СЛУХАЦЬ:
Соўсь: Чаму вас высылаюць з Беларусі? Як вам аргумэнтавалі беларускія ўлады прычыны высланьня зь Беларусі?
Паўль: Калі нас першы раз выклікалі ў міліцыю, нас вінавацілі ў тым, што мы наведалі унівэрсытэт імя Куляшова ў Магілёве і яшчэ адну школу ў гэтым горадзе. Пазьней абвінавачаньне зьмянілася: нам сказалі, што мы не жывем па адрасе сваёй рэгістрацыі, што нас пакараюць за гэта. З самага пачатку нам пагражалі і гаварылі, што вышлюць з краіны. Нам закідалі, што мы займаемся палітыкаю, што абмяркоўваем палітычныя тэмы, гаворым зь дзецьмі ў школе...
Соўсь: А пра што вы гаварылі зь дзецьмі ў школе, з студэнтамі ва ўнівэрсытэце? Чаму прыходзілі туды?
Паўль: Ва ўнівэрсытэт мы хадзілі 5 – 6 разоў і там прысутнічалі на занятках зь нямецкай мовы. Гэта ўсё было на запрашэньне выкладчыкаў. І там на занятках мы расказвалі пра сябе, пра нашую працу ў Магілёве, пра Нямеччыну, пра тое, адкуль мы. Пасьля мы хадзілі ў школу, у якой праходзілі практыку. І там пазнаёміліся з школьнікамі – ім было таксама вельмі цікава з намі кантактаваць. Яны пыталіся ў нас, адкуль мы, якое жыцьцё ў нас у Нямеччыне, ці ёсьць у нас тэлевізар, які ў нас любімы колер. Вось такія больш дзіцячыя пытаньні задавалі...
Соўсь: Вы працуеце валянтэркай у арганізацыі, якая дапамагае дзецям-інвалідам...
Паўль: Ужо не працую, бо еду дадому, у Нямеччыну. Я хацела яшчэ застацца ў Магілёве, прынамсі на адзін месяц: да 30 красавіка ў мяне была адкрытая віза. Я прыехала сюды ў Беларусь на валянтэрскую працу. Дапамагала інвалідам, працавала зь дзецьмі дашкольнага веку, вывучала зь імі ангельскую і нямецкую мовы.
Соўсь: Гэта вашая першая паездка ў Беларусь была?
Паўль: Не, ня першая – другая. Першая паездка была ў Магілёў на экскурсію. Я сама зь Вітэнбэргу, ён з Магілёвам гарады-пабрацімы. Тады, першы раз, я была ў Магілёве ў складзе групы 5 дзён, а цяпер другі раз я прыехала сюды валянтэркаю.
Соўсь: Як вы ацэньваеце тое, што вас цяпер высылаюць, і чамусьці гавораць, што гэта з палітычных прычынаў?
Паўль: Я не чакала, што такое можа здарыцца ў Беларусі. Я лічу, гэта зусім несправядліва, бо я сюды прыехала добраахвотна, працавала без зарплаты ў грамадзкай арганізацыі, дапамагала інвалідам. Гэта тое, што, я лічу, вельмі патрэбна ў гэтай краіне. бо да інвалідаў далёка ня ўсе ставяцца тут добра. У Нямеччыне ўсё гэта трохі па-іншаму. Я лічу, што гэта вельмі значная, важная праца. Складаецца ўражаньне, што тут, у Беларусі, гэта ня вельмі цэніцца, раз высылаюць мяне з краіны зь незразумелых прычынаў.
Соўсь: Пасьля такой непрыемнай гісторыі, што здарылася, ці хацелі б вы прыехаць у Беларусь яшчэ раз?
Паўль: Так, хацела б. Я знайшла ў Беларусі сяброў, пазнаёмілася зь цікавымі людзьмі, правяла тут вельмі добра. Гэта быў для мяне вельмі каштоўны час, я яго ніколі не забуду. Так што адназначна хацела б вярнуцца.