Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Sex.com: морква супраць кумпяка



Тое, што назвы сайтаў маюць вялікую каштоўнасьць, вядома ўсім. Дамэнныя імёны зараз купляюцца загадзя, як толькі зьяўляецца нейкая новая зона першага ўзроўню. Укладаньне ў дамэннае імя можна параўнаць хіба што з укладаньнем у творы мастацтва, кошт якіх з часам ня падае, а наадварот шалёна расьце. Самымі дарагімі дамэнамі лічацца кароткія і лёгка пазнавальныя назвы з самай вядомай і найбольш папулярнай зоны .COM. Кошты тут вымяраюцца дзясяткамі, а то й сотнямі мільёнаў даляраў. Як і карціны славутых мастакоў яны прадаюцца рэдка і звычайна тым, хто за іх паболей дасьць – на аўкцыёнах.

І вось днямі на продаж патрапіў самы сэксі дамэн – Sex.com. Хай бы сабе прадаваўся, што тут такога, але ж інтрыга ў тым, каму найбольш яго карціць набыць, і паміж кім ідзе змаганьне. Прычым, выглядае, змаганьне настолькі зацятае, што аўкцыён быў часовы прыпынены. Што там здарылася, чаму продаж прыпынены, ня так істотна. Я мяркую, што ні ў мяне, ні ў маіх шаноўных чытачоў наўрад ці будзе вольны мільён даляраў (першапачатковая аўкцыйная стаўка), каб паспрабаваць шчасьця ды набыць кавалачак сэксі-дамэну.

Цікава тут тое, што асноўнымі канкурэнтамі за валоданьне Sex.com сталіся нават ня розныя плэйбоі ды фатографы-парнографы, а далёкія ад порна-індустрыі змагары за правы жывёлаў. Прычым, змагары як за правы жывёлаў ня быць ежай, так і за права жывёлаў на месца на патэльні. Гутарка ідзе пра арганізацыю “Людзі за этычнае абыходжаньне з жывёламі” (PETA) і мясакамбінат з Каліфорніі BullWhip Meat Co. Абаронцы жывёлаў зь нядаўняга часу вельмі актыўна эксплюатуюць тэму сэксу ў прапагандзе вэгэтарыянства. Асноўны аргумэнт у іх – мяса шкодзіць сэксуальнаму жыцьцю. Ну, а гуркі ды морква з капустай – наадварот, спрыяюць.



А каб наглядная агітацыя была больш пераканаўчай, то да справы абароны кароваў ды парсюкоў ад ролі біфштэксу ці катлеціны PETA прыцягвае вельмі сэксі мадэлек ды акторак. Кшталту Трэйсі Брынгам, размаляванай на ўзор інструкцыі для разьдзелкі тушаў зь ліку тых, што вісяць у мясных крамах.



Што ж, мяркуючы па ўсім, PETA мае ўсе падставы валодаць дамэнам Sex.com. Але вось якім бокам да сэксу апынуліся мясьнікі, загадка. Пэўна ёсьць у іх нейкі схаваны туз у рукаве, ці, дакладней, у мясьніцкім фартуху. Мо пра шкоду сэксу?




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG