар Лукашэнка выступіў у Нацыянальным сходзе са штогадовым пасланьнем. 3-гадзінны выступ трансьляваўся ў наўпроставым эфіры ўсіх агульнанацыянальных тэлеканалаў і радыё. Галоўнай навіной сталася заява пра тое, што зрынуты прэзыдэнт Бакіеў зь сям’ёй знаходзіцца ў Менску.


Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньні дэпутатаў, паведаміў, што ў Менск паводле ягонага даручэньня была дастаўленая сям’я Курбанбека Бакіева — усяго чатыры чалавекі, зараз зь імі працуюць лекары:

«У панядзелак я даручыў адпаведным службам, каб арганізавалі перапраўку Бакіева ў Менск, паводле ягонай просьбы. Ён пра гэта прасіў, і не адзін раз.

І хоць тут быў закрыты аэрапорт — гэта вашыя, кажу праблемы, вы вайсковыя людзі, — каб Бакіеў быў у Менску. Ноччу ў панядзелак ён быў у Менску. Яго сям’я зараз знаходзіцца ў нас пад абаронай нашай дзяржавы і асабіста вашага прэзыдэнта».

Лукашэнка пры гэтым заявіў, што лічыць Бакіева прэзыдэнтам Кіргізстану, а таксама даручыў даслаць народу Кіргізстану гуманітарную дапамогу.

Што да самога пасланьня, то варта зазначыць, што першую гадзіну Аляксандар Лукашэнка фактычна выступаў як апазыцыянэр, жорстка крытыкаваў неэфэктыўную, на ягоную думку, эканамічную палітыку ўраду, Нацбанку, мясцовых уладаў, грувасткую падатковую сыстэму, заступаўся за замежных інвэстараў і беларускіх прадпрымальнікаў, якія «стогнуць» пад цяжарам бюракратычнай сыстэмы. Аляксандар Лукашэнка ў сувязі з гэтым паўтарыў тэзіс пра неабходнасьць вывесьці Беларусь у трыццатку краін сьвету з найлепшымі ўмовамі для вядзеньня бізнэсу і абяцаў падпісаць дырэктыву наконт лібэралізацыі эканомікі.

«Зь неразваротлівасьцю і бюракратызмам трэба завяршаць. І ніхто іншы, як кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта, за гэта адказвае. І час, Уладзімер Уладзімеравіч, насьпеў несьці за гэта адказнасьць».

Паводле Лукашэнкі, на складах беларускіх прадпрыемстваў ляжыць нерэалізаванай прадукцыі на 6 трыльёнаў рублёў. Аднак пры гэтым да посьпехаў мінулага крызіснага году Лукашэнка аднёс рост ВУП.

У другой палове пасланьня асноўным аб’ектам крытыкі стала кіраўніцтва Расеі.

«Расейскае кіраўніцтва рашуча ўзяло курс на так званую „прагматызацыю“ адносінаў з нашай краінай і ня толькі, перавод іх выключна на так званыя „рыначныя прынцыпы“, так званыя „рыначныя“. Прычым часта не клясычныя і ўсім зразумелыя, а прыдуманыя ў аднабаковым парадку. Мы сутыкнуліся з плянамернымі дзеяньнямі, якія паставілі пад пытаньне выжывальнасьць нашай дзяржавы. Уведзены практычна забаронныя пошліны на нафту і нафтапрадукты. Нас пасьлядоўна выціскаюць з расейскага рынку, спрабуюць ізаляваць ад транзытных эўразійскіх маршрутаў».

Вінаватымі ў такім курсе Расеі Аляксандар Лукашэнка назваў алігархічныя групы, якія хочуць адарваць кавалак беларускай уласнасьці.

У складаных эканамічных умовах Аляксанадр Лукашэнка вымушаны быў дзякаваць не «братэрскай Расеі», а, як ён зазначыў, сваім «ворагам» у двукосьсі: МВФ, Эўропе, Захаду. Пры гэтым прызнаў, што новага крэдыту ад МВФ Беларусь прасіць не зьбіраецца.

Яшчэ адным аб’ектам крытыкі Аляксандра Лукашэнкі была беларуская апазыцыя. Ён некалькі разоў паўтарыў, што не дапусьціць у Беларусі паўтору кіргіскіх падзеяў:

«Сёньня раніцай я паглядзеў агляды газэт: „Лукашэнка робіць такія заявы, таму што баіцца“. Каго? Каго баяцца? „Атрэб’я“, якое сёньня зарабляе на Захадзе, ім кінуць якуюсьці капейчыну, і ў той жа час ня грэбуюць зусім іншую палітыку праводзіць, зарабляючы ў Расеі. Дык мы ведаем, колькі зарабляюць, хто дае, хто прывозіць».

Лукашэнка заклікаў Захад не рабіць крытэрам для ўзаемных адносінаў выбары ў мясцовыя саветы, а пазьней — прэзыдэнцкія. Ён заявіў, што не пагодзіцца на прысутнасьць ад Беларусі ў праграме «Эўранэст» апазыцыянэраў і што разьлічвае на двухбаковую нармалізацыю адносін з ЗША.

Закранаючы пытаньні беларускай мовы і культуры, Аляксандар Лукашэнка паўтарыў свае ранейшыя тэзісы пра тое, што творцам трэба пераходзіць на самаакупнасьць і што прымусовай беларусізацыі ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG