Ён вяртаўся зь Вільні дахаты ў Масты, на мяжу прыехаў у нядзелю ў 17.20, але на КПП “Беняконі” афіцэр памежнай службы Сяргей Карабач сказаў, што пячатка польскага консульства на візе ў ягоным пашпарце выклікала нейкія сумненьні.
Алесь Зарэмбюк лічыць, што здарэньне — чарговае зьвяно ў ланцугу ціску з боку спэцслужбаў на яго як на кандыдата. У яго забралі фотаапарат, патлумачыўшы, што гэта робіцца “па даручэньні праваахоўных органаў”.
Разам з А.Зарэмбюком ехалі ягоныя калегі па навучаньні ў Вільні ў ЭГУ, дзе ён піша магістарскую працу. У аднаго зь іх, Андрэя Цалко, мытнікі забралі ноўтбук. Кіраваў мытнікамі старшы інспэктар мытнай службы Павал Адаміцкі.
На КПП “Беняконі” службоўцы таксама агледзелі машыну А.Зарэмбюка. Яны шукалі носьбіты інфармацыі і ўлёткі, кажа ён. Кандыдат у дэпутаты зазначае, што вымушаны быў пакінуць запісы ў кнігах скаргаў мытнай і памежнай службаў.