Напярэдадні суду даў паказаньні Валер Паўтаран, які працаваў у фірме “Ніка-транс” Мікалая Аўтуховіча ў сярэдзіне 2000-ых гадоў.
Нагадаем, паводле падсуднага Мікалая Аўтуховіча абвінавачаньне супроць яго заснаванае ў асноўным “на паказаньнях двух завэрбаваных чалавек – Ларына і Паўтарана”.
Валер Паўтаран паведаміў пра некалькі злачынных эпізодаў, сьведкам якіх нібыта быў. Ён нібыта прысутнічаў пры тым, як Аўтуховіч прапаноўваў падпаліць дом начальніка ваўкавыскай міліцыі Кацубы, а таксама нібыта бачыў сьпіс чыноўнікаў, на якіх разглядалася магчымасьць зрабіць тэракт, у тым ліку у сьпісе быў былы старшыня гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімер Саўчанка.
Паводле сьведкі Паўтарана, Аўтуховіч вёў размовы пра набыцьцё ў Літве двух гранатамётаў “Аса”, а ў 2005 годзе у фірму “Ніка-транс” прывезьлі 7 аўтаматаў Калашнікава і 2 снайпэрскія вінтоўкі і сам сьведка гэтую зброю нібыта выгружаў.
Паводле праваабаронцы Алег Воўчака, калі Паўтарану задаваў пытаньні Аўтуховіч, выявілася шмат супярэчнасьцяў у паказаньнях сьведкі. Мікалай Аўтуховіч заявіў, што Паўтаран працаваў рознарабочым і ня мог прысутнічаць на пасяджэньнях кіраўніцтва фірмы, на якіх ён нібыта быў.
Таксама Аўтуховіч абверг зьвесткі сьведкі пра час, калі ён працаваў на фірме. Шмат ня якія ўдакладняючыя пытаньні сьведка адказваў “ня ведаю” ці “гэта сьледчы недакладна запісаў”. На пытаньне, за што ён быў судзімы, Валер Паўтаран не адказаў. Мікалай Аўтуховіч назваў прыдумкай словы сьведкі Паўтарана пра зброю, якую ён нібыта бачыў у фірме Аўтуховіча.
Допыт сьведак працягваецца.