Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўладныя кандыдаты не сустракаюцца з выбарцамі


Ніводнай сустрэчы з выбарцамі ў сваёй акрузе не правёў яшчэ дзейны на сёньня старшыня Гарадзенскага абласнога савету Аркадзь Карпуць. У райцэнтры Масты, што таксама на Гарадзеншчыне, чыноўнікі абмяжоўваюць агітацыйную кампанію дэмакратычных кандыдатаў.


На Гомельшчыне сябра акруговай камісіі выявіла парушэньні выбарчага заканадаўства праўладным кандыдатам.

Падрабязнасьці наконт пералічаных фактаў удакладнялі сёньня рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Нават у выбарчай камісіі ня кажуць, ці арыштаваны Аркадзь Карпуць»

На Гарадзеншчыне некаторыя кандыдаты ў дэпутаты ад улады ўхіляюцца ад сустрэчаў з выбарцамі.

Алег Рамашкевіч
У Бераставіцы кандыдат у дэпутаты Гарадзенскага абласнога савету Алег Рамашкевіч сёньня зноў цікавіўся, ці прымае ўдзел у выбарчай кампаніі дзейны старшыня Гарадзенскага аблсавету Аркадзь Карпуць. Ён зарэгістраваны кандыдатам, але з выбарцамі не сустракаецца.

Гэтае пытаньне Алег Рамашкевіч задаў у сувязі са шматлікімі чуткамі пра арышт Карпуця. Вось што адказаў Рамашкевічу старшыня камісіі.

Рамашкевіч: «Старшыня камісіі, спадар Апон, сказаў: ці зьняў ён кандыдатуру, ці не — чытайце „Гродзенскую праўду“, там усё будзе напісана. Тады я запытаўся — дзе ён і што зь ім. А адказалі — мы ня ведаем».

Разам са спадаром Рамашкевічам балятуецца яшчэ дзейны старшыня райсавету і начальнік мясцовых электрасетак. Але ад іх у раёне, са слоў Алега Рамашкевіча, няма ніводнай улёткі.

На загад ЦВК у райцэнтры Масты дадалі месцы для агітацыі, аднак усе яны — бязьлюдныя

Зьміцер Кухлей
У Мастоўскім раёне кандыдат у дэпутаты абласнога савету Зьміцер Кухлей паскардзіўся ў ЦВК на тое, што ў раёне на час выбарчай кампаніі ўлады вызначылі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў толькі два месцы.

Скаргу ягоную разгледзелі, і цяпер у раённай газэце апублікавалі сьпіс 22 месцаў, дзе могуць весьці агітацыю кандыдаты ў дэпутаты. Вось што наконт гэтага сказаў нашаму радыё Зьміцер Кухлей.

Кухлей: «Яны вызначылі месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, пікетаў, але ўсе яны нялюдныя. Мы спрабавалі правесьці там пікеты, але людзі туды не ідуць, бо там яны наагул ніколі ня ходзяць».

Зьміцер Кухлей кажа, што надалей выбарчую кампанію застаецца праводзіць толькі такім чынам, каб хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй.

Дзе разьмясьціць улёткі кандыдатам?

На Гарадзеншчыне ў мясцовых выбарах удзельнічаюць 13 прыхільнікаў незарэгістраванай партыі БХД. Яны балятуюцца ў абласны, раённыя і сельскія саветы.

З сытуацыяй знаёміць кіраўнік Гарадзенскай абласной структуры партыі БХД Мікола Баўсюк:

«У Ваўкавыску балятуецца ў абласны савет наш кандыдат, там усяго чатыры акругі. У трох акругах яны паставілі па адным сваім чалавеку балятавацца. А ў той акрузе — 20-й Кастрычніцкай, — дзе наш кандыдат, там яшчэ два канкурэнты. Андрэй Кавальчук там наш».

Мікола Баўсюк называе яшчэ некалькі прозьвішчаў:

«У Сьвіслацкім раёне ў сельскі савет у Дабраволі вылучана Валянціна Пяцельчыц. У Лідзе Вадзім Бароўскі балятуецца адначасова ў раённы і ў абласны саветы. У Мастах шэсьць нашых чалавек вылучыліся — адзін зь іх у сельскі савет, астатнія — у раённы савет. Зьміцер Кухлей — у раённы і ў абласны».

Былі сутычкі, калі мне давялося выклікаць міліцыю.
Актыўна паводзіцца ў агітацыйнай кампаніі Барыс Кучынскі ў Слоніме, які балятуецца ў Гарадзенскі абласны і ў Слонімскі раённы саветы.

Кучынскі: «У мяне Фабрычная акруга № 54 і Заходняя акруга № 8, гэта — у райсавет. У Фабрычнай канкурэнты мае Анатоль Жук, дырэктар мэблевай фабрыкі, і Міхаіл Караткевіч, які прадстаўляе партыю «Справядлівы сьвет».

Барыс Кучынскі ў час выбарчай кампаніі ўжо атрымаў такі досьвед:

«Падчас агітацыі мы сутыкнуліся з такой справай: не выконваецца рашэньне райвыканкаму, якім былі выдзеленыя месцы, дзе мы можам разьвешваць свае агітацыйныя матэрыялы. Гэта — гандлёвыя прадпрыемствы, бальніцы, вакзалы, банкі і рэклямныя тумбы. Былі сутычкі, мне давялося выклікаць міліцыю, бо забаранялі разьвешваць агітацыйныя матэрыялы. Міліцыянты склалі пратаколы і заведзена справа. У краме „Капрыз“ дырэктар сам сарваў мой агітацыйны плякат. Я напісаў заяву ў выбарчую камісію, яна разглядаецца».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Сябра камісіі Быхаўскай выбарчай акругі № 13 дамагаецца адмены рэгістрацыі праўладнага кандыдата

Зінаіда Шуміліна
Гомельская актывістка АГП, сябра камісіі Быхаўскай выбарчай акругі № 13 Зінаіда Шуміліна дамагаецца адмены рэгістрацыі праўладнага кандыдата ў дэпутаты аблсавету Аляксандара Ўкраінца.

Зінаіда Шуміліна: «Сакратар дала мне два дні на праверку сапраўднасьці сабраных ім подпісаў. Пры гэтым яна не сказала, што хтосьці са мною яшчэ пойдзе на праверку. Проста сказала: «Зінаіда Іванаўна, правярайце».

Спадарыня Шуміліна выявіла 25 працэнтаў фальшаваных подпісаў і зьвярнулася ў Гомельскую абласную выбарчую камісію — патрабавала адмяніць рашэньне акруговай камісіі на рэгістрацыю спадара Ўкраінца кандыдатам у дэпутаты.

Намесьнік старшыні абласной камісіі Аляксандар Усаў у адказе не выключаў, што пры зборы подпісаў маглі быць асобныя парушэньні. Аднак рэгістрацыю не адмянялі, паколькі, як сказана, у «афіцыйна правераных падпісных лістах верхні парог дапушчальнага працэнтнага паказьніка несапраўдных подпісаў не парушаны».

Такая выснова, аднак, не спыніла Зінаіду Шуміліну. Яна накіравала заяву ў Цэнтравыбаркам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG