Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Батура ўзначаліў афіцыйную дэлегацыю?


Барыс Батура
Барыс Батура
Афіцыйную дэлегацыю на пахаваньні прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага ўзначаліць старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Барыс Батура.

Да прыкладу, Расея, Украіна, Літва й іншыя краіны будуць прадстаўленыя на жалобных мерапрыемствах у Варшаве на ўзроўні прэзыдэнтаў. Чаму дэлегацыю афіцыйнага Менску ўзначальвае Барыс Батура? Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных патлумачыў:

«Я зьдзіўлены вашым пытаньнем. Кіраўніком дэлегацый зьяўляецца другая ці трэцяя асоба ў дзяржаве. Калі ўлічыць, што Барыс Батура зьяўляецца кіраўніком парлямэнту, які ва ўсіх краінах зьяўляецца галоўным інстытутам народаўладзьдзя, то вашае пытаньне ўяўляецца некалькі недарэчным».

Паводле спадара Савіных, дэлегацыя будзе невялікая. На пытаньне, чаму дэлегацыю не ўзначаліў Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік прэзыдэнцкай прэс-службы Павал Лёгкі сказаў, што на гэтае пытаньне «адкажа сам кіраўнік краіны, калі будзе такая нагода».

Карэспандэнт: «Дык ён не зьбіраецца ўсё ж такі ехаць?»

Лёгкі: «Я знаёмы толькі з рашэньнем накіраваць туды дэлегацыю на чале з Барысам Батурам. А чаму? Гэта ўжо пытаньне не да мяне».

Ці можа гэта быць зьвязана з тым, што Барыс Батура па нацыянальнасьці паляк? У аддзеле кадраў Савету рэспублікі сказалі, што нацыянальнасьць у дакумэнтах не пазначаецца. Памочнік Іван Казлоў мяркуе, што спадар Батура ўсё ж беларус:

«Мабыць, у яго нейкія польскія карані маюцца, нацыянальнасьці ў пашпарце няма. Наколькі мне вядома, ён беларус. Нарадзіўся ў Ваўкавыску, у Гарадзенскай вобласьці».

Станіслаў Сямашка
Кіраўнік афіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Станіслаў Сямашка паведаміў, што яго арганізацыя накіравала запыт у канцылярыю польскага прэм’ера Туска адносна ўдзелу ў пахаваньні, аднак «пацьвярджэньня пакуль не паступіла».

Нагадаем, што польскія ўлады ўвялі візавыя абмежаваньні для тых, хто спрычыніўся да рэпрэсій супраць Саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс.

Прэсавы сакратар амбасады Польшчы Павал Марчук сказаў, што яму невядома, хто канкрэтна знаходзіцца ў сьпісе асобаў, непажаданых у Польшчы.

«Па ўсёй верагоднасьці, усё ж такі ўся гэтая група, прозьвішчы ўсіх сяброў Саюзу палякаў спадара Сямашкі, ёсьць у сьпісах».

Польскі бок успрымае Барыса Батуру як старшыню нелегітымнага парлямэнту. Аднак спадар Марчук сказаў:

«Канечне, усе гэтыя забароны ня тычыцца сяброў афіцыйных дзяржаўных дэлегацый. Спадар Батура дакладна ўедзе ў Польшчу. Ніхто ня будзе перашкаджаць яго ўезду і ўдзелу ў пахаваньні прэзыдэнта Польшчы».

Анатоль Лябедзька
Ці магчыма, што спадар Батура ў якасьці жэсту добрай волі можа перадаць польскаму боку так званы «беларускі сьпіс» ахвяраў катынскіх расстрэлаў? Старшыня АГП Анатоль Лябедзька сказаў:

«Мы 15 гадоў чакаем нечага немагчымага ад беларускіх уладаў. Гэта было б моцным крокам, але яны не зрабілі гэта нават унутры сваёй краіны. Лукашэнка на гэта ня здольны, а ўсе астатнія ня могуць. Я на сёньня выключаю дэманстрацыю добрай волі. У нас адзін чалавек, адно рашэньне».

Сёньня ж у менскай сядзібе БНФ сябры БХД ладзяць дэманстрацыю фільму «Катынь» на беларускай мове, хаця гэты ж фільм 18 і 23 красавіка мяркуе паказаць Першы канал беларускага тэлебачаньня. Адзін з сузаснавальнікаў БХД Віталь Рымашэўскі сказаў:

«Гэта, фактычна, як адказ на тое, што беларускія ўлады не паказалі фільм „Катынь“, які трансьляваўся. Але пазьней постфактум мы даведаліся, што ўсё ж 23-га будзе паказаны гэты фільм па БТ, але ня ў зручны час. Таму ўсе ахвотныя сёньня могуць прагледзець, і я думаю, што гэта не апошні прагляд».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG