Сёньня разглядаецца эпізод пра боепрыпасы, якія былі знойдзеныя ў Мікалая Аўтуховіча.
У 2004 годзе Мікалай Аўтуховіч набыў у Літве карабін “Манліхер”, на які меў дазвол на захоўваньне. Потым былі некалькі арыштаў, і ўрэшце ў 2007 годзе, калі падсудны адбываў пакараньне, карабін у яго забралі.
Папярэдне Мікалай Аўтуховіч напісаў паперу, згодна зь якой перадаў гэты карабін іншаму чалавеку — Юр'ю Кашко. Але, відаць, у Аўтуховіча засталіся ад яго боепрыпасы, і яны нібыта былі знойдзены ў ягоным доме.
На судзе Мікалай Аўтуховіч заявіў, што яго прымушалі здаць карабін, хаця ён меў дазвол на яго захоўваньне, і потым ён пагадзіўся і напісаў паперу аб перадачы яго. Але пры вобшуку ён не прысутнічаў, а міліцыянты, якія абшуквалі яго кватэру, не змаглі адчыніць сэйф, дзе былі карабін і патроны. Таму ён ня ведае дакладна, што тады адбывалася і чаму патроны засталіся ў яго, а не былі перададзеныя таму чалавеку.
Таксама пачалі дапытваць сьведку па эпізодзе аб падпале Натальлю Іконьнікаву. Яна жыла разам з жыхаром Ваўкавыску Юр'ем Арцюкевічам, які абвінавачаны ў падпале дома былога начальніка ваўкавыскай міліцыі Кацубы, а таксама гаража і аўтамабіля падатковага інспэктара з Ваўкавыску. Арцюкевіч прызнаўся, што падпальваў і зараз адбывае пакараньне. А Натальля Іконьнікава сказала, што нехта замовіў гэты падпал Арцюкевічу і яму заплацілі за гэта 300 даляраў. Яна паказала, што Арцюкевіч ведаў Аўтуховіча і нават прыходзіўся яму нейкім сваяком.